Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Менску: “Ці сутыкаліся вы з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын?”


Галіна Абакунчык, Менск 8 сакавіка ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца традыцыйнае сьвята савецкіх часоў – Міжнародны дзень жанчын. Па-ранейшаму да гэтага дня беларускім жанчынам рыхтуюць падарункі і кветкі, выказваюць словы павагі й пашаны. Але ці адбываецца гэтак заўжды? “Ці сутыкаліся вы з выпадкамі дыскрымінацыі жанчын?” Гэтае пытаньне мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Ці даводзілася вам калі-небудзь сустракацца з дыскрымінацыйным стаўленьнем да жанчыны?”

(Спадарыня: ) “Гэта сустракаецца. Якім чынам? Ну, калі, напрыклад, ёсьць выбар у справе прызначэньня на пасаду, то заўсёды прызначаюць мужчыну. Хаця жанчына, магчыма, гэтую працу можа выканаць і хутчэй і больш кваліфікавана.”

(Спадарыня: ) “Так, бываюць такія выпадкі, калі да жанчыны адносяцца без павагі й пашаны. Да прыкладу, калі гэта зьвязана з працай, то да жанчыны належным чынам ня ставяцца”.

(Спадарыня: ) “У мяне была бабуля Марыя, у 1941 годзе яе вельмі малады муж загінуў на фронце. І яна заўсёды мяне вучыла, каб з павагай і пашанай ставіцца да мужчыны. Калі яму будзе добра, то й да жанчыны ён таксама будзе ставіцца добра”.

(Юначка: ) “Я ведаю такія выпадкі, калі жанчына шукае працу й першае пытаньне да яе – гэта пра сям’ю і дзяцей. Пэўна з прычыны магчымых іхных хваробаў. Я лічу, што гэта ня мусіць уплываць на працаўладкаваньне й далейшую кар’еру жанчыны. І ўвогуле, у гэтым сэнсе можна ўзгадаць, што, да прыкладу, на вуліцы Сурганава вельмі шмат творчых майстэрняў. Там працуюць мужчыны, а жанчыны мусяць наладоўваць свае майстэрні дома, у прыватных кватэрах”.

(Спадарыня: ) “Я ўвогуле лічу, што жанчынаў павінна быць больш у дзяржаўным кіраўніцтве. Яны больш дасьведчаныя ў жыцьці й лепш могуць вырашаць пытаньні сацыяльнага пляну. Напрыклад, сям’і, жыльля. Канечне, павінна быць больш жанчын, але ж гэтага няма.”

(Спадар: ) “Быццам бы ўсё дазволена і жанчыне, і мужчыну. Але ж на самой справе не заўсёды так адбываецца. Вось і ў парлямэнце, і на ніжэйшым узроўні чамусьці людзі больш выбіраюць мужчын. Гэткім чынам, схаваная дыскрымінацыя ёсьць і пра гэта трэба казаць, і пісаць, і паднімаць жанчыну на вышэйшы ўзровень. Ну, а так – усё нармальна! Ну, не чуваць, не відаць, каб нехта жанчыну ня ўзяў на працу! Ніхто вас, як кажуць, не прыціскае і вам, жанчынам, баяцца няма чаго. Роўныя што вы, што мы, а таму можа гэтага й пытаньня ня трэба падымаць. Са сьвятам вас!”
XS
SM
MD
LG