Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У чацьвер Эўрапарлямэнт вырашыць, ці зьяўляецца Лукашэнка “дыктатарам”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Канчатковы тэкст так званага Пляну дзеяньняў Эўрапейскага зьвязу ў справе дэмакратызацыі Беларусі перададзены камісару Эўразьвязу ў справах вонкавых дачыненьняў Бэніце Фэрэра-Вальднэр, а таксама Хаўеру Саляне. Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Богдан Кліх, ён падрыхтаваў таксама тэкст рэзалюцыі ў справе палітвязьняў, у якім беларускі рэжым упершыню прапануецца назваць “дыктатарскім” – галасаваньне адбудзецца ў чацьвер. З Богданам Кліхам, які выступаў супраць пункту пра абвяшчэньне Лукашэнкі дыктатарам, размаўляў наш варшаўскі карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “У адным з апошніх інтэрвію Богдан Кліх назваў палітыку Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку і Польшчы, у дачыненьнях зь Беларусьсю “неэфэктыўнай”. Я запытаўся ў спадара Кліха, якой тады, на ягоную думку, гэтая палітыка павінна быць, каб быць эфэктыўнай”.

(Кліх: ) “Стратэгіі, якія выкарыстоўвалі да гэтага часу розныя краіны ў дачыненьнях зь Беларусьсю аказаліся неэфэктыўнымі. Тут гаворка ідзе і пра больш мяккі падыход, якога прытрымліваліся Польшча, Швэцыя ці Літва і пра больш жорсткі, якім карысталіся Злучаныя Штаты ці Нямеччына. Гэта падштурхоўвае да таго, каб перагледзець палітыку Брусэля ў дачыненьнях зь Менскам і з такімі прапановамі наша дэлегацыя выступіла.

Мы перадалі Плян дзеяньняў Эўразьвязу ў справе дэмакратызацыі Беларусі Бэніце Фэрэра-Вальднэр і Хаўеру Саляне. Гэты дакумэнт будзе своеасаблівай шпаргалкай для Эўрапейскай камісіі, калі будзе вырашацца, як узмацніць ізаляцыю ўладаў і адначасова павялічыць дапамогу беларускаму грамадзтву.

У Пляне дзеяньня больш за 30 пунктаў. Які будзе адказ кіраўніцтва Эўразьвязу – пакуль невядома, ня так лёгка зьмяніць цяперашнія мэханізмы, якія выкарыстоўвае Эўрапейская Камісія ў дачыненьнях зь Беларусьсю. Але ўнутры Эўразьвязу ў гэтай справе ідзе пастаянны дыялёг, чарговым этапам якога будзе разгляд рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ў справе Беларусі, якая тычыцца палітычных вязьняў і была выкліканая выракам у справе спадара Марыніча”.

(Карэспандэнт: ) “У часе працы над зьместам Пляну дзеяньняў Эўрапейскага зьвязу ў справе дэмакратызацыі Беларусі, кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Богдан Кліх выступіў супраць унясеньня ў дакумэнт слова “дыктатарскі”, калі гаворка ідзе пра беларускі рэжым. Чаму?”

(Кліх: ) “Я выступіў супраць, бо я лічу, што гэта адзіны пункт, які ў гэтым дакумэнце ня мае значэньня. Гэта выключна палітычная дэклярацыя, а ў Пляне дзеяньняў мы прапануем Эўрапейскай камісіі шэраг канкрэтных захадаў, што трэба зрабіць у межах візавай палітыкі, падтрымкі незалежных мэдыяў, рэформы праграмы ТАСІС, як дапамагчы Эўрапейскаму гуманітарнаму ўнівэрсытэту і гэтак далей. Я асабіста гляджу на палітку больш як на магчымасьць менавіта канкрэтных захадаў, а не дэклярацыяў, якія застаюцца толькі дэклярацыямі. Гэта па-першае, а па другое, у Эўрапарлямэнце ёсьць такі прынцып, што ў пазыцыя асобных органаў парлямэнту не павінна выходзіць за межы, вызначаныя ўсім парлямэнтам. Нідзе ў афіцыйных рэзалюцыях не прагучала слова “дыктатарскі” ў дачыненьні да беларускага рэжыму. Аднак, магу вас супакоіць – большасьць сябраў дэлегацыі пастанавілі, што нягледзячы ні на што, такі запіс павінен быць у пляне. І я, рыхтуюучы на чацьвер праект рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ў справе палітычных вязьняў, унёс туды такі запіс”.

(Карэспандэнт: ) “Напрыканцы размовы я папрасіў Богдана Кліха расказаць пра тое, на якім этапе знаходзіцца рэалізацыя праекту аб стварэньні незалежнага эўрапейскага радыё, якое вяшчала б на тэрыторыю Беларус”.

(Кліх: ) “Што тычыцца радыё для Беларусі, дык я магу толькі сказаць, што справы ідуць у добрым накірунку. Прабачце, але больш нічога на гэты конт я гаварыць не хацеў бы”.
XS
SM
MD
LG