Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане страйк прадпрымальнікаў дэтанатарам у беларускім грамадзтве?


Юры Дракахруст, Прага Найбольш значнай падзеяй мінулага тыдня стаў страйк дробных прадпрымальнікаў, які ахапіў усю краіну. Ці сапраўды новы парадак спагнаньня ПДВ разбурае бізнэс прыватных прадпрымальнікаў? Ці мае цяперашні страйк прадпрымальнікаў палітычнае вымярэньне? Ці стануць прадпрымальніцкія пратэсты дэтанатарам пратэсту іншых колаў грамадзтва? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” палітык Андрэй Клімаў, намесьнік кіраўніка прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Аляксандар Лапотка, адзін зь лідэраў прадпрымальнікаў Барысава Леў Марголін і палітоляг Уладзімер Падгол.

(Дракахруст: ) “Беларусь даўно ня бачыла акцыяў пратэсту такога размаху і ўзроўню салідарнасьці. Апусьцелыя рэчавыя рынкі ў буйных і малых гарадох, тысячы людзей на мітынгах, у страйку паводле некаторых ацэнках узялі ўдзел 80 тысячаў прадпрымальнікаў – амаль палова ад іх агульнай колькасьці. Як трапна заўважыў месяц таму Андрэй Клімаў, у Беларусі зьявіўся вельмі моцны палітык, якога завуць ПДВ – падатак на даданую вартасьць. Менавіта ПДВ, дакладней новы парадак яго спагнаньня ў гандлі з Расеяй і спарадзіў цяперашні прадпрымальніцкі страйк.

А чаму гэты падатак стаў такім моцным ўдарам па бізнэсе дробных гандляроў, чаму яны кажуць, што зараз яны проста ня могуць весьці свае справы? Здаецца, гандляры маглі б проста падвысіць цэны сваіх тавараў на памер падатку і за кошт пакупнікоў, зразумела, але кампэнсаваць свае страты.

Гаворыць адзін зь лідэраў барысаўскіх прадпрымальнікаў Леў Марголін”.

(Марголін: ) “ПДВ – гэта абаротны падатак. Каб яго плаціць, прадпрымальнік павінен пацьвердзіць гэты абарот. Калі паміж дзяржавамі існуе мяжа, гэты абарот пацьвярджаецца на мытні. Прадпрымальнікі, якія завозяць тавары, скажам, з Польшчы ці Нямеччыны, зь якімі ёсьць мытная мяжа, ужо некалькі гадоў плацяць гэты ПДВ і ніякіх праблемаў у іх не ўзьнікае.

З Расеяй галоўная праблема ў тым, што адсутнічае мытная мяжа і ўвазныя дакумэнты. Беларускія прадпрымальнікі купляюць тавар у Расеі на гуртавым рынку, а там ніхто ніякіх дакумэнтаў натуральна ім не дае. І таму ўзьнікае дзьве праблемы. Першае – дакумэнтальнае пацьверджаньне аб''ему сваіх тавараў, і другая – пацьверджаньне тавару, увезенага праз мяжу.

У Расеі прадпрымальнікі, якія вязуць тавары, скажам, з Турэччыны ці Кітаю, таксама часам вязуць іх без дакумэнтаў. Але там вырашылі браць мыту за вагу. Гэта дазваляе абысьціся без грувасткай бухгальтэрыі, якую дробнаму прадпрымальніку весьці немагчыма.

Справа ў тым, што падатковая інспэкцыя патрабуе, каб прадпрымальнікі здавалі справаздачу па падатку на даданую вартасьць. А для гэтага яны павінны пацьвердзіць колькасьць і вартасьць увезенага тавару. Але ў іх няма гэтых дакумэнтаў. І яны аўтаматычна робяцца парушальнікамі закону”.

(Дракахруст: ) “Падчас страйку ўлады і дзяржаўныя мэдыі ўсяляк спрабавалі здыскрэдытаваць прадпрымальнікаў, абвінаваціць іх у сквапнасьці, эгаізьме, нежаданьні лічыцца з астатняй часткай грамадзтва. Бадай, найбольш дакладна гэтыя абвінавачваньні былі сфармуляваныя ў артыкуле “Цень папа Гапона”, надрукаваным у “Советской Белоруссии”.

Калі каротка падсумаваць, асноўныя тэзы публікацыі наступныя: расейскія бізнэсоўцы падаткі плацяць, а беларускія, у тым ліку і тыя, хто купляе тавар у Расеі, падаткі плаціць ня хочуць, беларускія ж бізнэсоўцы, якія купляюць тавар, скажам, у Польшчы, плацяць ПДВ даўно і моўчкі, а тыя, хто купляе ў Расеі, зараз узьнялі вэрхал, беларускі рабочы, нават і з прыватнай фірмы, які працуе ў краіне, падаткі плаціць цалкам, а гандляры патрабуюць, каб для іх было зробленае выключэньне.

Ад барысаўчаніна Льва Марголіна мы ўжо чулі, што справа не ў нежаданьні прадпрымальнікаў плаціць падаткі. Разгорнуты адказ на абвінавачваньні прэзыдэнцкай газэты прапануе намесьнік кіраўніка прадпрымальніцкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Аляксандар Лапотка.

(Лапотка: ) Так, расейцы плацяць ПДВ, але ў іх ёсьць закон аб прадпрымальніцтве. У нас яго няма, у нас ёсьць указы і дэкрэты. Яны якраз і сталі прадметам канфлікту. Наш прадпрымальнік гатовы плаціць ПДВ, але для гэтага павінна быць праўная база. У нас у краіне няма магчымасьці легальна прывезьці тавар і заплаціць мыту за яго. Нас і да гэтага нарматыўнымі актамі заціснулі ў кут. А зараз сказалі – хлопцы, паспрабуйце надзець штаны праз галаву, заплаціць ПДВ, калі нельга легальна прывезьці тавар у краіну. У расейцаў такая праўная база ёсьць, да таго ж расейскія індывідуальныя прадпрымальнікі плацяць падаткі ў 3-4 разы меней, чым мы.

Другое – наконт Польшчы. Няшмат я бачыў прадпрымальнікаў, якія наўпрост увозяць тавары ў Беларусь з Польшчы. Гэта у асноўным буйныя фірмы, а індывідуальных прадпрымальнікаў такіх толькі хіба 5%. Пераважная большасьць вязе тавар у Расею, там плаціць мыту, а адтуль вязуць у Беларусь.

Трэцяе – тое, што звычайны працаўнік у нас плаціць падаткі, а прадпрымальнікі ня хочуць. Ужо занадта падаткаў павесілі ў нас на прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі гатовыя, напрыклад, плаціць ПДВ, але тады здыміце з нас фіксаваны падатак. Паводле 4 дэкрэта прэзыдэнта прадпрымальнік плаціць паўтары стаўкі.

У суседняй Польшчы за 14 мэтраў квадратных у супэрмаркеце прадпрымальнік плаціць 100 эўра арэнднай платы. У нас у аналягічным паркінгу "Люстра" людзі плацяць па паўтары тысячы даляраў за месяц за адно мейсца.

Прадпрымальнікі гатовыя плаціць, але ня трэба выціскаць зь іх залатыя яйкі, потым дыямэнтавыя яйкі. Гэта – не курыца-нясушка, але апошнім указам яе, відаць, пусьцілі пад нож”.

(Дракахруст: ) “Палітоляг Ўладзімер Падгол адзначае, што нягледзячы на размах прадпрымальніцкага страйку, ён не знайшоў колькі-небудзь шырокай падтрымкі ў грамадзтве з прычыны як даўніх забабонаў супраць “буржуяў”, гэтак і дзякуючы афіцыйнай прапагандзе”.

