Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кубак Дэвіса: Беларусь – Румынія 2:3


Ігар Карней, Менск Напярэдадні позна ўвечары зборная Беларусі ў тэнісе – паўфіналіст мінулагодняга Кубка Дэвіса (неафіцыйнага каманднага чэмпіянату сьвету) – прайграла ў 1/8 Кубка Дэвіса камандзе Румыніі. У апошні дзень спаборніцтваў пакуль што безальтэрнатыўныя ракеткі беларусаў – Максім Мірны і Ўладзімер Валчкоў, –досыць лёгка саступілі першым нумарам румынскай зборнай – Андрэю Павэлу і Віктару Ханэску. Адмыслоўцы лічаць, што настаў час істотнага амаладжэньня каманды.

Пасьля першых двух дзён спаборніцтваў беларускія заўзятары ня беспадстаўна спадзяваліся на перамогу зборнай: напярэдадні двух апошніх матчаў у актыве беларусаў былі дзьве перамогі і адна параза, а значыць, дзеля выхаду ў 1/4 Кубка Дэвіса хапіла б адной перамогі.

Агульны настрой тэлегледачоў падзялялі і камэнтатары каналу ОНТ, якія ўжо прагназавалі, на якім высокім узроўні, адрозна ад румынаў, будуць прымаць у Менску зборную ЗША. Але атрымалася інакш: і Мірны, і Валчкоў досыць бязвольна саступілі румынскім тэнісістам, а патэнцыйны спарынг-партнэр, мінулагодні фіналіст Кубка Дэвіса, каманда ЗША, нечакана прайграла маладой камандзе Харватыі.

Пасьля паразы Беларусі адмыслоўцы ў адзін голас загаварылі менавіта пра неабходнасьць амаладжэньня і беларускай каманды. Вось што гаворыць спартовы камэнтатар тэлеканалу ОНТ Мікалай Петрапаўлаўскі.

(Петрапаўлаўскі: ) “Абкатваць калісьці трэба ж усіх, бо маладосьць мае адзін недахоп – хутка праходзіць. І, калі аб’ектыўна, – ніхто, ня ў чым і нічым ня лепшы”.

Як і ў ранейшых гульнях Кубка Дэвіса, беларускія трэнэры стаўку зноў зрабілі на ўзроставых, паводле тэнісных мерак, 29-гадовага Валчкова і 27-гадовага Мірнага. На думку тэніснага трэнэра Віктара Кляновіка, практыка штучнага адлучэньня ад вялікіх спаборніцтваў маладых спартоўцаў, якія быццам “не дарасьлі” да ўсясьветнага ўзроўню, шкодзіць як нацыянальнай камандзе, так і самім тэнісістам.

У адсутнасьць міжнароднай практыкі узровень гульцоў застаецца нізкім, а сваім коштам браць удзел у прадстаўнічых турнірах яны ня могуць. Спадар Кляновік дадае, што, нягледзячы на гучныя заявы пра дзяржаўны клопат пра тэніс і тэнісістаў, выдаткі нават дзіцячых спаборніцтваў цалкам кладуцца на плечы бацькоў.

(Кляновік: ) “Адзін турнір – гэта болей за 200 даляраў з уласнай кішэні. Плюс – квіток на самалёт. Нацяжка ракеткі – 10 даляраў… Выдаткі вялізныя, і просты чалавек ня ў стане пацягнуць іх. І ўсе, хто ня вельмі здольныя, паступова сыходзяць на нуль. Яны нікуды ня езьдзяць, у лепшым выпадку бяруць удзел у турнірах рэгіянальных, ці якія тут праходзяць. А турніраў у Беларусі – адзін-два, і ўсё”.

Пасьля паразы ад зборнай Румыніі каманда Беларусі будзе змагацца за тое, каб замацавацца ў эліце ўсясьветнага тэнісу. Дзеля гэтага беларусам неабходна пасьпяхова выступіць у стыкавых матчах зь іншымі няўдачнікамі 1/8 Кубку Дэвіса.
XS
SM
MD
LG