Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошняе слова Каліноўскага


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 6 сакавіка 2005 году) Новая перадача сэрыі “Вострая брама”.

У такі самы дзень раньняе вясны 10 сакавіка 1864 году ў Вільні на Лукіскім пляцы быў публічна павешаны кіраўнік антырасейскага паўстаньня ў Беларусі і Літве 26-гадовы Кастусь Каліноўскі. Нехта Аляксандар Масалаў, чыноўнік канцылярыі тагачаснага кіраўніка Паўночна-Заходняга краю генэрал-губэрнатара Мураўёва, які прысутнічаў пры экзэкуцыі, занатаваў:

“Была ясная халодная раніца; Каліноўскі ішоў на пакараньне сьмела; прыйшоўшы на плошчу, ён стаў проста тварам да шыбеніцы і толькі час ад часу кідаў позіркі ў далёкі натоўп. Калі яму чыталі канфірмацыю, ён пачаў быў рабіць заўвагі; так, напрыклад, калі назвалі ягонае імя – дваранін Вікенці Каліноўскі, ён усклікнуў: “У нас няма дваран, усе роўныя!” Паліцмайстар паківаў яму галавой і папрасіў змоўкнуць. Ня стану апісваць падрабязнасьці гэтага сумнага відовішча, падобных да якога ня дай Бог калі-небудзь яшчэ пабачыць”.

Апошнія словы Кастуся Каліноўскага, ягонае крэда, сталі адным з улюбёных мітаў беларускай сьвядомасьці і шматкроць паўтараліся ва ўспамінах сьведкаў, на розныя лады перапяваліся паэтамі, як сымбаль няскоранасьці асуджанага на сьмерць змагара. Напэўна, у такія хвіліны больш важна ня тое, што менавіта прамаўляецца, а як і ў якім кантэксьце. Гэта найбольш узрушвае. Раптоўнае пярэчаньне пасярод манатоннага рытуалу, нібы апошні выклік ўсёй гэтай карнай машыне акупацыйнага рэжыму. У такой сытуацыі задумляцца над зьместам прамоўленага быццам і не выпадае. Тым больш, што фраза “У нас няма дваран, усе роўныя”, на першы погляд, дэкляруе якраз не супраціў, не высакародзтва, не арыстакратызм духу, а цалкам адваротнае – нівэліроўку ўсіх і ўся ў нейкай абстрактнай роўнасьці. Маўляў, тут нішто не ўзвышаецца, не вытыркаецца, не стаіць. Тут суцэльны штыль і спакой, суцэльная роўнядзь. А ў выніку зьяўляецца зьедлівы камэнтар яшчэ аднаго сьведкі падзеяў, раўніўца мураўёўшчыны, які, гаворачы пра сувязь паняткаў “дваранін” і “інтэлігент” у расейскай традыцыі, іранізуе:

“Настолькі неінтэлігентны быў Каліноўскі, што нават пасьпяшаўся вырачыся свайго дваранства. Так яно, вядома, прасьцей. Бо так – ніякай адказнасьці перад гісторыяй і будучыняй свайго народу. Што значыць – двараніна павесілі? Гэта быццам бы сам народ павесілі. А бязроднага хама вешаюць непрыкметна, як ката”.

Аглабельныя характарыстыкі яўных няпрыяцеляў не задавальняюць гэтаксама, як і патасныя тлумачэньні апошніх словаў героя са спасылкамі на народніцтва ды сацыялістычныя матывы. Урэшце мы ведаем, што і сам Каліноўскі быў шляхтай і паўстаньне ягонае было шляхецкім. Натуральна, што ён усяляк імкнуўся прыцягнуць да паўстаньня сялян і таму бэсьціў шляхту, што ў ягоным выпадку было сымбіёзам цьвярозага разьліку і юначага рэвалюцыянізму. Тым ня менш, усё, чаго ён дасягнуў, гэта былі дасягненьні беларускай шляхты і выхадцаў зь яе.