(Падгол: ) “А што ведала грамадзтва пра патрабаваньні прадпрымальнікаў? Пра гэтыя патрабаваньні, пра гэтыя страйкі ведалі толькі палітычна актыўныя людзі, якія рэгулярна чытаюць "Народную волю", "Нашу ніву", слухаюць Радыё Свабода. Гэта вельмі малая колькасьць людзей.

Што ж даведаліся ў гэтыя дні простыя беларусы пра тое, што пра патрабаваньні прадпрымальнікаў, пра іхні страйк? Тыя, хто хадзіў на гэтыя рынкі, убачылі закрытыя шапікі. А другое – гэта быў адказ Лукашэнкі прадпрымальнікам, калі ён наведваў 2-гі гарадзкі дзіцячы шпіталь. Ён заявіў, што дзяржава паставіла за мэту пераабсталяваць усе дзіцячыя шпіталі краіны, што мы мусім паставіць туды найсучасьнейшае абсталяваньне. А вось гэтыя прадпрымальнікі ня хочуць плаціць падаткі, зь якіх мы мусім купляць гэтае абсталяваньне. Такім чынам, галоўны сцэнарыст і рэжысэр беларускага палітычнага спэктаклю вызначыў для простых беларусаў, для палітычна неактыўных ролю прадпрымальнікаў як ворагаў беларускага народу, якія ня хочуць даваць дзеткам грошы на мэдычнае абсталяваньне і ратаваць іх ад сьмерці.

(Дракахруст: ) “Напярэдадні страйку намесьнік міністра па падатках і зборах Васіль Каменка паведаміў, што каб зрабіць прадпрымальнікам палёгку, падатковыя інспэкцыі будуць пэўны час спаганяць зь іх ПДВ па любых паперках, нават проста паводле вуснага паведамленьня. Калі паводле Льва Марголіна і Аляксандра Лапоткі ўся прычына канфлікту – у неўнармаванасьці заканадаўства, дык можа гэта выйсьце?”

(Марголін: ) “Калі б гэта было вырашана афіцыйна, гэта быў бы адзін з варыянтаў вырашэньня пытаньня. Але ў нас гэта як правіла робіцца дзеля таго, каб зьбіць ажыятаж. Сапраўды, месяц-другі будуць прымаць нейкія паперкі ці налічваць падатак паводле вуснай заявы. Але паколькі афіцыйнага рашэньня няма, прадпрымальнікі ўвесь час будуць пад дамоклавым мячом. У любы момант зьявіцца такі ж вусны загад гэтага намесьніка міністра, што ўсё, сытуацыя супакоілася, усе павінны былі забясьпечыць сябе дакумэнтамі і, калі ласка, імі карыстайцеся. Больш шчыра, я лічу, сказаў Кабякоў, які заклікаў рабіць гуртовыя закупы ў Расеі, а тут ужо прадпрымальнікі будуць атрымліваць тавары ад гуртовага пакупніка.

Але тыя віды таварам, па якіх такія закупы можна было рабіць, яны ўжо даўно зробленыя. Скажам, бытавая хімія. Зьвярніце ўвагу – шапікі, якія гандлююць пральнымі парашкамі, яны не страйкуюць.

Ці скажам, харчовыя прадукты расейскай вытворчасьці. Гэтыя так званыя аднародныя тавары сапраўды гуртавікі завозяць на базы ў Менску, а дробныя гандляры развозяць іх з Менску па сваіх гарадох. Але адзеньне, абутак гуртам закупаць нельга, іх можна купляць толькі дробнымі партыямі.

Калі прадпрымальнікі ня здолеюць вырашыць пытаньне, якое яны ўзьнялі – гэта практычна крыж на прадпрымальніцкай дзейнасьці”.

(Дракахруст: ) “Хаця ўлады і дэманструюць пэўную гатоўнасьць весьці дыялёг з прадпрымальнікамі, яна зусім не дэманструюць гатоўнасьці ісьці на колькі-небудзь значныя саступкі. Уладзімер Падгол адзначае адну з прычынаў гэтага.

(Падгол: ) “Мы ў нашай размове вырвалі праблемы прадпрымальнікаў з агульнага эканамічнага кантэксту беларускага жыцьця. У Менску ўсё больш адчыняецца і будуецца гіпэрмаркэтаў, крамаў зь нізкімі цэнамі. І ў пэрспэктыве ўлада плянуе загнаць усё насельніцтва туды, і прадпрымальнікам ужо мейсца ня будзе. У гэтыя гіпэрмаркеты робяцца буйныя гуртовыя пастаўкі і народ мусіць пайсьці туды, таму ўлады і лічыць, што прадпрымальнікі – гэта часовая зьява. А куды яны пойдуць, калі пазачыняюць усе гэтыя стадыёны і скажуць – вось ёсьць гіпэрмаркеты ці гэтыя ячэйкі на той жа Камароўцы. Там яшчэ адзін велізарны корпус адкрыты, там пустуюць сотні ячэек. І відаць улада будзе заганяць туды прадпрымальнікаў”.

(Дракахруст: ) “1 сакавіка на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Менску лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка казаў:”

(Шумчанка: ) “Мы сёньня прыйшлі да прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі як гаранта Канстытуцыі, каб ён абараніў нашыя правы... каб тут не было аніякіх сьцягоў, аніякіх лёзунгаў антыканстытуцыйных: я папрашу саміх прадпрымальнікаў правакатараў выяўляць і здаваць у міліцыю”.

(Дракахруст: ) “Сам Шумчанка ў лютым адбыў суткі адміністрацыйнага арышту за мітынг. 1 сакавіка ён ізноў патрапіў за краты. Так што справа не ў ягоным асабістым страху лезьці ў палітыку. А ў чым? Ці набыў прадпрымальніцкі пратэст палітычнае вымярэньне?”

(Падгол: ) “Я лічу, што ён ня стаў палітычным. А што тычыцца Шумчанкі, то ў ягоным выступе, у ягоным звароце да прадпрымальнікаў паўтараліся словы – мы прайшлі да нашага прэзыдэнта, гэта наш прэзыдэнт, мы спадзяемся, што ён нас абароніць. Ведаючы вельмі добра Анатоля Шумчанку, я скажу, што ён тут паступіў, як мудры пэдагог. Ягоная мэта была – давесьці да прадпрымальнікаў, хто ёсьць Лукашэнка. І ён нібыта казаў – вось глядзіце, які сьветлы вобраз, ён дае нам нейкую надзею, а давайце паглядзім, што ж спраўдзіцца. Адказваючы на Вашае пытаньне, я б зазначыў, што ніякага палітычнага асэнсаваньня ў сьвядомасьці прадпрымальнікаў не адбылося, акрамя мажліва расчараваньня ў прэзыдэнце, на якога ў некаторых быў спадзеў. Гэтага Шумчанка і дасягнуў. Але акрэсьленых палітычных формаў гэты рух не набыў і набудзе яшчэ доўга, бо прадпрымальнікі ў адрозьненьні ад палітычных актывістаў маюць жыцьцёвай мэтай – зарабіць грошы, наладзіць дабрабыт сваёй сям’і, гадаваць дзетак, і астатняе іх не цікавіць. І сілаў на астатняе проста не хапае”.

(Дракахруст: ) “Парадаксальны погляд на палітычны патэнцыял прадпрымальнікаў мае былы прадпрымальнік і былы палітвязень Андрэй Клімаў”.

(Клімаў: ) “Прадпрымальнікі на сёньняшні дзень – найменш палітызаваная кляса. Памылкова думаць, што людзі, якія маюць дастатковыя сродкі, могуць кінуцца на злом галавы ў апазыцыйны рух.

Я ня думаю, што новы парадак спагнаньня ПДВ насамрэч зьяўляецца сьмяротным ўдарам па бізнэсе, і пасьля гэтага прадпрымальнікі спыняць працу. Бізнэс існуе столькі ж, колькі існуе чалавецтва, і ён прыстасоўваецца да любых умоваў. Размова тут ідзе пра выбух, пра эмацыйны выбух.

