Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чужы сярод сваіх” – журы падводзіць вынікі конкурсу


Валянціна Аксак, Менск Школьнікі хочуць пісаць пра невядомыя старонкі з гісторыі свайго роду і краіны. Гэта паказаў дасьледчы конкурс па гісторыі для школьнікаў Беларусі пад назовам “Чужы сярод сваіх”. Нягледзячы на адмову афіцыйных сродкаў масавае інфармацыі зьмясьціць абвесткі пра яго, свае працы на конкурс даслалі сотні дзяцей, – нават двое выхаванцаў выпраўленчай калёніі для непаўналетніх. Вынікі конкурсу ўвечары 7 сакавіка падвяло адмысловае журы ў складзе вядомых гісторыкаў краіны.

Грамадзкае гістарычнае аб’яднаньне “Дыярыюш” пры абвяшчэньні конкурсу “Чужы сярод сваіх” напачатку сёлетняга навучальнага году сутыкнулася зь нежаданьнем дзяржаўных СМІ надрукаваць абвесткі. У газэце “Звязда”, да прыкладу. Распавядае каардынатар конкурсу Ірына Коваль:

(Коваль: ) “У гэтым годзе мне адмовілі там. Я сказала, што можа быць нешта можна памяняць, тое, чым не задавальняе гэтая аб’ява, але чалавек, які прымаў, сказаў, што гэта ад яго не залежыць, да начальства, маўляў, зьвяртайцеся. Па тоне яго голасу я зразумела, што гэта бессэнсоўна – часы наступілі іншыя і такога кшталту аб’явы не друкуюцца. Яны баяцца”.

Тым ня менш, школьнікі даведаліся пра абвешчаны конкурс зь недзяржаўных газэтаў. З дасланых 263 дасьледчых працаў арганізатары адабралі 35, якія асабліва ўразілі грунтоўнымі і шчырымі расповедамі пра гісторыю родных і блізкіх іхных аўтараў. Гаворыць сябра журы конкурсу вядомы гісторык Міхась Чарняўскі.

(Чарняўскі: ) “Жонку партызана высылаць у Германію на нейкі авіяцыйны завод і як простыя немцы хораша, цёпла ставіліся да гэтых остарбайтэраў…”

Такія гісторыі асобных сем’яў істотна дапаўняюць агульную гісторыю краіны, якая адрозьніваецца ад афіцыйнай. Вось яшчэ якая гісторыя ўразіла Міхася Чарняўскага.

(Чарняўскі: ) “Звычайная вёска, звычайная сям’я шматдзетная – пяць сыноў і тры дачкі. Пачынаецца Другая сусьветная вайна, чатырох братоў забіраюць на фронт – і ўсе яны гінуць. Пасьля вайны адразу “лясныя браты” – партызаны антысавецкія – ноччу прыходзяць і прымушаюць, каб іх пакармілі. Забіраюць вопратку, забіраюць сала ў гэтай хаце… Праз пару дзён іх ловяць энкавэдысты і прымушаюць сказаць, дзе іх кармілі. І яны прыводзяць іх у гэтую хату. І з гэтай хаты забіраюць старэйшага пятага брата і старэйшую сястру і ссылаюць на дзесяць гадоў у канцлягер. Разумееце, за тое, што пад страхам сьмерці, бо са зброяй патрабавалі гэтыя антысавецкія партызаны ежы… Ну што, павінны былі вяскоўцы сякерай адбівацца ад узброеных аўтаматамі людзей?.. Гэта кашмарная гісторыя…”

Прафэсійна і даўно займаючыся вывучэньнем драматычных старонак беларускае гісторыі, спадар Чарняўскі ня мог стрымаць эмоцый, чытаючы працы школьнікаў.

(Чарняўскі: ) “Некаторыя аж да сьлёз былі гісторыі… Харошыя работы…”

Цырымонія ганараваньня пераможцаў гістарычнага конкурсу школьнікаў “Чужы сярод сваіх” адбудзецца ў Менску 26 сакавіка.
XS
SM
MD
LG