Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве забаранілі піць піва і паліць у грамадзкіх месцах


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскі гарадзкі савет дэпутатаў забараніў расьпіваць піва і паліць цыгарэты ў грамадзкіх месцах. Такое рашэньне было прынятае на апошняй сэсіі савету. Якія меры будуць ужываць да парушальнікаў забароны і як паставіліся да гэтага рашэньня магілёўцы?

Паводле рашэньня Магілёўскага гарсавету, за продаж маладым людзям да 18 гадоў піва, цыгарэтаў і картаў для гульні прадаўцы будуць пазбаўляцца ліцэнзіяў. Калі падлетка заўважаць зь півам у грамадзкім месцы, яго бацькоў прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці. Такія меры, паводле слоў чыноўнікаў, абумоўленыя распаўсюджаньнем піўнога алькагалізму сярод моладзі, што ў сваю чаргу вядзе да росту злачыннасьці сярод непаўнагадовых.

Як паставіліся магілёўцы да забароны паліць і піць піва ў грамадзкіх месцах? З такім пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў на вуліцах гораду.

(Спадарыня: ) “Вельмі станоўча, таму што гэта здароўе. А калі я не куру, дык мне ўвогуле шкодзіць гэта”.

(Спадарыня: ) “Вельмі добра, асабліва што датычыцца курэньня. Таму што ёсьць людзі, якія ўвогуле не выносяць пах тытуню – малыя дзеці, цяжарныя жанчыны. Гэта вельмі добра – забарона”.

(Спадарыня: ) “Калі ідуць і расьпіваюць піва, альбо кураць, асабліва дзяўчыны – я лічу, што гэта нонсэнс, гэта непрыгожа”.

(Спадарыня: ) “Піва дык я ня ведаю, а наконт цыгарэтаў – так. Можа піва і карыснае, у ім вітамін В”.

(Спадар: ) “А як змагацца з п’янствам? Трэба спачатку забараніць продаж пладова-ягадных вінаў, а потым ужо забараніць піва піць у грамадзкіх месцах ці ў неграмадзкіх”.

(Спадар: ) “Добра стаўлюся, таму што я сам не куру”.

(Спадар: ) “А піва… Канечне, забарона некаторыя нязручнасьці створыць, але мяркую, што ўсё будзе нармалёва. Будзе больш парадку!”

(Спадар: ) “Увогуле ў краіне барацьба за здаровы лад жыцьця, і таму гэта не ўваходзіць ні ў якія рамкі ”.

(Юнак: ) “Паленьне і расьпіваньне піва ў непаўналетнім узросьце – гэта непрыгожа. Я лічу, што гэта няправільна, як робіць цяперашняя моладзь”.

(Спадарыня: ) “Вельмі станоўча, таму што я настаўніца. І ў нас ёсьць праблемы, у мяне ў клясе праблемы. Дзеці, якія п’юць піва, стаяць на ўліку. Гэта 9-ая кляса, 15 гадоў, а дзеці паляць”.

(Спадарыня: ) “Вось цяпер хлопчыкі стаялі за вуглом, курылі, ім 12 гадоў. Гэта ж не нармальна”.

(Спадар: ) “Гэта некультурна, непрыгожа, з аднаго боку, і непрыстойна. Але для гэтага павінны быць адведзены недзе іншыя грамадзкія месцы. Такое маё асабістае меркаваньне”.

Паводле апытаньня на вуліцах Магілёва, большасьць жыхароў абласнога цэнтра падтрымлівае забарону Гарсавету паліць і піць піва ў грамадзкіх месцах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG