Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніводнага літра гарэлкі ў Расею не прададзім?


Казімер Яноўскі, Гомель Ніводнага літра гарэлкі не прадаў сёлета ў Расею гомельскі лікера-гарэлачны завод, гэтаксама, як і іншыя беларускія прадпрыемствы, што вырабляюць моцныя алькагольныя напоі. Чаму так атрымалася? Тэму дасьледаваў наш гомельскі карэспандэнт.

Начальніца аддзелу збыту Гомельскага лікера-гарэлачнага заводу Іна Палхоўская пацьвердзіла Радыё Свабода, што сёлета моцныя напоі ў Расею прадпрыемства не прадавала.

(Палхоўская: ) “У гэтым годзе пакуль не прадавалі”.

Не экспартавалі сваю гарэлку ў Расею і вытворцы мазырскага заводу “Этанол”. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Іван Замулка:

(Замулка: ) “Пакуль – не. Не канкурэнтаздольная наша гарэлка з прычыны высокага кошту. Украінская танейшая”.

Паколькі кошт беларускай гарэлкі вышэйшы, чымсьці ў расейскіх ды ўкраінскіх вытворцаў, то Расея запатрабавала ад беларускага боку ўносіць пэўныя залогавыя сумы на ўвоз моцных напояў. Апрача таго, экспарцёры беларускай гарэлкі павінны мець адмысловыя акцызныя маркі Расейскай Фэдэрацыі на ўвезеную алькагольную прадукцыю.

Згаданыя ды некаторыя іншыя абмежаваньні і спаралізавалі экспарт беларускай гарэлкі ў “саюзную дзяржаву”.

Наколькі вядома, канцэрн “Белхарчпрам”, якія праз свой гандлёвы дом ажыцьцяўляе пастаўкі беларускай гарэлкі ў Расею, ужо паінфармаваў урад Сяргея Сідорскага пра складаную сытуацыю з экспартам моцных напояў.

Ці зрабіў нейкія захады беларускі ўрад дзеля ўрэгуляваньня гарэлачнага экспарту, ні вытворцам, ні грамадзкасьці пакуль не паведамілі.
XS
SM
MD
LG