Нельга лічыць дзеяньні прадпрымальнікаў палітычнай акцыяй. Чаму? Па-першае – няма палітычных лёзунгаў, па-другое, прадпрымальнікі апэлююць да дзейнай улады, па-трэцяе, яны ня ідуць на кантакт ні з воднай палітычнай партыяй, ні з воднай палітычнай сілай. Нарэшце, у нас дзякуючы і забабонам, і прапагандзе існуе пэўны псыхалягічны бар’ер, які не дазваляе аднавіць давер паміж шырокімі коламі насельніцтва і прадпрымальнікамі. Хаця часам заробак рабочага на Трактарным ці на МАЗе набліжаецца да даходу сярэдняга прадпрымальніка на Ждановічах ці Дынама”.

(Дракахруст: ) “Удзельнікі прадпрымальніцкіх страйкаў гавораць, што новы парадак спагнаньня ПДВ робіць іх далейшую працу немагчымай. Але ж у страйку ўдзельнічала прыблізна палова ўсіх дробных гандляроў. Дык можа ня ўсіх новаўвядзеньні з ПДВ ставяць на мяжу банкруцтва?

(Марголін: ) “Людзі, якія прывозяць тавар з Польшчы, Нямеччыны, Італіі, яны калі і страйкавалі, то толькі на знак салідарнасьці. Тое ж самае тычыцца тых, хто купляе тавар у нас у Менску на гуртовых рынках. Ёсьць частка прадпрымальнікаў, якіх проста запалохалі. У Менску на Кастрычніцкай плошчы, дзе праходзіў мітынг прадпрымальнікаў, пад зямлёй ёсьць гандлёвы цэнтар "Купалаўскі". Я прайшоў там, там прыкладна палова не працавала. З другой паловы частка прысутнічала на працоўных мейсцах, хаця не гандлявалі.Але паколькі яны выйшлі, значыць яны заплацілі падатак за сакавік. Гэта відаць, больш заможная частка прадпрымальнікаў, якія рашылі – працаваць мы можа і ня будзем, але падатак усё ж заплацім”.

(Дракахруст: ) “Пасьля украінскай “аранжавай” рэвалюцыі людзі часам бачаць цень падобнай рэвалюцыі ў любым пратэсьце ў любой з постсавецкіх краінаў, але на думку Ўладзімера Падгола страйк беларускіх прадпрымальнікаў – не золак рэвалюцыі, а яскравае пацьверджаньне працягу стагнацыі”.

(Падгол: ) “Было вельмі сумна глядзець на гэты выступ беларускіх прадпрымальнікаў, бо яны былі самотныя. Ужо тое, што іх не падтрымалі пакупнікі – гэтым сказана ўсё. Гэта падзеленае грамадзтва. Нарыў быў у адным месцы, ён прарваўся, выплюхнуўся і згас. У кожнага прадпрымальніка, "чаўнака", у яго за дзень – 10 пакупнікаў. Яны мусілі стаяць побач з гэтым прадпрымальнікам. Тады б Ваш намёк меў рацыю. А так гэта былі "голыя" прадпрымальнікі, некалькі палітычных лідэраў прыйшлі, выступілі, ім было Шумчанкам загадана не казаць пра палітыку ані слова. Таму гэта былі вылегчаныя выступы Коласа і Статкевіча. Гэты страйк сьведчыць пра стагнацыю, а не пра рэвалюцыю”.

(Дракахруст: ) “Як мы чулі раней, Анрэй Клімаў ня лічыць прадпрымальніцкі страйк палітычнай акцыяй, па меншай меры самі прадпрымальнікі ня лічаць яго такім. Але...”

(Клімаў: ) “Іншая справа, у якім кантэксьце разглядаць іх выступы. Ужо незалежна ад таго, хочуць таго прадпрымальнікі ці не, і апазыцыя і ўлады вымушаныя разглядаць іх выступ як палітычны. Чаму? Лукашэнка заявіў, што ён не выканае патрабаваньне прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі заявілі, што магчыма перагледзяць сваё стаўленьне да ўладаў і пяройдуць да палатычных лёзунгаў. Сам па сабе гэты эмацыйны выбух спрыяе росту іх грамадзянскай сьвядомасьці, разуменьню, што ад іх актыўнасьці магчыма залежыць будучыня ўсёй краіны. Мы мае зародак буржуазнай рэвалюцыі, дзе рухавіком выступаюць прадпрымальнікі. Яны сваім рухам даюць прыклад, як вырашаць пытаньні, перадаюць астатнім людзям эмацыйны імпульс, разьнявольваюць грамадзтва”.

(Дракахруст: ) Леў Марголін прапануе свой адказ на пытаньне, хто ж ўрэшце пераможа ў дужаньні прадпрымальнікаў і ўлады”.

(Марголін: ) “Тут усё будзе залежыць ад арганізаванасьці і ўпартасьці прадпрымальнікаў. Калі яны здолеюць арганізаваць хаця б большую частку хаця б тых, хто сапраўды ад гэтага церпіць, на страйк, на адмову ад выплаты падатку, я мяркую, што яны ўсё ж перамогуць, бо ў малых гарадох, райцэнтрах 26% падатковых паступленьняў даюць дробныя прадпрымальнікі. Калі месяц, два, тры яны ня будуць працаваць, здолеюць не працаваць і не плаціць падатак, то мясцовыя бюджэты проста лопнуць. Але я не выключаю, што ва ўладаў усё ж атрымаецца задушыць прадпрымальнікаў, бо ад ўсіх гэтых навацыяў больш за ўсё церпяць самыя дробныя гандляры, якія гандлююць капеечным таварам. Калі ўлады здолеюць раскалоць прадпрымальнікаў, то самыя дробныя прадпрымальнікі будуць вымушаныя спыніць сваю дзейнасьць, а тыя, хто больш багатыя, перш за ўсё гэта тычыцца менчукоў, яны змогуць пэўны час сваю дзейнасьць працягваць.

Але мне здаецца, што гэта сытуацыя канца 1920-х гадоў – спачатку душылі тых, хто бяднейшы, потым – тых, хто больш багаты, а ў рэшце рэшт прадпрымальнікаў як такіх у нас не застанецца”.

(Дракахруст: ) “А Аляксандар Лапотка адзначае, што сам па сабе ўдзел у страйку і рэакцыя ўладаў паступова палітызуюць прадпрымальнікаў”.

(Лапотка: ) “Я мяркую, што прадпрымальнікі ўжо часткова пачынаюць палітызавацца. Ня ўсе, бо людзі палохаюцца гэтага слова, людзей запалохалі. На актывістаў ідзе вельмі моцны ціск, іх пазбаўляюць арэнды, ёсьць факты, што актывістаў выклікаюць у КДБ і дапытваюць па паўтары гадзіны. У прынцыпе прадпрымальнікі робяць высновы і пачынаюць пакрысе палітызавацца. Калі ўчора на прадпрымальніцкіх сходах у розных гарадох гучалі звароты да прэзыдэнта як да гаранта Канстытуцыі, то зараз пасьля масавых выступаў, пасьля жорсткіх здушэньняў гэтых выступаў, пасьля таго, што патрабаваньні прадпрымальнікаў не былі пачутыя, ужо прапановаў зьвярнуцца да гаранта Канстытуцыі не чутна, зараз ужо гучаць галасы, што трэба патрабаваць зьмены ўраду, выказваць недавер да прэзыдэнта. Яны, магчыма, яшчэ самі не разумеюць, што яны кажуць і што робяць, але гэта – першыя парасткі палітызацыі прадпрымальнікаў.

Прадпрымальнікі цяпер пайшлі далей. На сваім пасяджэньні прынялі рашэньне, што і 25 сакавіка, калі будзе марш Волі, мы выйдзем падтрымаць усіх працоўных”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG