Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На адкрыцьці дзён Быкава ў Варшаве прамаўлялі вядомыя пісьменьнікі і навукоўцы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве распачаліся “Дні Васіля Быкава”, арганізаваныя шэрагам грамадзкіх арганізацыяў і прыватных асобаў. У адкрыцьці дзён узялі ўдзел шэраг выбітных навукоўцаў і літаратараў з Польшчы і Беларусі.

Распаўсюджанае меркаваньне аб тым, што творчасьць Васіля Быкава ў Польшчы мала вядомая, сёньня зусім не пацьвердзілася – на адкрыцьцё Дзён Быкава ў Варшаве прышлі вельмі шмат людзей. Мерапрыемства пачалося ад адкрыцьця выставы здымкаў, асабістых рэчаў і перадусім кніг Васіля Быкава, сярод якіх была і кніга “Быкаў на Свабодзе”.

Пазьней прафэсар катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту Алесь Баршчэўскі адкрыў канфэрэнцыю, прысьвечаную асобе і творчасьці вялікага беларускага пісьменьніка.

(Баршчэўскі: ) “Што праўда, Быкаў да канца жыцьця застаўся пэсымістам што да магчымасьці нацыянальнага адраджэньня ў Беларусі, але больш чым любы іншы беларускі пісьменьнік, меў дачыненьне да таго, што працэс нацыянальнага адраджэньня ў Беларусі працягваецца”.

Прамаўлялі таксама сябры і калегі Васіля Быкава. Генадзь Бураўкін:

(Бураўкін: ) “Калі быў наш пісьменьніцкі зьезд, калі ўсе чакалі пакаяньня ад Быкава, ён сказаў – не, бо ёсьць дзьве рэчы ў літаратуры – літаратура і нелітаратура. І калі літаратура і праўда не разам, дык тады гэта не літаратура. А я кажу праўду, я гэтую праўду ведаю і ад яе не адступлюся. У той час ён стаў сумленьнем нацыі, бо не зламаўся”.

Прысутныя пачулі таксама жывы голас Васіля Ўладзіміравіча – ягонае інтэрвію беларускай службе польскага радыё.

(Быкаў: ) “Я спачатку выступіў супраць дыктатуры, потым супраць Лукашэнкі, калі ён яшчэ ня быў прэзыдэнтам. Ну канечне ўсё гэта вызначыла ягоныя адносіны да мяне, калі ён стаў прэзыдэнтаў. Ён адразу ж пачаў уціск”.

У часе канфэрэнцыі шмат гаварылася таксама пра цяперашнюю сытуацыю ў Беларусі, пра тое, чаму такі пісьменьнік як Васіль Быкаў ня мог жыць і плённа працаваць у сваёй краіне. Гаворыць Чэслаў Сэнюк – выбітны польскі перакладчык беларускай літаратуры, у тым ліку і твораў Быкава.

(Сэнюк: ) “Тут прыехалі беларускія пісьменьнікі і кажуць, што ім там няма чым дыхаць і няма там чаго есьці. Гэта жахліва, я супраць такога рэжыму. Хоць, як мне падаецца, я нямала добрага зрабіў для Беларусі і беларускай культуры, але я супраць такога рэжыму, які змушае людзей забывацца, што яны беларусы і зьяжджаць з гэтай краіны Бог ведае куды, так як гэта было з Быкавым”.

Аплядысмэнтамі прысутныя, сярод якіх была вялікая колькасьць студэнтаў, сустрэлі верш Генадзя Бураўкіна, прысьвечаны Васілю Быкаву, а таксама выступ Касі Камоцкай.

(Бураўкін: )

“Ах як карціць ім, бачыць Бог Каб да зямлі цябе прыгнулі І неўсьвядомлены спалох І ўладай пушчаныя кулі

Іх злосьць бярэ, што ты дажыў Да пераможнай майскай кроплі Не ў генэральскім бліндажы А ў цесным жвірыстым акопе

Дык боль і роспач перасіль І ў безаглядным парываньні Устань на поўны рост, Васіль, І ворагам хай страшна стане...”

Выстава ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы працягнецца месяц, а завершацца Дні Васіля Быкава ў Варшава рэтраспэктыўным паказам фільмаў, прысьвечаных асобе і творчасьці вялікага беларускага пісьменьніка.
XS
SM
MD
LG