Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які будзе далейшы лёс праекту стварэньня Парку высокіх тэхналёгій?


Ігар Карней, Менск Дарадца Аляксандра Лукашэнкі і па сумяшчальніцтву – прэзыдэнцкі прадстаўнік у Нацыянальным сходзе Валерый Цапкала абвясьціў, што праект стварэньня Парку высокіх тэхналёгій, беларускага аналягу так званай “сыліконавай даліны”, канцэптуальна завершаны і накіраваны на разгляд кіраўніку дзяржавы. Цяпер ад Аляксандра Лукашэнкі цалкам залежыць, калі пачнецца рэалізацыя чарговай маштабнай задумы.

Шмат хто, у тым ліку і сярод нашых слухачоў, неаднаразова чуў пра Парк высокіх тэхналёгій, аднак, верагодна, толькі асобныя спэцыялісты разумеюць, што рэальна ўкладаецца ў сэнс гэтага новаўтварэньня. Ня будзе перабольшаньнем сказаць, што і сярод ініцыятараў праекту, дзяржаўным куратарам якога згаданы ўжо Валерый Цапкала, таксама няма адзінага разуменьня сэнсу ды неабходнасьці такога Парку.

На адмыслова створаным інтэрнэт-сайце park.by дэкляруецца, што Парк высокіх тэхналёгій будзе ўтвараць сабой “арганізацыйна-прававую структуру, што аб’ядноўвае арганізацыі і фірмы, якія працуюць у галіне новых і высокіх тэхналёгій”. Калі казаць больш прыземлена, ёсьць намер стварыць гэткую “райскую выспу” для праграмістаў.

Але адметна, што ўсё гэта рэклямуецца на тле фактычна згорнутай уладамі ідэі аналягічнага праекту пад назвай “Акадэмтэхнаполіс”. Ад 1998 году былы кіраўнік Акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч абіваў парогі адміністрацыі Лукашэнкі, зацікаўленых міністэрстваў, і ўрэшце атрымаў ліст аб нямэтазгоднасьці “Акадэмтэхнаполісу”. І вось ідэя, нават зьнешне мала трансфармаваная, ужо падаецца ад імя вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

Зрэшты, той жа спадар Вайтовіч моцна сумняваецца, што можна рэалізаваць такі высокатэхналягічны праект у Беларусі – для інавацыйнага працэсу неабходны шэраг важных перадумоваў.

(Вайтовіч: ) “Патрэбная адпаведная заканадаўчая база. Па-другое, інавацыйная структура. Кадравая ўмова – мэнэджарскія, дыстрыбутарскія, каб распаўсюджваць прадукты вытворчасьці. Вельмі важныя інвэстыцыйныя патокі, каб усе задумы рэалізаваць. Але з улікам, што самая галоўная ўмова – заканадаўчая база – у краіне ня створаная, няма патрэбнай свабоды ў эканоміцы, то заканадаўчыя акты не дапамагаюць, а, наадварот, перашкаджаюць інавацыйнаму працэсу.

Самы яскравы прыклад – дэкрэт “Аб залатой акцыі”, калі дзяржава можа гэтай “акцыяй”, фактычна, забраць кіраваньне ад уласьніка да сябе. Зразумела, што інвэстары ў такую эканоміку ніколі ня будуць укладаць свае грошы. І ня толькі замежныя інвэстары, але і свае, унутраныя, якія маюць сродкі”.

Парк высокіх тэхналёгій, відавочна, мае на ўвазе пачатак вялікай будоўлі – усіх праграмістаў трэба ж недзе разьмесьціць… На тым жа сайце ўказана, што Парк – “гэта група эстэтычна прывабных офісных будынкаў сучаснага дызайну зь перадавой інфраструктурай і высокахуткаснымі сеткамі”. Іншымі словамі, будаваць будуць, і сродкаў, як заўсёды, шкадаваць не зьбіраюцца.

Паказальна, што Акадэмія навук, на якую дзяржава ўсё ж зьбіраецца “павесіць” асноўныя арганізацыйныя моманты, пасьпяшалася абвесьціць пра свой унёсак у справу, паабяцаўшы перадаць “дзеля агульнай справы” комплекс будынкаў у менскім мікрараёне Уручча. Насамрэч, гэта закансэрваваны яшчэ ад савецкіх часоў “даўгабуд”. Праўда, наўрад ці амбіцыйнаму прэзыдэнцкаму атачэньню такі варыянт прыйдзецца даспадобы. Ужо агучваўся варыянт маштабнай будоўлі непасрэдна ў раёне Акадэміі навук, аднак праект толькі патрапіў на стол да Лукашэнкі, які і мусіць вырашыць: які лёс акрэсьліць беларускай “сыліконавай даліне”.

Мяркуецца, што ў склад Парку ўвойдуць фірмы і навукоўцы, якія працуюць у галіне высокіх тэхналёгій. Аднак, калі кіравацца статыстыкай, рэальная тэндэнцыя ў гэтай сфэры пакуль іншая – адмыслоўцы працягваюць ад’яжджаць з Беларусі…

Натуральна, што ніхто ня будзе сядзець і чакаць, калі ў Беларусі запрацуе “сыліконавая даліна”, у той час як можна паспрабаваць рэалізаваць свае здольнасьці непасрэдна ў той жа Амэрыцы. З гэтай нагоды кіраўнік Інстытуту міграцыі Міхаіл Арцюхін кажа, што назіраецца працэс істотнага амаладжэньня навукоўцаў, якія ад’яжджаюць працаваць па кантрактах; пры гэтым некалькі дзесяткаў чалавек штогод дадому папросту не вяртаюцца.

(Арцюхін: ) “Сталыя людзі ня хочуць губляць з Радзімай сувязь, а вось моладзь будуе сваю кар’еру са спадзяваньнямі хоць бы часова, але за мяжой пабыць. А 77 чалавек летась за мяжой так і засталіся. І такі вось акрэсьлены “парог” трымаецца цягам апошніх чатырох гадоў”.

Летась на адным з паседжаньняў у Віцебску, дзе ўпершыню і была шырока агучаная ідэя стварэньня Парку высокіх тэхналёгій, Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў: Парк мусіць працаваць на ўсю краіну. І якраз на гэтае выказваньне зьвяртае ўвагу акадэмік Аляксандар Вайтовіч. Ён перакананы: у межах Беларусі такі дарагі праект папросту нежыцьцяздольны. А каб апраўдаць укладзеныя сродкі, трэба, наадварот, арыентавацца на зьнешнюю прастору. Іншая справа – ці рэальна “ўклініцца” ў дакладна падзелены ўжо міжнароднымі карпарацыямі рынак высокіх тэхналёгій?

(Вайтовіч: ) “Унутраны рынак Беларусі для прадукцыі высокатэхналягічнай, навукаёмістай вельмі вузкі, і зразумела чаму: у нас невялікая краіна, толькі 10 мільёнаў насельніцтва. А калі вы хочаце распрацаваць новую, сучасную прадукцыю, трэба ўкладаць шмат грошай, і гэтыя грошы павінны апраўдацца. Значыць, трэба мець шырокі рынак. Таму абавязкова пры выпуску такой прадукцыі – навукаёмістай, з новымі тэхналёгіямі – трэба арыентавацца на рынак больш шырокі, чым унутраны, беларускі”.

Назва “сыліконавая даліна” зьявілася ў расейскамоўнай вэрсіі, а потым, па інэрцыі, пачала ўжывацца ў суседніх краінах, дзякуючы не зусім карэктнаму перакладу з ангельскай. Сапраўды, у Злучаных Штатах, у Каліфорніі, больш за паўстагодзьдзя існуе навукова-практычны цэнтар, дзе на два дзесяткі фірмаў, якія ёсьць усясьветнымі лідэрамі ў сфэры высокіх тэхналёгій, працуюць тысячы праграмістаў, якія забясьпечваюць высокатэхналягічным прадуктам увесь сьвет. Нефармальная назва гэтага цэнтру – silicon vally, альбо, паводле сэнсу – “крэмніевая даліна”, якая працягнулася амаль на 40 км паміж гарадамі Сан-Хасэ і Пала-Альта. Аднак наяўнасьць ў словазлучэньні слова silicon, якое асацыюецца выключна з матэрыялам для плястычных апэрацыяў, зрабіла словазлучэньне ўстойлівым. І толькі адмыслоўцы працягваюць настойваць на іншым варыянце перакладу – “крэмніевая даліна”.
XS
SM
MD
LG