Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім удзельнікам страйку пагражаюць пазбаўленьнем працоўных месцаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пакуль віцебскія прадпрымальнікі чакаюць адказу з aблвыканкаму, куды яны зьвярнуліся са сваімі прапановамі па ўдасканаленьні падатковае сыстэмы, кіраўнікі кірмашоў ужо прынялі рашэньне пазбавіць іх гандлёвых месцаў за няўплату падаткаў.

Пра факты рэпрэсіяў распавядаюць прадпрымальнікі са Смаленскага кірмашу, якіх афіцыйна папярэдзілі, што яны пазбаўляюцца месцаў, бо не заплацілі падаткі. Аднак страйкоўцы лічаць, што сапраўдная прычына незадавальненьня кіраўнікоў кірмашоў палягае ў іншым: яны незадаволеныя ўдзелам асобных прадпрымальнікаў у акцыі пратэсту.

Прынамсі, прадпрымальнікам з гандлёвага цэнтру “Эвіком” пра гэта наўпрост сказалі ў дырэкцыі, а для прадпрымальнікі з гандлёвага цэнтру “Прывакзальны” нават павесілі адмысловую аб’яву пра тое, што за ўдзел у страйках ды іншых падобных акцыях яны будуць пазбаўляцца месцаў аўтаматычна.

Дарэчы, у часе перамоваў з чыноўнікамі абласное адміністрацыі, якія праходзілі ў аблвыканкаме 2 сакавіка, прадпрымальнікам паабяцалі, што ніякіх рэпрэсіяў супраць іх ня будзе, бо праблема вырашаецца ў Менску, а ў Віцебску ўсяго толькі чакаюць вынікаў. Але, як кажа ўдзельніца гэтых перамоваў з уладамі Ірына Яскевіч, усё аказалася зусім іначай.

(Яскевіч: ) “Мы лічылі, што мы сядзім за “круглым сталом” – за сталом перамоваў. І што, як ва ўсіх цывілізаваных краінах, на час перамоваў вайсковыя дзеяньні прыпыняюцца. А тут мы, здавалася б, мірна перамаўляемся, і тым ня менш санкцыі супраць нас ужо ідуць”.

Ці ў вялікай ступені гэта ўплывае на настрой прадпрымальнікаў: яны зьбіраюцца пратэставаць далей або скарыцца? Падобна, што ўзяць удзел у страйку наважыліся прынцыповыя людзі, якія скарыцца не зьбіраюцца. А дзеля падтрымкі сваіх паплечнікаў і тых, хто, можа, дагэтуль ня вырашыўся да іх далучыцца, страйкоўцы ладзяць у Віцебску адмысловыя акцыі – працоўныя сходы на розных гарадзкіх кірмашох.

Заўчора сход прадпрымальнікаў прайшоў каля гандлёвага цэнтру “Эвіком”, учора – на Смаленскім кірмашы, а сёньня плянуецца сустрэча ў гандлёвым цэнтры “Эўропа” – гэта бадай што адзіны кірмаш у Віцебску, які да страйку практычна не далучыўся. На такія сходы звычайна прыяжджаюць і некалькі міліцэйскіх машын, і пакуль міліцыянты ставяцца да ўдзельнікаў гэтых акцыяў памяркоўна.

Такім чынам, зьбіраючыся разам, страйкоўцы падтрымліваюць адно аднаго, а заадно і тлумачаць сваім пакупнікам, чаму яны вымушаныя страйкаваць заміж таго, каб зарабляць грошы. Вось што гавораць пра гэтыя “вандроўныя” акцыі самі прадпрымальнікі.

(Прадпрымальніца: ) “Калі шчыра, то страшна нам. Але страйкаваць засталіся тыя, хто адказвае за свае словы і ведае, куды ідзе. І таму хочацца быць разам з усімі”.

(Прадпрымальніца: ) “Калі ж нам усяго гэтага не адменяць, або не прапануюць нешта прыймальнае, то нам давядзецца падвышаць кошты. І гэта зноў адаб’ецца на нашых пакупніках”.

(Прадпрымальніца: ) “Ды яны часам не разумеюць нічога, гэтыя пакупнікі. Кажуць: “Чаму вы не плаціце падаткі? Абрыдлі ўжо вашыя страйкі!”

(Прадпрымальнік: ) “Вось калі давядзецца падвысіць кошты мінімум на 30 адсоткаў, і калі яны пойдуць усё набываць ва ўнівэрмаг – усе гэтыя “тавары айчынных вытворцаў”, тады яны яшчэ згадаюць гэтыя свае словы і зразумеюць, якія мы “дрэнныя спэкулянты”.

(Прадпрымальніца: ) “І шмат хто зь людзей гэта ўжо разумее”.
XS
SM
MD
LG