Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 5 тысяч жанчын штогод становяцца ахвярамі “забойстваў гонару”


Юры Дракахруст, Менск Паводле падлікаў ААН, штогод каля 5 тысячаў жанчынаў штогод робяцца ахвярамі так званых “забойстваў гонару”. Дзяўчына сустракаецца з хлопцам. Жанчына патрабуе разводу. Дзяўчына адмаўляецца браць шлюб з тым, каго выбралі бацькі. У грамадзтвах з жорсткімі культурнымі забаронамі гэта разглядаецца як ганьба сям’і, ганьба, якая змываецца толькі кроўю.

“Забойствы гонару” здараюцца ва ўсім сьвеце: ад Бразыліі да Эгіпту, ад Пакістану да Ўганды. Апошнім часам у сувязі з ростам іміграцыі яны ўсё часьцей адбываюцца ў Эўропе.

Турчанка Хатун Суруку вырасла ў Нямеччыне, у 15 гадоў бацькі адправілі яе ў Турэччыны, дзе зладзілі яе шлюб са стрыечным братам. Праз два гады жанчына разьвялася, вярнулася ў Нямеччыну, пачала сустракацца зь іншымі мужчынамі. У мінулым месяцы Суруку была застрэленая. Тры галоўныя падазраваныя ў забойстве – яе родныя браты.

Гаворыць Рэшэль Вольц, актывістка нямецкай праваабарончай арганізацыі “Зямля жанчынаў”.

(Вольц: ) “Грамадзтва было ўзрушанае, хаця гэта і ня першы выпадак такога кшталту. Аднак самай шакуючай была рэакцыя некаторых школьнікаў, якія сказалі сваім настаўнікам, што пагаджаюцца з братамі, якія забілі Суруку”.

Суруку стала пятай турчанкай, забітай у апошнія месяцы ў Нямеччыне, у забойстве якой падазраюцца родныя. Гэты выпадак стаў падставай для дыскусіі, у якой ступені грамадзтва павінна праяўляць цярпімасьць да культурных асаблівасьцяў імігрантаў і ці варта талераваць дыскрымінацыю і наўпроставы гвалт над жанчынай, хай сабе і “культурна асьвечаны”.

У Швэцыі такі ж гучны рэзананс выклікала тры гады таму забойства курдзкай дзяўчыны Фадзімы Сахіндал. Яна мела інтымныя адносіны са швэдзкім хлопцам і была забітая сваім бацькам.

Пасьля гэтай гісторыі швэдзкі ўрад істотна пашырыў фінансаваньне прытулкаў для дзяўчынаў, якім пагражае падобны гвалт у сям’і.

У лёнданскай паліцыі сфармаваны адмысловы аддзел для барацьбы з “забойствамі гонару”, зараз супрацоўнікі аддзелу дасьледуюць каля 100 забойстваў, якія магчыма належаць да гэтай катэгорыі.

“Забойствы гонару” здараюцца і ў не мусульманскіх краінах, такіх скажам, як Эквадор ці Індыя. У Эўропе гэткія выпадкі ўмацоўваюць забабоны супраць імігрантаў і супраць ісламу.

Прадстаўнікі ісламскіх краінаў мяркуюць, што вера тут ні пры чым. Гаворыць Турайя Шабагранг – намесьнік міністра ў справах жанчынаў Аўганістану.

(Шабагранг: ) “Гэта – недарэчнае разуменьне ісламу. Нідзе ані ў Каране, ані ў выказваньнях прарока Мухамеда не гаворыцца, што трэба забіваць дачку, якая ня хоча браць шлюб з 70-гадавым ці 50-гадовым. Усё гэта – спараджэньне нашага грамадзтва”.
XS
SM
MD
LG