Аднак ня будзем сёньня паглыбляцца ў даволі складаную ідэалёгію таго паўстаньня. Скажам толькі, што спадчына Каліноўскага дагэтуль застаецца нерасчытанаю, непраясьненаю і таму адэкватна неацэненаю. Што, між іншым, дазваляе ягонаму вобразу працягваць сваё змаганьне за ўсё яшчэ недасягнутыя мэты і ўдала пазьбягаць перасьледу зьменлівых дзяржаўных ідэалёгіяў, якія хоць і прызнаюць у Каліноўскім нацыянальнага героя, але неяк нібы неахвоча, крывячыся. Гэтак за савецкім часам ягоным імем называлі вуліцы, але ягоныя тэксты жорстка цэнзуравалі нават у навуковых выданьнях. Гэтак і сёньня ўлада яго быццам бы церпіць, але на ўсякі выпадак скасавала ордэн Каліноўскага, уведзены ў 90-я гады ў якасьці дзяржаўнай узнагароды.

Дзіва што. Узятыя намі дзеля дасьледаваньня апошнія словы змагара каго заўгодна могуць зьбіць з панталыку. Асабліва што да так любаснае савецкаму сэрцу роўнасьці. Але якраз у гэтай самай роўнасьці і хаваецца разгадка апошніх словаў Каліноўскага. Чаму яны, на першы погляд, антывысакародныя і паражэнскія, прагучалі як узор высакародзтва і маральнае перамогі змагара над ягонымі катамі?

Існуюць дзясяткі і сотні тлумачэньняў роўнасьці, якія ўсе, нават узаемавыключныя, гучаць, нібыта пераканаўча, бо гаворка ідзе пра ідэал, а не пра рэальнасьць. У ідэале роўнасьць асацыюецца са справядлівасьцю, а ў рэальнасьці заўсёды набывае выгляд аднолькавасьці, добра знаёмага кожнаму, хто служыў у войску, “единообразия”. Найбольш яскравыя прыклады ажыцьцяўленьня прынцыпу роўнасьці ў нашай гісторыі – гэта шляхецкая дэмакратыя ў сярэднявечнай Беларусі і рэпрэсіўная савецкая “роўнасьць ў жабрацтве”. Сапраўды, па-рознаму зразуметы прынцып роўнасьці на працягу гісторыі быў адначасова і рухавіком цывілізацыі, і яе малохам. Але што меў на ўвазе пад роўнасьцю Каліноўскі?

Паводле пашыранага ўяўленьня роўнасьць – гэта роўнасьць правоў. Прынамсі так тлумачыць сёньня гэты панятак праваабарончая літаратура:

“Роўнасьць – гэта раўнапраўнасьць. Гэта значыць, што ніводзін чалавек не зьяўляецца важнейшым за другога, хто б ні былі ягоныя бацькі, і ў незалежнасьці ад ягонага сацыяльнага становішча. Безумоўна, людзі адрозьніваюцца адзін ад аднога сваімі зацікаўленьнямі, здольнасьцямі і ладам жыцьця. Такім чынам, роўнасьць заключаецца ў наяўнасьці аднолькавых правоў і магчымасьцяў. Людзі павінны мець роўныя магчымасьці, каб мець посьпех у галіне адукацыі ці на працы, у залежнасьці ад прыкладзеных ім намаганьняў. Ідэя роўнасьці увасобіцца толькі тады, калі людзі будуць мець аднолькавыя правы на жыльлё, сацыяльнае забесьпячэньне, грамадзянскія правы і грамадзянства”.

Інакш кажучы, гаворка ідзе не пра нас саміх, нашы здольнасьці, выгляд, рысы характару, а пра нашы аб’ектныя характарыстыкі, пра тое, як права ставіцца да нас, а ня мы да яго. Бо што да суб’ектных рысаў, дык усе людзі ад нараджэньня НЯ роўныя. Дастатковы доказ гэтага – дактыляскапія.

Кожны з нас можа прывесьці масу прыкладаў выроўніваньня няшчаснага людзкога племені на адзін капыл паводле розных утапічных тэорыяў. Тэарэтыкі часьцяком бачылі магчымасьць усталяваньня ўсеагульнай справядлівасьці праз падгонку ўсіх пад аднолькавы выгляд. Але яшчэ ніколі і нікога такім чынам не ўдавалася зрабіць шчасьлівым і ўтапічныя тэорыі непазьбежна цярпелі крах.

У вядомай усім трыядзе “Свабода. Роўнасьць. Братэрства” слова “роўнасьць” таксама, на першы погляд, займае парадаксальнае месца. Чым больш мы роўныя, гэта значыць, выраўненыя адно з адным, тым менш мы свабодныя. Ёсьць і такая думка пра несумяшчальнасьць роўнасьці са свабодай і братэрствам:

“Але, нават калі прыняць дасягальнасьць роўнасьці, яна ўсё адно ня можа нармальна ўжыцца са свабодай і братэрствам. Роўнасьць паглынае свабоду, бо мае на ўвазе абмежаваньні асобы агульным узроўнем. Калі ўсе павінны быць роўныя, дык мая свабода ўзвысіцца над усімі – нерэальная. І тут неістотна, якая роўнасьць маецца на ўвазе: маёмасная ці палітычная. Патрабаваньне раўняцца на ўсіх забівае свабоду. Роўнасьць паглынае братэрства, бо зьнішчае інтымную сувязь братэрства. Калі ўсе людзі браты, калі ўсе людзі роўныя, што для асобнага чалавека ягоны брат? Усяго толькі чарговы сярэдні чалавек, чарговая статыстычная адзінка”.

Паспрабую не пагадзіцца з гэтым меркаваньнем і перачытаць вядомую трыяду па-іншаму. Сапраўды, свабода і братэрства – суб’ектныя характарыстыкі чалавека. Можаш спытаць сябе, наколькі ты свабодны, наколькі ты братэрскі, але спытацца, наколькі ты роўны, нібыта не выпадае. На першы погляд. А калі – на другі? Скажам, наколькі ты роўна стаіш або гаворыш, наколькі роўны ў цябе характар і тэмпэрамэнт?.. Як бачым, і для роўнасьці знайшлася свая суб’ектная характарыстыка. Роўны ня толькі ў параўнаньні зь іншымі, але і сам па сабе.

Колькі стагодзьдзяў наша беднае чалавецтва дэкляравала прынцып роўнасьці, столькі ж і кпіла, насьміхалася, жартавала са спробаў зрабіць усіх роўнымі альбо аднолькавымі. Варта зачэрпнуць толькі малую жменю клясычных афарызмаў, якіх на гэтую тэму створана мноства:

“Роўнасьць існуе толькі ў труне. Роўнасьць магчымая толькі ў матэматыцы. Бог стварыў людзей дужымі і слабымі, а палкоўнік Кольт зрабіў іх роўнымі. Усе людзі роўныя, але некаторыя раўнейшыя за іншых. Усе людзі роўныя, пасьля адпаведнай апрацоўкі. Няхай лепш будуць нешчасьлівыя, чым ня будзе шчасьлівых увогуле, а менавіта так і здарыцца пры ўсеагульнай роўнасьці. Роўнасьці цяжка дасягнуць таму, што мы імкнемся стаць роўнымі толькі з тымі, хто вышэйшы за нас. Роўнасьць магчымасьцяў азначае роўныя магчымасьці для ўсіх стаць няроўнымі. Роўнасьць, якой мы патрабуем – усяго толькі найбольш цярпімая ступень няроўнасьці. Роўнасьць – утопія нягоднікаў”...

Папраўдзе, ня надта прывабна выглядае роўнасьць у афарызмах. Бо, спавядаючы роўнасьць, ніяк ня хочацца апынуцца сярод нягоднікаў ці ўтапістаў ці стаць матэматычнай велічынёй або трапіць у труну.

Насамрэч роўнасьць – усяго толькі форма, у якую ўкладаецца часам процілеглы зьмест. Каб разабрацца, можна спрасьціць трактоўкі да абсалюту, прыраўнаўшы нашы суб’ектны і аб’ектны станы да вэртыкалі і гарызанталі.

