Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выданьне “Биржы информации” прыпынена на няпэўны час


Сяргей Астраўцоў, Горадня Новы нумар гарадзенскай незалежнай газэты “Биржа Информации” беларускія друкарні адмовіліся друкаваць. Гэта адбылося пасьля заканчэньня 3-месячнага тэрміну, на які выданьне газэты прыпыніла міністэрства інфармацыі. Рэдакцыя мусіла прыпыніць выпуск папяровай вэрсіі і пакуль будзе выпускаць газэту ў інтэрнэце.

Новы нумар газэты павінен быў выйсьці пры канцы гэтага тыдня. Аднак, паводле галоўнага рэдактара Алены Раўбецкай, адзін сталічны чыноўнік ёй паведаміў, што “Биржа Информации” трапіла ў “чорны сьпіс”, і дзяржаўныя друкарні для яе сталі недаступныя.

Адна прыватная друкарня ў Менску, праўда, прыняла матэрыялы новага нумару. Там іх прачыталі, але вырашылі, што друкаваць газэту ня будуць. Алена Раўбецкая гаворыць, што ў Беларусі няма ніводнай друкарні, якая пагадзілася б падпісаць дамову з “Биржай Информации”.

Друкавацца за мяжой рэдакцыя ня лічыць для сябе магчымым зь фінансавых прычынаў. А па-другое, гаворыць Алена Раўбецкая, тады “газэта ператвараецца не ў нармальны бізнэс, а ў палітычную акцыю”. Таму рэдакцыя прыняла рашэньне прыпыніць выпуск газэты, скараціць максымальна свае выдаткі і пакуль рабіць інтэрнэт-вэрсію. Галоўны рэдактар прызнаецца:

(Раўбецкая: ) “Мы папросту зьлёгку ў шоку, таму што, канешне, мы гэтыя тры месяцы сядзелі і чакалі. Мы законапаслухмяныя людзі, мы ўлётак не выпускалі, нікуды ня бегалі, ня біліся ілбамі. Мы мяркуем так: што ёсьць закон, 24 лютага сканчаецца нашае пакараньне і ўсё будзе нармальна. Але, аказваецца, не. Цяпер мы разумеем, што з самага пачатку мова і справа ішла на зьнішчэньне газэты”.

Выданьне газэты “Биржа Информации” было прыпынена міністэрствам інфармацыі 24 лістапада 2004 году на тры месяцы “за распаўсюд зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта”. Яшчэ раней галоўнага рэдактара Алену Раўбецкую пакаралі штрафам за крытычную публікацыю: журналістка напісала яе з нагоды абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму наконт магчымасьці для яго ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах трэці раз.
XS
SM
MD
LG