Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень страйку: адбыліся масавыя сходы і мітынгі, прадпрымальнікі ўхвалілі працяг агульнанацыянальнага страйку


Міхал Стэльмак, Менск 5 сакавіка – пяты дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў. У розных гарадах краіны адбыліся прадпрымальніцкія сходы і мітынгі, на якіх было вырашана працягваць акцыю.

У Менску каля ста чалавек сабралася сёньня раніцай ля рынку “Дынама”. Паводле удзельнікаў сходу, ва ўзаемадачыненьнях з уладамі ў пытаньні падатку на дабаўленую вартасьць зьменаў ня адбылося: Аляксандр Лукашэнка і яго атачэньне ігнаруюць праблемы прадстаўнікоў дробнага бізнэсу. На абмеркаваньне сходу быў вынесены прыняты 4 сакавіка зварот грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” да прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Агучыў дакумэнт “дынамаўскі” актывіст “Пэрспэктывы” Андрэй Шэўчык, які, у прыватнасьці, зазначыў:

(Шэўчык: ) “У нас ёсьць усе падставы лічыць, што прэзыдэнт Беларусі, які ўтрымлівае ўладу ў рэспубліцы пераважна недэмакратычнымі мэтадамі, зусім сьвядома і мэтанакіравана зьнішчае ў краіне прадпрымальніцтва, зусім абгрунтавана бачыць у прадпрымальніках уплывовую і арганізаваную сілу, якая супрацьстаіць яго дыктатарскаму рэжыму. Улады пайшлі на рэпрэсіўныя меры – запалохваньне і арышты прадпрымальнікаў. Вы згодныя з гэтым лістом?”

(Спадар: ) “Так”.

(Спадарыня: ) “Так”.

Дырэктар рынку Юры Кураўцоў, які прыйшоў на сход, публічна заявіў Андрэю Шэўчыку, што ён нібыта “баламуціць” прадпрымальнікаў і таму больш на рынку “Дынама” працаваць ня будзе. Астатніх ён папрасіў вярнуцца на працоўныя месцы:

(Кураўцоў: ) “Тое, што вы тут сабраліся, толку ня будзе. Ня хочаце працаваць”.

(Спадарыня Галіна: ) “Умовы такія, што мы ня можам працаваць. Як вы зразумець ня можаце?! Калі б вы былі на нашым месцы, вы гэтак жа паступалі. Мы хочам жыць і сем’і карміць”.

(Кураўцоў: ) “Зараз гэтай праблемай займаюцца. Яна выйшла на прэзыдэнта. Усіх работнікаў “Дынама” прашу прыступіць да працы”.

Аднак “дынамаўцы” праігнаравалі гэтае запрашэньне. Як зазначылі ўдзельнікі сходу, страйк трэба спыняць пасьля адмены падатку на дабаўленую вартасьць.

Яшчэ больш масавы сход адбыўся сёньня на рынку “Ждановічы”. Сюды быў выкліканы ОМОН. Міліцыянты спрабавалі затрымаць мясцовых актывістаў прадпрымальніцкага руху. Аднак удзельнікі сходу перашкодзілі гэтаму і заявілі, што будуць працягваць акцыю пратэсту.

Таксама і ў многіх іншых рэгіёнах сёньня адбыліся масавыя прадпрымальніцкія сходы і мітынгі, удзельнікі якіх ухвалілі працяг агульнанацыянальнага страйку. Вось што паведаміў на гэты конт намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандр Лапотка:

(Лапотка: ) “Па Беларусі ўсе адназначна стаяць. Паўсюдна мітынгі праходзяць: Барысаў, Баранавічы, Магілёў. Такое ж сёньня становішча, як і ўчора. Усе стаяць, ніхто ня працуе”.

Нагадаем, прадпрымальнікі пратэстуюць супраць увядзеньня падатку на дабаўленую вартасьць. Акцыя, у якой бяруць удзел дзесяткі тысяч бізнэсоўцаў, суправаджаецца няўплатай падаткаў у бюджэт. 1 сакавіка спроба прадпрымальнікаў дамагчыся ў Менску сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, каб перадаць патрабаваньні, ня мела посьпеху: ОМОН спыніў шэсьце да будынку Адміністрацыі прэзыдэнта. 3 сакавіка Лукашэнка выказаў намер у бліжэйшыя дні наведаць шэраг рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG