Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чужая яечня ня вечна


Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Мала што ў сьвеце не прыўласьнена чалавекам ці народам, прагнымі да спажывы й валоданьня. Хіба народная культура была й ёсьць агульналюдзкой каштоўнасьцю: у якой бы мове яна ні існавала, а паказвае на адзіную крыніцу – даўнюю старажытнасьць.

Гэтак, засьцерагаючы каго ад празьмернай карысьлівасьці, беларус папярэджвае: чужая яечня ня вечна альбо у чужое шчасьце ня ўкупісься; чужым дабром не пражывеш. Бывае, прымаўка яшчэ й ляканічна падраджвае: на чужы каравай вачэй не парывай – свой сьпячы ды скачы.

Насамрэч хто любіць пажывіцца з чужое працы, той і пра сваё благі дбайца. Суседзі расейцы да такіх кажуць: чужой обед сладок, да непрочен. І тое праўда. У нашых краёх акрэсьліваюць: чужым дабром не запаможасься. Бо мусіш рупіцца сам пра сваю жытку. Між тым, у далёкія гістарычныя часы было надзвычай дакладна сфармулявана: alieni appetens, sui profusus – прагны да чужога і свайго не беражэ. Гэтак Цыцэрон ахарактарызаваў Катыліна – арганізатара выкрытай у 63-м годзе да нашай эры змовы.

А я ўпершыню пачула выснову чужая яечня ня вечна ад нашае эмігранткі, што займела напрыканцы 1990-х радасную мажлівасьць завітаць на Бацькаўшчыну. Апавядаючы пра свае гасьцяваньні ў Амэрыцы то ў адной беларускай сям’і, то ў іншай, яна падвынікавала: “Як зразумела, што чужая яечня ня вечна, дык і працу вышукала”.

Падаецца, цяпер шмат каму са спадарства якраз прысьпеў час кінуць пахіляцца да розных зычліўцаў ды фундатараў альбо гнуцца перад уладцамі. Куды больш годна прыгадаць спаконвечнае: чужая яечня ня вечна.
XS
SM
MD
LG