Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёлета беларускіх майстроў на віленскім Казюку было меней, чым звычайна


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні гэтымі выходнымі віраваў традыцыйны Казюковы кірмаш. Народныя майстры зь Літвы й суседніх краінаў, у тым ліку, вядома, і зь Беларусі, прывезьлі свае вырабы ў Вільню і сёлета – гэта сталася традыцыяй.

Казюк – гэта кірмаш і адначасова гарадзкі фэст, які ладзіцца штогод у Вільні у выходныя, бліжэйшыя да дню Сьвятога Казіміра 4 сакавіка. Гісторыкі цьвердзяць, што ад 1602 г., калі сын Ягайлы каралевіч Казімер быў абвешчаны сьвятым, у Вільні пачалі адбывацца тэатралізаваныя шэсьці 4 сакавіка – так нарадзілася традыцыя Казюковых кірмашоў. У міжваенным часе іх цэнтрам у Вільні быў Лукіскі пляц. Пазьней у Вільню на Казюка зьбіраліся хіпі з усіх канцоў былога СССР.

На гэтыя дні Вільня зьмяняецца – вулкі старога места запоўненыя народнымі майстрамі і іх вырабамі, гучыць музыка, на Ратушавым пляцы зьяўляецца сапраўдная карчма, дзе можна пагрэцца гарачым хатнім півам, побач проста на вуліцы – каваль разьдзьмувае кавальскія мяхі. Дзівосы сёлетняга Казюка – 5-мэтровая драўляная ванна зь печкай для падагрэву вады; лазовы кош даўжынёй мэтраў 10 і вышынёй мэтраў 5; палепшылася таксама выданьне “Казюкавай газэты”.

Традыцыйныя тавары на Казюка, за якімі прыходзяць сюды, якія трэба набыць абавязкова – найперш адметныя віленскія пальмы (вербы), адмысловыя мядовыя пернікі – Казюковы сэрцы, мяккія абаранкі – у памяць знакамітых смаргонскіх, якія вешалі на шыю – зрэшты, гэтак робяць і цяпер. І – кошыкі, самыя разнастайныя рэчы з лазы і саломы, са скуры, ільну і воўны, а таксама дрэва, шкло – усё, што робіцца сваімі рукамі для гаспадаркі і забавы.

Распавядае майстар па вырабе акарынаў:

(Майстра: ) “Акарына – гэта ад італьянскага слова “гусёнак”, яна мае ня мяней пяці нотаў, увогуле так сталі называць гліняныя сьвістулькі з дзірачкамі – вось звычайная сьвістулька так гучыць (паказвае), а калі ужо ёсьць дзірачкі – так (грае)”.

У беларускага майстра я набыла акарыну з чорназадымленай керамікі – у Літве такіх і ня робяць, здаецца.

Майстры на Казюка прыяжджаюць з усёй Літвы і з суседніх краінаў. Падыходжу да хлопцаў зь нейкім адмысловым кухонным начыньнем, каля якіх шмат аранжавых колераў – яны з Украіны.

(Украінскія майстры, па украінску: ) “Падабаецца тут. Добра набываюць. У нас няма такога на Украіне, каб такі масавы, шматлюдны кірмаш”.

Зь Беларусі на Казюка прыяжджаюць керамісты, разьбяры, заўсёды шмат беларускіх мастакоў. Сёлета беларускіх майстроў было меней – хаця Казюк для многіх зь іх доўгачаканы ды любімы, яны наракаюць на яго камэрцыялізацыю.

(Беларускі майстар: ) “Каштуе гэтае месца, каб прадаваць свае вырабы на Замкавай, 60 літаў. Ёсьць перакупшчыкі. Калі здалёк прыяжджаюць людзі, яны плацяць перакупшчыку 200 літаў, і яшчэ па 60 літаў штодня. Цяжка – трэба, каб мясцовыя віленчукі паклапаціліся загадзя, каб купіць гэтае месца”.
XS
SM
MD
LG