Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 сакавіка частка прадпрымальнікаў выйдзе на працу, каб атрымаць даходы ад продажу падарункаў


Міхал Стэльмак, Менск 8 сакавіка беларускія прадпрымальнікі, як мяркуецца, прадоўжаць распачаты 1 сакавіка агульнанацыянальны страйк супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, што ўвозяцца з Расеі. Нагадаю, што ўчора, паводле зьвестак грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, акцыя працягвалася ў Горадні, Баранавічах, Барысаве, Салігорску, Пінску, Слуцку, і іншых гарадах. У шэрагу рэгіёнаў частка гандляроў выйшла на працу.

З аднаго боку, мясцовыя ўлады і адміністрацыі рынкаў паабяцалі ім “мараторый” на пакараньні за няўплату згаданага падатку – у сувязі з тым, што лёс падатковага новаўвядзеньня цяпер нібыта вызначаецца на ўзроўні прэзыдэнта краіны. Як вядома, 3 сакавіка Адміністрацыя беларускага прэзыдэнта распаўсюдзіла паведамленьне, што бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка наведае некаторыя рынкі і гандлёвыя цэнтры для дэталёвага вывучэньня сытуацыі з падаткам на месцы. З другога боку, прыпыненьне часткай прадпрымальнікаў страйку, паводле іх тлумачэньня, зьвязана з днём 8 сакавіка, калі ў Беларусі насельніцтва ў масавым парадку набывае сьвяточныя падарункі для жанчын, і гандляры ў выніку атрымліваюць найбольшыя даходы.

Дарэчы, жанчыны й складаюць большасьць з тых, хто займаецца цяпер дробным бізнэсам у Беларусі і хто бярэ ўдзел у цяперашняй акцыі. Як вынікае зь іх тлумачэньня, “хлеб” гэта нялёгкі, але паколькі дзяржава ня здольная забясьпечыць іх больш лёгкім і годным заняткам, яны спрабуюць адстаяць і такую працу:

(Спадарыня Людміла: ) “Я ня ведаю, што будзе, калі нам ня пойдуць на саступкі і нічога ня будзе адменена. Людзі такія, як я, у якіх па адной “няшчаснай” кропачцы-палатачцы, мы прападзём”.

(Спадарыня Ірына: ) “Мы губляем гэтыя месцы”.

(Спадарыня Людміла: ) “Мы застанемся голымі і босымі”.

(Спадарыня Галіна: ) “Калі ў нас стаяла раней тры чалавекі за прылаўкам, то зараз адзін стаіць – дзьве трэці людзей ужо сышло”.

(Спадарыня Ганна: ) “Дайце працу на 200 даляраў, як абяцае наш прэзыдэнт. І мы пойдзем на працу. Кінем гэты рынак, кінем гэтыя ліцэнзіі і будзем працаваць. Толькі хай нам дадуць працу. Каб мы ня былі галоднымі і нашы дзеці ня галадалі”.
XS
SM
MD
LG