Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца ў Польшчы да цешчаў і сьвякровак?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы ў гэтыя выходныя адзначаўся “Дзень цешчы і сьвякрові”. Як паказваюць вынікі адмысловых апытаньняў, польскія цешчы становяцца з кожным годам лепшымі. Якімі ёсьць узаемаданосіны цешчы і зяця, сьвякрові й нявесткі ў Польшчы?

Анэкдоты і прымаўкі пра цешчаў, кшталту “цешча павінна мець толькі адзін зуб, каб адкаркоўваць зяцю піва”, становяцца ў Польшчы ўсё менш актуальнымі.

Напярэдадні сьвята, у польскіх мэдыях зьяўляліся шмат апытаньняў вядомых людзей аб іхным стаўленьні да цешчы ці сьвякрові, дык вось я ўвогуле не сустрэў, каб нехта сказаў пра іх нешта дрэннае. У скрайнім выпадку – стаўленьне нэўтральнае.

“Я маю ідэальную цешчу, бо яна ня ўмешваецца ў нашае з жонкай жыцьцё, а акрамя гэтага яна яшчэ і вельмі разумны чалавек. Таму ў мяне няма ніякіх прычынаў, каб быць дрэнным зяцем”, кажа актор Войцэх Маляйкат.

Сярод жанчынаў, якія бралі ўдзел ў апытаньнях, найлепшыя дачыненьні зь нявесткамі маюць тыя, хто ўстрымліваецца ад бясконцых радаў, калі аб гэтым ня просяць, і ад умяшальніцтва ў штодзённае жыцьцё сваіх сыноў і іхных жонак.

Так што польскі, а можа і ня толькі польскі рэцэпт для цешчы, як быць добрай для свайго зяця – гэта неўмяшальніцтва без патрэбы ў жыцьцё сям’і сваёй дачкі.

Я сам, як зяць зь сямігадовым стажам, магу з усёй адказнасьцю сказаць, што цешчы не такія страшныя, як іх малююць. Прынамсі з маёй цешчай за ўвесь гэты час у мяне непаразуменьне здарылася толькі аднойчы, але і то гэта была спрэчка пра аўтара адной з кнігаў.
XS
SM
MD
LG