Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэдні падлік галасоў на выбарах у Малдове: перамагае кампартыя


Валер Каліноўскі, Менск 6 сакавіка ў Малдове прайшлі парлямэнцкія выбары. Паводле папярэдніх зьвестак, зноў перамагае Кампартыя Малдовы на чале з прэзыдэнтам Уладзімірам Вароніным. Пасьля апрацоўкі 80 адсоткаў бюлетэняў камуністы атрымліваюць 46,54 адсотка галасоў, блёк Дэмакратычная Малдова – 28 адсоткаў, Хрысьціянска-дэмакратычная народная партыя – 8 адсоткаў. Такім чынам, камуністы зноў будуць мець большасьць галасоў у парлямэнце і змогуць абраць свайго прэзыдэнта. Прадстаўнікі малдоўскай апазыцыі пакуль устрымліваюцца ад канчатковых ацэнак, чакаюць абвяшчэньня поўных зьвестак, аднак кажуць што парушэньні пад час выбараў былі.

Малдова – апошняя краіна ў Эўропе, якой кіруе кампартыя, пры гэтым краіна застаецца адной з бяднейшых на кантынэнце. На выбары ў Малдову накіроўвалася 100 беларускіх назіральнікаў, якія прадстаўлялі апазыцыйныя партыі і няўрадавыя арганізацыі. Амаль палову гэтай групы – 46 чалавек – малдоўскія ўлады дэпартавалі з краіны ў мінулую пятніцу.

Беларускія назіральнікі расчавараныя: яны старанна вывучылі выбарчае заканадаўства Малдовы і ехалі ў краіну на запрашэньне мясцовых праваабаронцаў, іх паездка была арганізаваная міжнароднай арганізацыяй па назіраньні за выбарамі ў краінах СНД. Усе прадстаўнікі гэтай групы вярнуліся ў Беларусь, за выключэньнем Вячаслава Сіўчыка, які спыніўся ў Кіеве, і ўсе яны мелі размову з супрацоўнікамі беларускіх спэцслужбаў, якія перапісалі іх пашпартныя зьвесткі.

У групе дэпартаваных беларускіх назіральнікаў на выбарах у Малдове была адна з кіраўнікоў Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган. Яна кажа, што будзе спрабаваць высьветліць прычыны дэпартацыі праз амбасаду Малдовы і ў перамовах з Кампартыяй Малдовы, якая кіруе гэтай краінай.

(Скрыган: ) “Я думаю, што гэта была спэцапэрацыя двух службаў бясьпекі – нашай і малдоўскай. Мяркую, што пайшоў сыгнал адсюль, што едзе апазыцыя, што яны там рыхтуюцца да нейкіх выступленьняў. Калі мы вярталіся дадому, то на беларускай мяжы да нас у кожнае купэ зайшлі людзі са спэцслужбаў, прадставіліся, сказалі, што ў іх ёсьць зьвесткі, што нас там моцна пакрыўдзілі, і яны б хацелі нам дапамагчы”.

Алена Скрыган кажа, што гэтая, паводле яе словаў, правакацыя нявыгадная і дзейным уладам Малдовы. Беларускае тэлебачаньне, камэнтуючы гэты інцыдэнт, паведаміла, што беларускія назіральнікі нібыта самі не захацелі выйсьці з вагона на знак пратэсту, таму што ім нібыта не заплацілі нейкія грошы.

Другая палова назіральнікаў – 54 чалавека – змагла ступіць на малдоўскую зямлю, але да працы на выбарчых ўчастках прыступіць ня здолела. ЦВК Малдовы ім ня даў акрэдытацыі, ніякім чынам не патлумачыўшы прычыны, як паведамілі мне прадстаўнікі гэтай групы. Іх, а таксама 40 украінцаў разьмясьцілі ў санаторыі, і мясцовая паліцыя пільнавала, каб ніхто не выходзіў за межы санаторыя – паведаміў беларускі назіральнік Аляксандр Люшкевіч, за якім сочаць ужо чацьвёрты дзень:

(Люшкевіч: ) “Гэта жахліва, паліцэйская дзяржава. Санаторый ачэплены мясцовай паліцыяй цэлы дзень, і практычна ніхто ня мог выйсьці. Калі яны хаваюць ад назіральнікаў выбарчыя ўчасткі, не даюць ім магчымасьці працаваць, то гэта натуральна, што выбары былі загадзя сфальсыфікаваныя”.

Іншая беларуская назіральніца, Сьвятлана Канойка з АГП, называе малдоўскія выбары недэмакратычнымі і параўноўвае іх зь беларускай выбарчай практыкай. Увечары 7 сакавіка гэтая група беларусаў выяжджае на радзіму.
XS
SM
MD
LG