Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Ганчар сустрэлася ў Маскве з Элай Панфілавай


Алесь Дашчынскі, Менск У Маскве на запрашэньне старшыні Савета па разьвіцьці інстытутаў грамадзянскай супольнасьці і правох чалавека пры прэзыдэнце Расеі Элы Панфілавай знаходзіцца Зінаіда Ганчар, жонка апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара, які бясьсьледна зьнік у верасьні 1999 года. 5 сакавіка Зінаіда Ганчар сустрэлася з Элай Панфілавай.

Сустрэча Зінаіды Ганчар з Элай Панфілавай працягвалася каля гадзіны. У ёй таксама браў удзел упаўнаважаны ў правох чалавека Расейскай Фэдэрацыі Уладзімер Лукін і юрысты. Спадарыня Зінаіда задаволеная сустрэчай.

(Ганчар: ) “Па меншай меры, нашыя прапановы пра стварэньне камісіі, пакуль назавем гэта так, па працы ў гэтым накірунку падтрыманыя. Згода дадзеная. Адзінае цяпер трэба прадумаць мэханізмы, гэта наша не апошняя сустрэча. Цяпер юрысты працуюць над гэтым пытаньнем, і нейкім чынам трэба гэта ўсё аб’яднаць і падвесьці пад саюзную дамову”.

Нагадаю, што на нядаўняй канфэрэнцыі расейскіх і беларускіх праваабаронцаў у Маскве ўпаўнаважаны Расейскай Фэдэрацыі ў правох чалавека Ўладзімер Лукін, а таксама кіраўніца савета пры прэзыдэнце Расеі Эла Панфілава абвясьцілі пра неабходнасьць стварэньня адмысловых прававых структураў, якія павінны пачаць крымінальныя справы аб палітычных зьнікненьнях у Беларусі. Чакаецца, што гэтыя камісіі будуць працаваць як пры ўпаўнаважаным у правох чалавека Расеі, так і пры савеце, якім кіруе Эла Панфілава. Зінаіда Ганчар заяўляе, што прапановы родных зьніклых палітыкаў ў Маскве прынятыя.

(Ганчар: ) “Расея зоймецца гэтым пытаньнем. Яны гатовыя. Са словаў Элы Панфілавай, яе юрысты ўжо пачалі працу ў гэтым кірунку”.

Зінаіда Ганчара таксама распавяла спадарыні Панфілавай, што перад сваёй паездкай у Маскву накіравала лісты да жонкі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, а таксама да старшыні ФСБ Расеі Мікалая Патрушава з просьбай аказаць дапамогу ў раскрыцьці палітычных выкраданьняў у Беларусі. Спадарыня Ганчар пакуль не атрымала адказаў на гэтыя лісты. Але яна ўпэўненая, што з прапановамі па стварэньні камісій ў справах палітычных зьнікненьняў у Беларусі Эла Панфілава пазнаёміць расейскага прэзыдэнта Уладзімера Пуціна. Паводле яе словаў, праз спадарыню Панфілаву перададзены таксама ліст да расейскага прэзыдэнта ад жонкі Міхаіла Марыніча.

Нагадаю, што ў сваю чаргу лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірына Красоўская правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам Украіны Юліяй Цімашэнкай, прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, а нядаўна ў Браціславе яна зьвярнулася да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша, каб той паўплываў на Расею ў пытаньні расьсьледаваньня справаў палітычных зьнікненьняў у Беларусі.
XS
SM
MD
LG