Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На кірмашах адбываюцца сутычкі паміж страйкоўцамі і штрэйкбрэхерамі


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак На Полаччыне сёньня страйкуе прыкладна 90% прадпрымальнікаў. Пры гэтым на мясцовых рэчавых кірмашах маюць месца сутычкі паміж страйкоўцамі і штрэйкбрэхерамі.

Самая сур’ёзная сутычка паміж тымі, хто страйкуе і хто выйшаў на працу, адбылася надоечы на полацкім рэчавым кірмашы. Там справа ледзь не дайшла да бойкі, калі паўсотні страйкоўцаў прыйшлі ўшчуваць некалькіх сваіх калегаў, што разгарнулі гандаль.

Адміністрацыя рынку выклікала АМОН, і толькі пасьля таго жарсьці сьціхлі. Пры гэтым на прадпрымальніцу Людмілу Жукаву, актыўную ўдзельніцу страйку, быў складзены пратакол аб парушэньні грамадзкага парадку, і суд прысудзіў ёй штраф у дзьве “мінімалкі”. Грошы для штрафу сабралі талакой.

Адначасова страйкоўцы сабралі сымбалічныя ахвяраваньні калегам, якія выйшлі на працу і якім, на іх думку, бракуе грошай на жыцьцё.

Сёньня ж сутычка паміж страйкоўцамі і штрэйкбрэхерамі адбылася ў Наваполацку ў гандлёвым цэнтры “Пралеска”. Туды таксама выклікалі міліцыю. Адна з удзельніц страйку была затрыманая, але потым адпушчаная дахаты.

Сёньня прадпрымальнікі Полаччыны чарговым разам зладзілі імправізаваныя сходы. Паколькі гарадзкія пляцы занесла сьнегам, дык палачане зьбіраліся ля цэнтральнага гарадзкога ўнівэрмагу, а навапалачане – непасрэдна пад вокнамі мясцовага гарвыканкаму. Гандляроў найбольш турбуе тое, што многія зь іх ужо на гэтым тыдні могуць пазбыцца гандлёвых ліцэнзій.

Гаворыць лідэр страйкоўцаў Полаччыны Валер Шаўчэнка:

(Шаўчэнка: ) “Ціск на прадпрымальнікаў набыў пагражальныя памеры. Падатковыя органы накіравалі ўладам сьпісы прадпрымальнікаў, якія будуць пазбаўленыя ліцэнзій. У Полацку гэта каля 80-ці чалавек, у Наваполацку, наколькі мне вядома – калі 60-ці. Тым ня менш 90 адсоткаў нашых прадпрымальнікаў працягваюць страйк, і зьбіраюцца страйкаваць да перамогі”.

Заўважым у пастскрыптуме, што ўлады ўзмацнілі ціск і на самога Валера Шаўчэнку, голас якога гучаў. 10 сакавіка Полацкі гарадзкі суд будзе разглядаць справу па абвінавачаньні лідэра страйкоўцаў у арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу.
XS
SM
MD
LG