Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: бабруйскія прадпрымальнікі ўдзельнічалі ў страйку толькі 1 сакавіка


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Сьвяточны выпуск газэты “Вечерний Бобруйск” прысьвечаны жынчынам. На першай паласе – інтэрвію зь пераможцай тэлеконкурсу “Слабое зьвяно” Надзеяй Хмыловай. Яна жыве ў Бабруйску, а працуе ў банку ў Асіповічах. Колькасьць грашовага прызу, які Надзея атрымала ў Маскве – 128 000 расейскіх рублёў.

А другая жанчына – Ганна Галсьцян з Бабруйску – заняла 3 месца на рэспубліканскім конкурсе кулінараў. Журы ацаніла яе твор – шахматны торт вагой 15 кг – і за цудоўны смак, і за арыгінальнасьць.

Чытачы могуць даведацца аб тым, што эпідэмія грыпу ў Бабруйску скончылася. Некаторыя школы былі зачыненыя на карантын.

Газэта “Вечерний Бобруйск” надрукавала матэрыял аб тым, што ў вайсковым гарадку ў Кісялевічах вада стане чыстай. Гарадзкія ўлады ўсталююць адпаведны фільтар, каб у вадзе зьнізіць колькасьць жалеза. Прыстасаваньне каштуе 300 мільёнаў рублёў.

Газэта дае кароткую інфармацыю аб сытуацыі на рынках. Прадпрымальнікі ўдзельнічалі ў страйку толькі 1 сакавіка. Справа ў тым, што на рынках у асноўным гандлююць харчовымі прадуктамі.

Газэта “Ляхавіцкі час” першую паласу прысьвяціла мясцоваму аддзелу міліцыі. 11 сакавіка міліцыянты будуць сьвяткаваць 65 гадавіну ўтварэньня ляхавіцкай міліцыі. З гэтай нагоды прайшла двухтыднёвая спартакіяда. Перамаглі ў ёй супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі.

З 1 чэрвеня згодна з загадам Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі зачыняць адзіны ў раёне дзіцячы лягер “Чайка”. У лягеры адпачывалі 30% школьнікаў. Галоўная прычына – адсутнасьць нармальнага водазабесьпячэньня. Нават тая вада, якая ёсьць у сталоўцы, не адпавядае санітарным нормам. Але прычына і ў слабой матэрыяльна-тэхнічнай базе. Калі сытуацыя не выправіцца, то фінансаваньня не будзе наогул.

“Ляхавіцкі час” зьмясьціла інфармацыю аб тым, што адзін з трох дзіцячых садкоў мясцовыя ўлады вырашылі перапрафіляваць у дом для дзяцей – сацыяльных сіротаў. Гэта дзеці, чые бацькі знаходзяцца на прымусовым лячэньні ад алькагалізму альбо ў месцах пазбаўленьня волі. Жыхары незадаволеныя, бо ў Ляхавічах усяго тры садкі, і дзяцей там больш, чым прадугледжана зацьверджанымі міністэрствам аховы здароўя нормамі.
XS
SM
MD
LG