Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо месяц грамадзтва высьвятляе, куды падзелася Галіна Жураўкова


Алег Грузьдзіловіч, Менск 8 сакавіка – дакладна месяц, як была асуджаная былая кіраўніца справамі прэзыдэнта Галіна Жураўкова. Суд прысудзіў спадарыні Жураўковай 4 гады зьняволеньня, але ў калёнію яна дагэтуль не патрапіла. Дзе Галіна Жураўкова? Наш карэспандэнт шукаў самую скандальную на сёньня жанчыну з лукашэнкавага асяродзьдзя па вядомых адрасах у Менску, а таксама ў Лёндане.

З 43 тысяч вязьняў беларускіх турмаў звыш 5 тысяч – жанчыны. Гэтыя жанчыны таксама чакаюць віншаваньняў з нагоды 8 сакавіка, як і ўсе прадстаўніцы слабага полу. Таму маё жаданьне павіншаваць Галіну Жураўкову, не зважаючы на яе статус асуджанай, трэба лічыць шчырым і зразумелым. Вось толькі выкананьне гэтага жаданьня адразу сутыкнулася з пэўнымі цяжкасьцямі. Першы тэлефонны званок, каб знайсьці Жураўкову, я зрабіў Уладзімеру Коўчуру, начальніку дэпартамэнта, якому падпарадкаваныя ўсе беларускія трумы і калёніі.

(Коўчур: ) “Не, яе ў нас няма. Да пабачэньня!”

Вядома, што Галіна Жураўкова на абвешчаньне прысуду не зьявілася: праінфармавала судзьдзяў, што захварэла. У такім разе яе маглі зьмясьціць на лячэньне ў адну з мэдычных установаў Міністэрства ўнутраных справаў, патлумачылі адмыслоўцы. Набіраю тэлефон прэсавай службы міністэрства. Слухаўку падняў супрацоўнік Віктар Новікаў.

(Новікаў: ) “Абсалютна нічога пра гэта сказаць ня можам, бо не валодаем звесткамі”.

Мой суразмоўца дадаў, што Галіна Жураўкова можа дагэтуль лічыцца за Вярхоўным судом, дзе разглядалася яе справа. Тэлефаную ў суд. Нумар судзьдзі Тацяны Ступень не адказвае, у прэсавай службе кажуць, што паколькі прысуд абвешчаны і з таго часу ўступіў ў дзеяньне, то за Жураўкову яны ўжо не адказваюць. Маўляў, зьвяртайцеся да міліцыі. Кола замкнулася?

Становішча мог бы патлумачыць адвакат Галіны Жураўковай, які абараняў яе ў судзе ад абвінавачваньня ў крадзяжы 3 мільёнаў даляраў. Набіраю нумар адваката Алега Дубаўца.

(Дубавец: ) “Без камэнтароў, без камэнтароў. Патэлефануйце на наступным тыдні”.

Згадваю, што тыдзень таму я ўжо чуў ад адваката Жураўковай параду патэлефанаваць праз тыдзень. Наступны званок раблю ў пракуратуру Беларусі. Слухаўку бярэ прэсавы сакратар пракуратуры Юры Азаронак.

(Азаронак: ) “Не сьвяточная гэта размова – новага нічога пра Жураўкову няма. Тэлефануйце у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, яна іх таварыш. Што? І там няма? А прычым тут пракуратура? Калі будзе парушэньне закону, тады будзем караць вінаватых. Чалавек хворы, значыць … Гэта цалкам магчыма. Тады няма парушэньня закону”.

У 1999 годзе, яшчэ да суду, але знаходзячыся пад хатнім арыштам, здолела ўцячы зь Беларусі і зьехаць ў Англію былая старшыня Нацыянальнага банку Тамара Віньнікава. Напярэдадні 8 сакавіка я стэлефанаваўся з Тамарай Віньнікавай і паміж іншага спытаў, што яна ведае пра Галіну Жураўкову: можа тая дзе ў Эўропе ці нават таксама ў Лёндане?

(Віньнікава: ) “Не, я ведаю з кантактаў з маімі сябрамі, што яна нібыта знаходзіцца на лячэньні ў шпіталі. Мяркую, ёй няма сэнсу зьнікаць з краіны, улічваючы невялікі тэрмін, тое, што залічваецца ўжо адбыты час, і тое, што рыхтуецца чарговай амністыя. Пашукайце ў вайсковым шпіталі, дзе ў свой час я таксама лячылася, калі памятаеце”.

Аднак, шлях, які падказала Тамара Віньнікава, таксама аказаўся тупіковым. Вось што мне сказалі ў даведкавай службе вайсковага шпіталя:

(Жанчына: ) “У нас на літару “Ж” лічыцца 27 чалавек. Жураўковай сярод іх няма і не было”.

Тое самае паўтарылася, калі я набраў нумар рэгістратуры шпіталя Міністэрства ўнутраных справаў. Праўда, застаецца магчымасьць, што Галіна Анісімаўна працягвае лячыцца ў хатніх умовах, але спраўдзіць гэта няма як. Хатні і сотавы тэлефоны спадарыні Жураўковай – вялікі (хіба ці не “дзяржаўны”) сакрэт...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG