Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх назіральнікаў дэпартавалі з Малдовы


Валер Каліноўскі, Менск Групу беларускіх назіральнікаў, якія прыбылі ў Малдову на парлямэнцкія выбары, мясцовыя ўлады ў пятніцу ўвечары заблякавалі ў вагоне і дэпартавалі. У нядзелю 6 сакавіка ў Малдове пройдуць парлямэнцкія выбары. Апазыцыя спрабуе перамагчы камуністычную партыю Малдовы, якая кіруе дзяржавай чатыры апошнія гады.

Усяго ў Малдову накіравалася каля сотні беларускіх назіральнікаў пад эгідай міжнародных арганізацыяў. Сьпісы ў ЦВК на іх падаваліся двойчы. Групу з 46 назіральнікаў, сьпіс якіх падаваўся першым, гэта пераважна актывісты ПКБ і Лігі працоўных жанчын, малдаўскія ўлады вырашылі не прапускаць на тэрыторыю краіны.

Прадстаўнікі службы бясьпекі ачапілі іх вагон ужо на кішынёўскім вакзале, разам з гэтым былі заблякаваныя выхады з вакзала, на пэроне патушылі сьвятло. Потым беларусам перааформілі білеты. А сёмай вечара гэты вагон разам з назіральнікамі, якія так і не ступілі на малдоўскую зямлю, пакінуў станцыю Кішынёў у зваротным напрамку.

Прычыны гэтых дзеяньняў супрацоўнікі службы бясьпекі не патлумачылі. Сьведкам гэтых падзеяў стала Марына Багдановіч, актывістка АГП.

(Багдановіч: ) “Нам не далі магчымасьці не даць ім ні грошы, ні прадукты, ні картачкі для сувязі. Іх родныя ня ведаюць, што зь імі адбываецца”.

Марына Багдановіч – з другой групы беларускіх назіральнікаў, якія перашкодаў не мелі, пасяліліся ў гатэлі, і ў суботу будуць спрабаваць атрымаць пасьведчаньні ў ЦВК Малдовы. Марына Багдановіч не выключае, што будуць цяжкасьці і ў іншых беларускіх назіральнікаў, а таксама прадстаўнікоў іншых краін.

Як паведаміў яшчэ адзін беларускі назіральнік Аляксандар Люшкевіч, у ЦВК Малдовы кажуць, што да гэтага часу пытаньне з акрэдытацыяй многіх міжнародных назіральнікаў ня вырашанае, хаця выбары адбудуцца ў нядзелю.

Гл. таксама • У Малдове – парлямэнцкія выбары • Ці будзе ў Малдове “вінаградная рэвалюцыя”? • “Калі мы ўяжджалі ў Малдову, нам зрабілі ператрус на мяжы”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG