Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не падкладай у агонь саломы


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі “Магія мовы”

Слова – магутная сіла. Таму нашыя продкі раілі ў добры час сказаць, у ліхі памаўчаць. Бо неасьцярожнае слова, неабдуманы ўчынак могуць толькі абвастрыць непрыязныя дачыненьні або пачуцьці, зрабіць кепскае яшчэ горшым. Інакш кажучы, падліць алею ў агонь.

Гэтая фразэма запазычаная. Узьнікла яна яшчэ ў лацінскай мове: oleum addere camino. Ад колішняе велічы Рымскае імпэрыі не засталося ані знаку, болей не чуваць боскае лаціны. А вось выслоўе падліць алею ў агонь увайшло ў многія эўрапейскія мовы. Яго ведаюць французы, немцы, ангельцы, расейцы.

А ці ж няма ў нас свайго, беларускага? Калі добра пашукаць, то і ўва ўласнай моўнай скарбонцы нямала каштоўнасьцяў. Слынны мовазнаўца, дасьледнік беларускае фразэалёгіі Фёдар Янкоўскі занатаваў прымаўку не падкладай у агонь саломы. Паводле вобразнасьці яна не саступае старадаўняму лацінскаму выслоўю. Ад абярэмка саломы полымя гэтак жа імкліва шугане ўгару.

Дзеяслоў у форме загаднага ладу можна замяніць формаю інфінітыву. Такім чынам, мы атрымліваем устойлівае спалучэньне саломы ў агонь падкладаць. Надзвычай трапнае, прыдатнае для ўжываньня як у гутарковым, так і ў літаратурным маўленьні. Засьцерагаючы кагосьці ад пасьпешлівых дзеяньняў, неабдуманых словаў, што рады не дадуць, а толькі пагоршаць сытуацыю, можна сказаць: не падлівай алею ў агонь. А можна ўжыць і адметнае беларускае: не падкладай у агонь саломы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG