Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэнэр нацыянальнай хакейнай зборнай пойдзе ў адстаўку?


Ігар Карней, Менск Сёньня на адмысловым паседжаньні выканкаму Фэдэрацыі хакею мусіў вырашыцца лёс галоўнага трэнэра хакейнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава. Аднак, з прычыны адсутнасьці кворуму, паседжаньне адкладзенае на канец тыдня. Між тым, спартовыя адмыслоўцы не сумняюцца, што шанцаў застацца на трэнэрскай пасадзе ў Захарава практычна няма.

Старшыня фэдэрацыі хакею, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў прапанову аб адстаўцы галоўнага трэнэра нацыянальнай зборнай ініцыяваў на падставе вынікаў адборачнага турніру ў Рызе, пераможца якога аўтаматычна трапляў на Алімпійскія гульні-2006 у Турыне.

У апошнім матчы беларусы нечакана прайгралі гаспадарам пляцоўкі латышам, маючы за некалькі хвілінаў да фінальнай сырэны перавагу ў дзьве шайбы. Захараў абвінаваціў у адсутнасьці волі да перамогі гульцоў, тады ж як самі хакеісты і спартовыя функцыянэры убачылі ў паразе памылкі трэнэра.

Былы трэнэр беларускай зборнай Андрэй Сідарэнка, якія зараз працуе ў Польшчы і які не бяз пэўнага ціску вымушаны быў саступіць сваё месца Захараву, таксама лічыць, што крытыка ў адрас Захарава апраўданая.

(Сідарэнка: ) “Натуральна, крытыка мусіць быць, без яе нікуды ня падзенесься. Але можа чалавек і сам стаміўся, ня хоча працаваць... Цяпер галоўнае – знайсьці патрэбную кандыдатуру, бо чэмпіянат сьвету “на носе”, часу зусім мала засталося. Трэба, каб гэта быў дасьведчаны спэцыяліст, які добра ведае беларускіх гульцоў”.

Напярэдадні Новага году Захараў ужо пазбавіўся пасады трэнэра нацыянальнай моладзевай каманды пасьля правалу на чэмпіянаце сьвету ў ЗША.

Цяпер ён застаецца трэнэрам менскай каманды “Юнацтва” і нацыянальнай зборнай. Такім чынам, за два месяцы да хакейнага Чэмпіянату сьвету ў Аўстрыі беларуская зборная апынулася без трэнера. Хто ўзначаліць каманду – застаецца пытаньнем. Праўда, у тым, што на выратаваньне будуць кінутыя значныя сілы, ніхто не сумняецца. Хакей – любімая гульня Аляксандра Лукашэнкі, які ня так даўно яшчэ больш выразна акрэсьліў месца хакею ў Беларусі. Абвешчана пра пачатак будаўніцтва ў 2006 годзе хакейнага Палацу на 13 тысячаў гледачоў у Менску і 7-тысячнай арэны ў Жодзіне. А днямі Беларуская фэдэрацыя хакею падала заяўку на правядзеньне ў Беларусі чэмпіянату сьвету 2010 году. Да таго ж, спартовыя журналісты ня выключаюць, што менавіта цяпер могуць рэалізавацца старыя задумы ў справе запрашэньня ў Менск кагосьці з вядомых заходніх трэнераў.

(Вядучы:) А былы віцэ-прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі хакею, галоўны рэдактар спартовай газэты “Прессбол” Уладзімер Беражкоў вымушаны зараз думаць не пра хакейныя справы. На падставе рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску “Прессбол” выплаціў 30 мільёнаў рублёў міністру фінансаў Мікалаю Корбуту; яшчэ 10 мільёнаў рублёў будуць вылічваць з заробку самога Беражкова. Прычынай – незадавальненьне Корбута адной з публікацыяў у “Прессболе”; міністар фінансаў і па сумяшчальніцтву старшыня Фэдэрацыі гімнастыкі ацаніў маральныя страты амаль ў 20 тысячаў даляраў.
XS
SM
MD
LG