Гарызантальная роўнасьць – гэта і ёсьць роўнасьць правоў або справядлівасьць. Зьява ўсё яшчэ ідэальная, але на ўсеагульным цывілізацыйным шляху ўсё больш рэальная. Прынамсі, сёньня мы ўжо бачым, дзе ёсьць няроўнасьць або несправядлівасьць, якую трэба пераадольваць. Мы бачым, напрыклад, што ў нас у краіне недзяржаўны вытворца альбо прадпрымальнік або журналіст знаходзіцца ў няроўных умовах з сваімі калегамі зь дзяржаўнага сэктару, што зусім не матывуецца іхнымі здольнасьцямі альбо высілкамі, прыкладзенымі да справы. Мы бачым, што беларускі пэнсіянэр жыве ў няроўных умовах у параўнаньні зь нямецкім і расцэньваем гэта як несправядлівасьць. Мы бачым, што адныя народы маюць права на ўласную дзяржаву, а другія даказваюць такое самае права вялікай крывёю і часта беспасьпяхова.

Такім чынам гарызантальная альбо аб’ектная роўнасьць не скіраваная на тое, каб ламаць чалавечыя лёсы і ператвараць дрэвы розных пародаў у аднолькавыя тэлеграфныя слупы. Між іншым, такое разуменьне справядлівасьці – зусім нядаўні набытак людзтва, якому спатрэбілася прайсьці праз стагодзьдзі пераламаных лёсаў, каб урэшце перастаць зьвязваць справядлівасьць з гвалтам супраць чалавечае адрознасьці. Што праўда, такое разуменьне для многіх народаў і краін усё яшчэ застаецца заўтрашнім днём. Скажам, у нас у Беларусі, здаецца, пра такое зусім не задумляюцца тыя, хто дзякуе народу за падтрымку, а мысьліць катэгорыямі рэсаветызацыі і працягам уласных паўнамоцтваў.

Калі ўжо зачапіў рэальную беларускую палітыку, зраблю невялічкае адступленьне. Перад тым, як ад роўнасьці гарызантальнай перайсьці да вэртыкальнай і да сэнсу апошніх словаў Каліноўскага.

Уявіце сабе, што ў нейкай краіне, якія мы называем разьвітымі ці перадавымі, нехта прыходзіць да ўлады пад лёзунгам навядзеньня парадку. Дзіўнавата гучыць. І зусім дарэчы гучыць у нас. У нас нават калі парадак нібыта ёсьць, усё адно дзейны кіраўнік патрабуе парадку, а ягоныя спаборнікі ідуць на выбары з гэтым лёзунгам – навесьці парадак. Людзі разумеюць гэты лёзунг так: навесьці парадак, значыць, усталяваць справядлівасьць. Дык вось, тыя, хто прайшлі ў сваім разьвіцьці крыху далей за нас, ужо не патрабуюць парадку, бо разумеюць, што да рэальнае справядлівасьці парадак ня мае ніякага дачыненьня. Парадак – гэта прымітыўная форма аўралу, разгону і вайсковага “единообразия”. І больш нічога. Парадак якраз і імкнецца выраўняць усіх на адзін капыл. Але ў выніку мы атрымліваем тое, што мелі заўсёды – гвалт і, як кажа цяперашні кіраўнік, “жэстачайшыя” патрабаваньні да кожнага. Мы жывем як на вайне, хоць ніякай вайны ў нас няма. А ўся справа ў тым, што прымітыўную палітыку навядзеньня парадку павінна зьмяніць складаная палітыка гарманізацыі інтарэсаў усіх і кожнага чалавека. Менавіта гармонія, а не парадак, дае шанец для ўсталяваньня рэальнай справядлівасьці.

Адчуваеце розьніцу: спарадкаваць інтарэсы і гарманізаваць інтарэсы? У першым выпадку гаворка ідзе пра ломку ў імя аднастайнасьці, якой лягчэй кіраваць. Як усё адно штакетнік зьбіваць. У другім выпадку – гаворка пра ўлік гэтай самай разнастайнасьці. Гэта як складаць з розных расьлін букет...

У эўрапейскіх рэлігійна-філязофскіх практыках, што былі пашыраныя ў часы Каліноўскага як сярод беларусаў, так і сярод расейцаў (маю на ўвазе таемныя таварыствы ці то філяматаў, ці то сьнежнікаў), панятак роўнасьці ў трыядзе “Свабода. Роўнасьць. Братэрства” сымбалізаваў будаўнічы адвес. Гаворка ішла не пра што іншае, а пра саслоўную роўнасьць, увасобленую ў вэртыкалі, але не ў гарызанталі. Адвес – гэта такі цяжар, падвешаны на вяроўцы.

Не магу не асацыяваць гэты сымбаль з наступным фактам. У апошні момант Мураўёў замяніў Каліноўскаму расстрэл на павешаньне. Чаму – гэтага ня ведае ніхто. Але напэўна ж у графа былі нейкія свае прычыны ператварыць паўстанца, які дэкляруе саслоўную роўнасьць, самога ў сымбаль гэтай саслоўнай роўнасьці. Пакінем гэтае дапушчэньне гісторыкам, а самі абыдземся пакуль больш простым тлумачэньнем. Граф хацеў дашчэнту зганьбіць героя. Бо вось як характэрызуе два згаданыя віды пакараньня “Расейская турэмная энцыкляпэдыя”:

“Расстрэл. Упершыню афіцыйна гэты спосаб сьмяротнага пакараньня ўведзены Пятром Першым, і ўжываўся ён выключна да вайсковых злачынцаў. Расстрэл учыняўся ва ўрачыстых абставінах з чытаньнем прысуду перад усім палком, які адмыслова для гэтага шыхаваўся”.

“Павешаньне. Гэты спосаб сьмяротнае кары існаваў з пракаветных часоў і сярод усіх народаў. Заўсёды лічыўся адным з самых ганебных і прыніжальных. Вешалі за здраду (магчыма, гэта зьвязана з імем здрадніка Юды, які, як вядома, абраў для сябе менавіта такі спосаб сьмерці, задушыўшыся ў пятлі)”.

Інакш кажучы, суд прызначыў Каліноўскаму высакароднае пакараньне – як вайскоўцу і двараніну, а Мураўёў вырашыў зганьбіць сваю ахвяру і прынізіць яе ў вачох тагачаснае публікі. Варта згадаць, што пахавалі Каліноўскага на тэрыторыі закрытай расейскай цытадэлі, а над ягонай магілай учынілі пляцоўку для гульні ў крыкет, каб крый Бог пазьбегнуць паломніцтва людзей да апошняга прыстанку героя, сумны досьвед чаго Мураўёў ужо меў. Таму ён падменай спосабаў пакараньня спрабаваў разжалаваць Каліноўскага ня толькі з дваран, але і з герояў, што, як паказала гісторыя, немагчыма.

Вось толькі як тут разумець апошнія словы Каліноўскага, які, быццам, разжалаваў сябе сам?

Зьвернемся зноў да трыяды “Свабода. Роўнасьць. Братэрства”, якую мы ўжо амаль разгадалі, і перачытаем эсэ Вацлава Гавэла “Спроба жыць у праўдзе”, які вольна ці міжвольна разгадаў гэтую трыяду да нас. Паміж іншым аўтар распавядае пра падзеі ў Чэхаславаччыне, калі ўтварылася Хартыя 77 – знакаміты дысыдэнцкі асяродак:

“Аднак духоўны клімат для гэтага выступу быў падрыхтаваны не беспасярэдне палітычнай падзеяй, а працэсам над маладымі музыкамі з гурту “The Plastic People”. Працэсам, у якім супрацьстаялі ня дзьве палітычныя сілы ці канцэпцыі, а два бачаньні жыцьця: з аднаго боку – стэрыльнае пурытанства істэблішмэнту, з другога – невядомыя маладыя людзі, якія не хацелі нічога іншага, як жыць у праўдзе: граць добрую музыку, якая ім падабалася, сьпяваць пра тое, як яны сапраўды жывуць. Яны хацелі свабоды, годнасьці і братэрства”.

Роўнасьць, зразуметая як годнасьць, робіцца нарэшце суб’ектнай і знаходзіць сваё месца як покліч нашага сэрца побач з поклічамі свабоды і братэрства.

Роўнасьць сьпіны, роўнасьць хады, роўнасьць душы. Вэртыкальная роўнасьць – гэта і ёсьць годнасьць, высакародзтва, арыстакратызм духу. Вось што чуем мы ў апошніх словах Каліноўскага і вось што гучыць у іх як пратэст. У нас няма дваран. У нас усе роўныя. Гэта значыць, калі хочаце, у нас усе – дваране.
XS
SM
MD
LG