Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: у беларускіх вязьніцах утрымліваюць больш 43 000 чалавек


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Газэта “Белорусский рынок” пад загалоўкам “Дэфіцыт мэтраў правакуе рост коштаў” надрукавала кошты на арэнду жытла ў беларускай сталіцы. Здымаць кватэры жадаючых шмат, але значна зьнізілася колькасьць арэндадаўцаў. Такім чынам за апошні год кошты падвысіліся на 60-70 %. Цяпер за аднапакаёвую кватэру ў цэнтры Менску прыйдзецца плаціць ня менш за 150-200 даляраў.

“Белорусский рынок” друкуе інтэрвію з прэтэндэнтам на кандыдата ў прэзыдэнты ад дэмакратычнай апазыцыі камуністам Сяргеем Калякіным. На ягоную думку, кандыдат ад дэмакратычнай апазыцыі мусіць мець не 150-200 тысячаў подпісаў, а два мільёны. Тады ў яго ёсьць шанец.

Чытайце ў газэце пра эканамічныя і сацыяльна-палітычныя ўмовы ўмацаваньня беларускага рубля. Журналіст шукаў лёгіку ў палітыцы Нацбанку Беларусі ў сфэры ўстанаўленьня абменных курсаў беларускага рубля ў дачыненьні да замежнай валюты.

“Брестская газета” дае рэтраспэктыву ўсебеларускага страйку прадпрымальнікаў. Чытачы могуць даведацца пра сытуацыю ў розных рэгіёнах Берасьцейскай вобласьці.

Міністэрства ўнутраных справаў ініцыюе амністыю. Па колькасьці асуджаных Беларусь займае 5 месца ў сьвеце. Раней была на трэцім месцы. У беларускіх калёніях і сьледчых ізалятарах утрымліваюць больш 43 000 чалавек. Чытайце аб гэтым у “Брестской газете”.

8 кіляграмаў ртуці знайшлі на тэрыторыі дзіцячага садка ў Бярозе. Тры колбы з атрутай знаходзіліся на пляцоўцы для гульняў пад макетам лодкі. Знайшлі ўладальніка – 22-гадовы жыхар Бярозы прызнаўся міліцыянтам, што знайшоў вадкі мэталь на тэрыторыі вайсковага гарадку і схаваў яго на дзіцячай пляцоўцы.

“Брестская газета” цэлую паласу прысьвяціла тэме жанчыны. Мужчыны могуць прачытаць парады, што трэба рабіць каб падабацца жанчынам. Як утрымаць жанчыну побач? Як яе зразумець? Чытайце аб гэтым у сёньняшнім нумары.

“Белорусская газета” дае вялікі іранічны матэрыял на тэму “Ўлада і жанчына”. Кірыл Спатыковіч наведаў Дом дружбы. Напярэдадні 8 сакавіка Беларускі саюз жанчын правёў там сустрэчу з прадстаўніцамі палаты прадстаўнікоў і ўраду. Рэгіна Давідовіч, прадстаўляючы прысутным Лідзію Ярмошыну сказала, што тая ведае, як правесьці жанчын у парлямэнт. Журналіст дае цытату выказваньня міністра працы Антаніны Моравай, якая сказала: “Гэта прэзыдэнт зрабіў так, што трэць дэпутатаў стала жанчынамі”. Аўтар пашкадаваў, што міністар не патлумачыла, як удалося такое пераўтварэньне.

Пра акалічнасьці крымінальнай справы дырэктара Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў Аляксея Коленькі чытайце ў сёньняшнім нумары “БГ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG