Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе шукаць “Скарб Напалеона”?


Уладзімер Глод, Менск 7 сакавіка ў кнігарнях Беларусі зьявіцца прыгодніцка-гістарычная аповесьць вядомага літаратара і публіцыста Сямёна Букчына “Скарб Напалеона”. Яна прысьвечаная адной з самых таямнічых загадак нашай гісторыі – скарбу, які, паводле загада францускага імпэратара, быў схаваны дзесьці каля Барысава, калі адступаючае з Расеі войска пераходзіла праз раку Бярэзіну. У мэмуарах удзельнікаў той вайны, розных гістарычных творах сьцьвярджаецца, што Напалеон вёз з сабою велізарную колькасьць нарабаванага ў Расейскай імпэрыі золата, срэбра, каштоўных камянёў ды іншага дабра, якое ня знойдзена аж да гэтага часу. Вось яшчэ адна, калі не самая галоўная, з прычынаў таго, што любыя згадкі пра скарб Напалеона выклікаюць падвышаную цікавасьць.

Я прачытаў аповесьць, як кажуць, на адным дыханьні, паколькі гэты сюжэт – цікавейшая сумесь прыгодніцкага і гістарычнага матэрыялу. Два сучасныя юнакі ідуць па сьлядох лейтэнанта францускай арміі Савэна, якому падчас бярэзінскай пераправы маршал Нэй загадаў схаваць ня толькі нарабаванае ў Маскве, але і казну генэральнага штаба – залатыя франкі, якімі Напалеон разьлічваўся са сваімі салдатамі ды афіцэрамі. Аўтар сьцьвярджае, што аповесьць будуецца на частцы ягоных архіўных бібліяграфічных і гістарычных пошукаў, а лейтэнант Савэн – сапраўдная гістарычная фігура:

(Букчын: ) “Таму што калі я займаюся ў архівах той ці йншай тэмай, асабліва маскоўскіх ці ленінградзкіх архівах савецкіх часоў, ці картатэках, я ніколі не праходжу міма таго, што злучана зь Беларусьсю. І вось я натрапіў на матэрыялы пра лёс францускага лейтэнанта Савэна. І ў мяне зьявілася думка, што пра гэта можна цікава расказаць. Неабходнасьць перапраўляцца праз раку пад абстрэлам расейскіх гарматаў рабіла немагчымым для французаў пераправіць усё – і нарабаванае, і казну. І таму частку рэчаў і частку золата закапалі на левым беразе Бярэзіны. З гэтага й нарадзіўся сюжэт”.

Чаго ў новай кнізе больш – сапраўдных гістарычных падзеяў ці аўтаравай фантазіі? Мы даволі доўга гутарылі пра гэта, дарэчы, і адносна новай кнігі Сямёна Букчына, і наагул пра права аўтара на карыстаньне як архіўнымі дакумэнтамі, так і ўласнымі меркаваньнямі. Мабыць, мне няма сэнсу ўсё гэта пераказваць, а вось пра тое, што тычыцца аповесьці “Скарб Напалеона”, вось меркаваньні самога аўтара:

(Букчын: ) “Гэты сюжэт дазволіў мне ў пэўнай ступені папулярызаваць тое, што адбывалася на Бярэзіне. Бо мы ведаем, што была пераправа, што так званая Вялікая армія там пацярпела, было шмат ахвяраў. Але вось падрабязнасьці – як гэта ўсё было? Ня проста ж яна адступала, а ззаду за ёй ішлі расейскія войскі. Дарэчы, імпэратар Францыі мусіў там трапіць у пастку, у палон. А, ведаеце, як ён выйшаў з сытуацыі? Пабудаваў фальшывую пераправу ў іншым месцы. І расейцы ў гэта паверылі. Гэтыя ды іншыя гістарычныя абставіны выкладзеныя ў аповесьці. Праз перапіску расейскіх вайсковых камандуючых, розных вайсковых дзеячоў паказана, як адбываліся гэтыя падзеі”.

Ці не атрымаецца так, што пасьля азнаямленьня з новай кнігай прыхільнікі скарбаў кінуцца на пошукі здабычы? Магчыма, што і так. Але нават і тады, як я даведаўся ад спадара Букчына, гэта ўжо ня стане першай хваляй пошуку, паколькі першы раз шукальнікі скарбу масава зьявіліся на Бярэзіне амаль 100 гадоў таму, калі ў 1912 годзе ў Расейскай імпэрыі шырока адзначалі перамогу над Напалеонам:

(Букчын: ) “Сюды, на Беларусь, прыехала шмат шукальнікаў розных скарбаў. Па берагох Бярэзіны блукалі самыя розныя людзі: і прыежджыя, і беларусы, і маладыя...”

Гэта далёка ня першая гістарычная аповесьць Сямёна Букчына. Яна, як і, прыкладам, трыптых “Да мячоў рвануліся нашыя рукі”, пра лёс дзекабрыстаў, якія тым ці іншым чынам былі зьвязаныя зь беларускай зямлёй, альбо аповесьць “Апошні год Дзяніса Фанвізіна”, ёсьць плёнам яго навуковых архіўных пошукаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG