Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі мы ўяжджалі ў Малдову, нам зрабілі ператрус на мяжы”


Альгерд Невяроўскі, Менск Малдоўская паліцыя затрымала на чыгуначным вакзале Кішынёва каля 50 назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ад беларускіх няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Прадстаўнікі малдоўскіх сілавых структураў блякавалі іх у вагоне. Назіральнікі зь Беларусі, якім удалася пакінуць гэты цягнік, гавораць, што такім чынам камуністычныя ўлады Малдовы хочуць абмежаваць міжнародны кантроль за парлямэнцкімі выбарамі ў гэтай краіне.

Я зьвязаўся з прадстаўніцай Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Сьвятланай Канойка, якая разам з 47 сваімі сябрамі цяпер знаходзіцца ў адным з гатэляў Кішынёва. Вось, што яна распавяла:

(Канойка: ) “Калі мы ўяжджалі ў Малдову, нам арганізавалі сапраўдны ператрус на мяжы. У нас спраўдзілі практычна ўсе рэчы, некаторых вадзілі на асабісты дагляд. Спраўджвалі, што і як вязем. Мы прыехалі ў Кішынёў. Усё было нармальна, і той вагон у якім у асноўным ехалі прадстаўнікі АГП (нас было 47 чалавек) мы выйшлі з вагону абсалютна спакойна. У другім вагоне, дзе ехала 50 чалавек – там былі прадстаўнікі жаночых арганізацыяў, Партыі камуністаў – іх заблякавалі ў вагоне, і яны не змаглі з вагону нават выйсьці”.

Паводле назіральніцы ад АГП, малдоўскія паліцыянты нічым не матывавалі затрыманьне беларускіх грамадзянаў, а толькі спраўджвалі іх дакумэнты й асабістыя рэчы. Сярод затрыманых старшыня Арганізацыі працоўных жанчынаў Марыя Аліева, сакратар Партыі камуністаў Алена Скрыган ды іншыя.

Спадарыня Канойка гаворыць, што пакуль не зразумелы статус беларусаў, бо ўлады Малдовы не даюць ім акрэдытацыі назіральнікаў за выбарамі. Сьвятлана Канойка так тлумачыць дзеяньні малдоўскіх уладаў:

(Канойка: ) “Мая думка, што выбары павінны быць сумленнымі, адкрытымі й дэмакратычнымі. Гэта мы гаворым заўсёды. Я ня першы раз працую назіральнікам, у тым ліку й міжнародным. Таму калі сябе так паводзяць улады Малдовы значыць ім ёсьць, што хаваць і яны чагосьці баяцца”.

Беларусы прыехалі на запрашэньне няўрадавых арганізацыяў Малдовы назіраць за парлямэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ў гэтай краіне 6 сакавіка.

На мінулым тыдні ў Малдове таксама былі затрыманыя і дэпартаваныя больш за дзесяць актывістаў праваабарончых арганізацыяў з Расеі й Украіны.
XS
SM
MD
LG