Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі камэнтуюць вынікі выбараў у Малдове і інцыдэнт зь беларусамі


Валер Каліноўскі, Менск Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людміла Гразнова зазначыла, што не разумее прычынаў інцыдэнтаў зь беларускімі назіральнікамі на выбарах у Малдове, аднак мяркуе, што перамога камуністаў была прагназаванай.

(Гразнова: ) “Я мяркую, што камуністы Малдовы адчулі перамены ў грамадзтве на постсавецкай прасторы, своечасова зарыентаваліся, сустрэчы Вароніна з Юшчанкам і Саакашвілі шмат аб чым гавораць. Камуністы – гэта па назьве гучыць даволі змрочна, але насамрэч, можа, у гэтай сытуацыі яны больш дэмакратычныя, адстойваюць незалежнасьць сваёй краіны, заходнія каштоўнасьці. І апазыцыйныя сілы не змаглі чаго ім супрацьпаставіць ды, можа, не былі такія кансалідаваныя. Таму гэта павінна быць урокам для нашай апазыцыі, каб яна знайшла сілы зьяднацца і атрымаць перамогу ў будучыні”.

Прадстаўнік БНФ прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі кажа, што інцыдэнты зь беларускімі назіральнікамі адлюстроўваюць стан малдаўскага грамадзтва і ўлады, аднак мяркуе, што сытуацыя там лепшая, чым у Беларусі, апазыцыя мае там большыя магчымасьці.

(Баршчэўскі: ) “На мой погляд, Малдова даволі сымптаматычная краіна, у значнай ступені мэнталітэт яе народу набліжаны да нашага, і нейкія пракамуністычныя сантымэнты ёсьць, паколькі пры камуністах забясьпечвалася нейкая стабільнасьць, што ёсьць каштоўнасьцю ў малдаван ня меншай, чым у беларусаў.

Таму дзіва няма, што два разы запар выйграюць людзі, якія маюць у назве “камуністычная партыя”. Але тое, што Ўладзімер Варонін афіцыйна заявіў, што ён ня проста камуніст, а эўракамуніст, і што ў яго арыентацыя на заходнія каштоўнасьці, гэта канечне выбіла і шмат якія казыры ў апазыцыі.

Ну а паколькі Масква вядзе па-ранейшаму свой абсалютна неразумны курс, які дыктуюць Рагозін, Жырыноўскі і кампанія, то яна чарговы раз пацярпела паразу, таму што ў дадзенай сытуацыі малдаване зрабілі выбар у заходні бок, а Масква засталася зноў ні з чым, горш чым было ў Грузіі і ва Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG