Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта ўжо другое 8 сакавіка, калі я адзначаю сьвята без майго мужа”


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Горадні за кратамі ў міліцыі застаюцца чатыры чалавекі, якіх пакаралі за акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Іхнія жонкі сустракаюць 8 сакавіка без мужоў і чакаюць сустрэчы зь імі.

Сёньня скончыўся тэрмін арышту прадпрымальніка Ясюкевіча, якога пасадзілі на пяць дзён за несанкцыянаваны мітынг. Сядзець за кратамі засталося найбольш прадпрымальніку і праваабаронцу Міколу Лемяноўскаму — 10 дзён, тыдзень застаўся кіраўніку дэмакратычнага руху “Гарадзенскі выбар” Зьмітру Іваноўскаму і па пяць дзён Вадзіму Саранчукову і Андрэю Пачобуту.

Да родных журналіста Андрэя Пачобута напярэдадні прыяжджала здымачная група Польскага тэлебачаньня зь Беластоку, была размова з бацькам Андрэя і зь ягонай жонкай Аксанай.

Аксана Пачобут гаворыць пра свайго мужа ў зьвязку з днём 8 сакавіка:

(А.Пачобут: ) “Наагул гэта ўжо другое 8 сакавіка, калі мы адзначаем гэтае сьвята без майго мужа. Першы раз гэта было яшчэ да нашага шлюбу за год, і вось празь пяць гадоў гэты выпадак зноў паўтараецца”.

У пятніцу, калі Андрэя судзілі, Аксана ехала забіраць 4-гадовую дачку Яну зь Бераставіцы. І перад самым ад’ездам даведалася па тэлефоне ад мужа, што яму далі 10 сутак арышту.

(А.Пачобут: ) “Я паехала за дзіцём тады. Калі ехалі назад, яна бачыла на адным прыпынку тата сустракаў хлопчыка маленькага з мамай. Ён яго на рукі ўзяў. Яна: вой, і мой тата будзе мяне сустракаць на прыпынку”.

Як і Пачобуту, пяць дзён засталося сядзець за кратамі Вадзіму Саранчукову, намесьніку кіраўніка гарадзкой арганізацыі партыі БНФ. Калі яго арыштавалі, ягоная жонка Ірына толькі два дні, як вярнулася з раддому.

У іх з Вадзімам два тыдні таму нарадзіўся сын Тамаш. У гэты час муж вельмі патрэбны дома, таму настрой у Ірыны Саранчуковай зусім несьвяточны. Праўда, сёньня ёй прынес кветкі бацька Вадзіма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG