Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія студэнты ў Страсбуры


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжою”. Удзельнікі: Марыя Высоцкая (Страсбур), Уладзімер Луцкі (Страсбур).

Улетку мінулага году ўлады Беларусі зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт – недзяржаўную вышэйшую навучальную ўстанову, якая магла скласьці альтэрнатыву дзяржаўнай сыстэме вышэйшай адукацыі ў Беларусі і такой ужо, фактычна, была. Адметна, што закрыцьцё адбылося напрыканцы ліпеня, калі ў навучальных установах скончыўся запіс студэнтаў на новы год. Апынуўшыся на вуліцы, былыя студэнты мусілі шукаць магчымасьці працягваць адукацыю. Як вядома, яны не засталіся сам на сам са сваімі праблемамі. Прапановы прыняць іх на навучаньне выказалі некаторыя замежныя ўнівэрсытэты і частка студэнтаў зараз працягвае вучобу ў Нямеччыне, Літве, Санкт-Пецярбурзе. Аднак, гэтыя прапановы тычыліся толькі студэнтаў старэйшых курсаў. Тыя, хто вучыўся на першым і другім курсах, мусілі шукаць выйсьце самі.

Удзельнікі нашай сёньняшняй перадачы якраз і належаць да гэтай часткі былых студэнтаў ЭГУ.

Mаша Высоцкая (20 гадоў), родам з Берасьця, два гады вучылася ў ЭГУ на франка-беларускім факультэце палітычных навук з францускай мовай навучаньня. Яна аказалася сярод тых студэнтаў, якія не былі ўключаныя ні ў адну з праграмаў дапамогі з боку замежных унівэрсытэтаў. Ім прапанавалі працягнуць навучаньне ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце.

(Высоцкая: ) “Адзін месяц – верасень я правучылася ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, на факультэце палітыкі і права. Але, як аказалася, гэты факультэт не адпавядае таму тыпу адукацыі, па якому мы вучыліся два гады. Там акцэнт больш робіцца на юрыспрудэнцыю, а не на паліталёгію. Мне было цяжка там заставацца”.

Сыстэма адукацыі ў Белдзяржунівэрсытэце значна адрозьнівалася ад той, да якой звыклі студэнты ЭГУ. Марыя вырашыла знайсьці магчымасьць працягнуць адукацыю ў замежжы і пасьпяхова ажыцьцявіла свой намер.

(Высоцкая: ) “Зараз я вучуся на другім курсе факультэта сацыялёгіі і антрапалёгіі ўнівэрсытэта Марка Блёка ў Страсбуры. Я раней не была ў Страсбуры, але тут былі мае сябры-французы, якія мне дапамаглі. Яны знайшлі сям’ю, у якой я магла б жыць. Калі ў цябе ёсьць гарант, сям’я, напрыклад, які можа пра цябе клапаціцца ў Францыі, тады віза выдаецца без праблемаў. Калі я прыехала, я ўжо была залічаная ва ўнівэрсытэт. Я раней адаслала ліст ва ўнівэрсытэт па інтэрнэту, у мяне быў рэкамэндацыйны ліст ад маіх сяброў і ад сям’і, якая была згодная мяне прыняць. І ўсё атрымалася. Гэта было ў канцы верасьня”.

(Сурмач: ) “Але ж запіс ва ўнівэрсытэт праводзіўся раней – ці не было ў Вас з гэтым праблемаў?”

(Высоцкая: ) “Я пісала адмысловы ліст у адукацыйную камісію гэтага унівэрсытэта, каб мяне запісалі на другі курс”.

Камісія пайшла насустрач беларускай студэнтцы, і яе залічылі ў парадку выключэньня.

(Сурмач: ) “Марыя, за адукацыю Вам трэба плаціць? Ці маеце Вы нейкую стыпэндыю?”

(Высоцкая: ) “Трэба напачатку года заплаціць 380 эўра, гэта за ўвесь год. Я не атрымліваю стыпэндыю. Жыву за ўласныя сродкі”.

Як ужо гаварылася, на першым часе значную дапамогу Марыі аказала француская сям’я, якая пагадзілася прыняць яе.

(Высоцкая: ) “Гэта – француская сям’я, яны прымалі мяне проста так, яны ведалі, якая сытуацыя ў Беларусі і што сталася з маім унівэрсытэтам. У мясцовай газэце там быў апублікаваны артыкул пра закрыцьцё нашага ўнівэрсытэта. Гэтая сям’я прачытала артыкул, і яны патэлефанавалі ў рэдакцыю і прапанавалі сваю дапамогу – прыняць адну студэнтку. А потым ужо мае сябры са Страсбуру прапанавалі мяне. Тут бываюць такія моманты, што тут людзі часам табе больш дапамагаюць, чым у Беларусі. Мне тут шмат хто дапамог, калі былі цяжкія моманты”.

(Сурмач: ) “Якая гэта сям’я, і як Вам там прывыкалася?”

(Высоцкая: ) “Двое дзяцей, бацька – мэр гэтай вёскі, а маці настаўніца, дырэктар дзіцячага садку. Гэта было выпрабаваньне лёсу, трэба было прывыкнуць да рытму іхнага жыцьця. Яны жывуць ў маленькай вёсцы 50 кілямэтраў ад Страсбуру. Мне спадабалася, вельмі добра было. Але, было цяжка, кожны дзень я прачыналася ў 6 гадзін раніцы, каб ехаць на заняткі ў Страсбур. Урэшце рэшт я знайшла ў Страсбуры маленькі пакой і зараз жыву тут. Атрымліваю фінансавую дапамогу на жыльлё, улетку буду працаваць”.

(Сурмач: ) “Выглядае, што Вам удалося памалу наладзіць жыцьцё?”

(Высоцкая: ) “Зразумела, ёсьць цяжкія моманты, але дзякуючы тым людзям, якія мне дапамагаюць увесь час, я адчуваю тут сябе добра. Гэта французы і замежнікі, напрыклад, з Польшчы, Баўгарыі, Амэрыкі, Англіі, з усяго сьвету. Цяжкія моманты былі ў першыя тыдні ва ўнівэрсытэце. Трэба было прывыкнуць да новай сыстэмы, да выкладчыкаў”.

(Сурмач: ) “Цяпер якраз хачу запытацца пра тое, што Вы зараз думаеце пра Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, дзе вучыліся. Што Вам асабіста даў гэты ўнівэрсытэт?”

(Высоцкая: ) “Я і мае бацькі хацелі, каб я там вучылася, бо гэта была адзіная недзяржаўная незалежная крыніца ведаў. Дзякуючы тым ведам, якія я атрымала там, дзякуючы нашым настаўнікам, я трапіла ў Францыю. Гэты ўнівэрсытэт адкрыў мне дзьверы ў Эўропу.

З аднаго боку мне вельмі сорамна за нашыя ўлады, што яны так зрабілі, шкада, што ўсё так атрымалася. Тая палітычная сытуацыя, якая цяпер у Беларусі, прымушае задумацца, што будзе далей. Рэформы вышэйшай адукацыі гавораць самі за сябе. Я не была ўпэўненая ў сваёй будучыні ў Беларусі.

Я разумею, што я павінна была застацца ў сваёй краіне і падтрымліваць тых людзей, якія змагаюцца за яе незалежнасьць. А з другога боку, я таксама разумею, што я павінна быць і тут, каб даваць зьвесткі людзям, якія жывуць тут аб маёй краіне. Калі я апынулася ў Страсбуры, я пабачыла, што тут вельмі шмат людзей не ведаюць што гэта за Беларусь і дзе яна знаходзіцца. Геаграфічнае знаходжаньне Беларусі – гэта вялікае пытаньне для французаў, яны думаюць, што гэта Расея. Я ўвесь час намагаюся прыводзіць прыклады для французаў, каб яны адрозьнівалі гэтыя дзьве краіны. Калі ім распавядаеш пра нашых суайчыньнікаў – Марка Шагала, Апалінэра, Міцкевіча, яны пачынаюць разумець”.

(Сурмач: ) “Беларус з Францыі мне некалі сказаў, што там і да сёньня ўжываецца слова “Беразіна”. Праўда, французы думаюць, што гэтая рака, якая стала неадольнай перашкодаю для войск Напалеона, знаходзіцца ў Расеі”.

(Высоцкая: ) “У французаў слова “Беразіна” азначае крах. Калі так гавораць, то гэта значыць крах нечага. Напрыклад, часам пра нейкія іспыты студэнты кажуць – гэта “Беразіна”.

(Сурмач: ) “Як Вы ўспрымаеце лад жыцьця францускага грамадзтва, што Вам там падабаецца?”

(Высоцкая: ) “Мне падабаецца француская культура. Але, я не забываю на Беларусь. Заўсёды чытаю інфармацыю на сайце Радыё Свабода”.

*

Аднакурсьнік Марыі Высоцкай з Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Уладзімер Луцкі (20 гадоў) родам зь Менску, ён таксама трапіў на вучобу ў Страсбур падобным шляхам.

(Луцкі: ) “Мы не пападалі пад праграмы, бо гэта было ўжо 27 ліпеня, і ўсюды ўжо нельга было атрымаць нейкія грошы, каб паехаць за мяжу, атрымаць грант на вучобу.

Трэба было шукаць іншае выйсьце. Калі я быў на першым курсе, я пазнаёміўся з французам па праграме абмену з Інстытутам палітычных навук у Страсбуры. Я ў канцы ліпеня напісаў ліст майму францускаму сябру, і ён мне прапанаваў пажыць у ягонай сям’і год, каб асвоіцца на месцы і пабачыць, што можна рабіць далей. Сям’я гэтая са Страсбуру. Гэтага хлопца завуць Крыстас. Я паехаў да іх і ён дапамог мне запісацца ва ўнівэрсытэт у Страсбуры, унівэрсытэт Марка Блёка. Зараз я жыву ў гэтай сям’і”.

(Сурмач: ) “Як Вас там прынялі?”

(Луцкі: ) “Вельмі, вельмі добра. Па нашых мерках гэта вялікая сям’я – бацька, маці, двое сыноў і дачка. Гэта сям’я – прыклад для перайманьня. Я вельмі задаволены, да мяне ставяцца тут, як да свайго. Гэта вельмі дапамагае мне ў вучобе і ў жыцьці ўвогуле”.

Уладзімер вучыцца ў тым жа ўнівэрсытэце, што і Марыя Высоцкая, толькі на другім факультэце – гістарычным і яго, на жаль, залічылі на першы курс, дзе ён вывучае зараз старажытную гісторыю.

(Сурмач: ) “Уладзімер, які пэрыяд гісторыі Вас найбольш цікавіць?”

(Луцкі: ) “Асабіста мяне цікавіць гісторыя 20-га стагодзьдзя, бо гэта бліжэй да нашага часу. Але таксама цікава вывучаць дзяржаўныя інстытуты Рыму і дэмакратыю ў Афінах”.

(Сурмач: ) “Ці адчуваеце Вы зараз, што Вам дапамагаюць веды, атрыманыя ў ЭГУ, як увогуле можна параўнаць сыстэмы адукацыі?”

(Луцкі: ) “Гэта зусім дзьве розныя сыстэмы адукацыі і параўноўваць іх вельмі цяжка. Але, я магу сказаць, што без ЭГУ я б ніколі не змог бы вучыцца зараз у Страсбуры. Веды, якія былі нам дадзеныя, яны зараз мне вельмі дапамагаюць, той абшар ведаў у галіне эканомікі, гісторыі, паліталёгіі, антрапалёгіі. Нашы выкладчыкі, нашы прафэсары былі вельмі кваліфікаваныя”.

(Сурмач: ) “Ёсьць шкадаваньне, што яго зачынілі?”

(Луцкі: ) “Шкадаваньне, канешне, ёсьць, таму што пасьля двух гадоў навучаньня мы засталіся на вуліцы. Мне там вельмі падабалася, наш факультэт, як і ўсе іншыя ў ЭГУ, быў як адна вялікая сям’я, студэнты мелі добрыя адносіны між сабою, былі аднадумцамі.

