Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Горадні арыштавалі давераную асобу апазыцыйнага кандыдата


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні пасадзілі на 10 сутак Вадзіма Саранчукова. Ён зьяўляецца даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргея Антусевіча. Саранчукова абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся 10 лютага.

Вадзім Саранчукоў сёньня занёс у гарвыканкам паперы на друкаваньне выбарчых улётак Сяргея Антусевіча (абодва яны зьяўляюцца сябрамі партыі БНФ). Калі Саранчукоў выйшаў з выканкаму, яго затрымалі міліцыянты і даставілі ў Ленінскі райаддзел міліцыі. Пасьля абеду Вадзіма завезьлі ў суд і пасадзілі на 10 сутак.

На судзе прысутнічаў старшыня абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Сяргей Мальчык. Ён падкрэсьлівае, што менавіта Саранчукоў адказвае за выраб выбарчых улётак Антусевіча, на яго выпісана адпаведная даверанасьць.

(Мальчык: ) “Друкаваньне ўлётак заблякаванае яшчэ на нявызначаны тэрмін. Зразумела, што яны будуць цягнуць, каб вырабіць улёткі, напрыклад, 18-га ці 19-га і тады наклад аддадуць: калі ласка, што хочаце зь ім рабіце”.

Нагадаем, што паўторныя выбары дэпутата Палаты прадстаўнікоў у Гарадзенскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе N52 маюць адбыцца 20 сакавіка.

Між іншым, друкарня, у якую зьвярнуліся Саранчукоў і Антусевіч, запатрабавала прадставіць з выбарчай камісіі дадатковы дакумэнт, каб надрукаваць улёткі. Інакш яна друкаваць іх адмаўляецца.

Трэба яшчэ нагадаць, што раней каляровыя ўлёткі-плякаты Сяргея Антусевіча, усяго 2200 асобнікаў, былі надрукаваныя ў друкарні “Спектр”. Аднак людзі ў цывільным сканфіскавалі ўвесь наклад. І вось цяпер у апазыцыйнага кандыдата паўсталі новыя цяжкасьці з агітацыйнай кампаніяй.
XS
SM
MD
LG