Нас перавялі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, але гэта не тое, на першым часе гэта было вельмі цяжка таму, што ўсе людзі, з якімі ты навучаўся, разышліся па розных унівэрсытэтах. да таго ж, у БДУ нас узялі не на трэці курс, а на другі”.

(Сурмач: ) “Як вы ацэньваеце сёньня значнасьць ЭГУ для сыстэмы адукацыі ў Беларусі, гэта была вялікая страта?”

(Луцкі: ) “Я думаю, што гэта вялікая страта. Выказваліся думкі, што быццам бы нельга было недзяржаўнаму ўнівэрсытэту быць канкурэнтам дзяржаўнаму. Але ж гэта былі дзьве розныя сыстэмы адукацыі, гэта была здаровая канкурэнцыя, але ж, мабыць, не для Беларусі”.

(Сурмач: ) “Як Вы бачыце сябе ў будучыні ў прафэсійным пляне?”

(Луцкі: ) “Зараз вельмі цяжка загадваць нешта наперад. Калі я паступіў у ЭГУ на франка-беларускі факультэт, я хацеў стаць палітолягам. Я мару перайсьці ў Інстытут палітычных навук ў Страсбуры”.

(Сурмач: ) “Як лічыце, набытыя там Вамі веды спатрэбяцца ў Беларусі?”

(Луцкі: ) “Я вельмі спадзяюся. Пакідаць сваю краіну, заставацца назаўсёды за мяжою я зараз не жадаю. Але ж атрымаць эўрапейскую адукацыю – гэта мая мара і мэта”.

У нашай далейшай размове з Уладзімерам высьветлілася, што ў Страсбуры зараз вучыцца цэлая група былых студэнтаў ЭГУ.

(Луцкі: ) “Так, цэлая група нашых студэнтаў – 10 чалавек”.

(Сурмач: ) “Кожны сам па сабе трапіў, ці адзін аднаму дапамагалі? Дзе вучацца беларускія студэнты ў Страсбуры?”

(Луцкі: ) “Не, трапілі сюды мы ня ўсе разам. Я й Марыя навучаемся ва ўнівэрсытэце Марк Блёк, адзін чалавек вучыцца ва ўнівэрсытэце імя Робэрта Шумана, адзін палітоляг і двое эканамістаў навучаюцца ў Інстытуце палітычных навук, яшчэ чацьвёра навучаюцца ў Інстытуце палітычных навук, але на праграме “Эўрапейскі сэртыфікат”, гэта значыць, што яны павінны атрымаць добрыя адзнакі па выніках году, каб стаць раўнапраўнымі студэнтамі інстытуту”.

(Сурмач: ) “Вы паміж сабою кантактуеце?”

(Луцкі: ) “Так, мы між сабою кантактуем, Страсбур горад невялікі. Ня вельмі часта, але сустракаемся час ад часу альбо ва ўнівэрсытэце альбо пад час вечарынак”.

Групу беларускіх студэнтаў у Страсбуры складаюць палітолягі, сацыёлягі і эканамісты. Так што цяпер у гэтым палітычным цэнтры аб’яднанай Эўропы рыхтуюцца кадры будучых спэцыялістаў у галіне палітыкі і грамадзкага жыцьця.

Адметна, што гэтую моладзь арганізавана і мэтанакіравана ніхто туды не пасылаў. Кожны зь іх знайшоў туды дарогу сам. Выглядае, што хаця ў Страсбуры і няма беларускага сьцяга перад будынкам Эўрапарлямэнту, там ужо прадстаўлена частка новай, маладой Беларусі, выхаванай ў сьценах зьліквідаванага ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

(Луцкі: ) “У нас яшчэ ёсьць час, каб атрымаць адукацыю і, магчыма, стаць прадстаўнікамі Беларусі ў Эўрапейскім парлямэнце, ў Радзе Эўропы і іншых структурах Эўразьвязу”.
XS
SM
MD
LG