Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэрала Краўчанку знайшлі мёртвым зь пісталетам у руцэ


Юры Сьвірко, Кіеў На 10-ю гадзіну раніцы пятніцы ў Генэральнай пракуратуры Ўкраіны быў прызначаны допыт былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Краўчанкі, пра што яшчэ ў сераду абвясьціў генпракурор Сьвятаслаў Піскун. Аднак а 8-й раніцы спадара Краўчанку знайшлі мёртвым на ягоным лецішчы ў прыгарадзе Кіева. Украінскае МУС кажа, што гэта было самазабойства. Ва Ўкраіне распальваецца гучны скандал вакол сьмерці адной з ключавых фігураў у справе пра забойства незалежнага журналіста Георгія Гангадзэ, які зьнік у Кіеве ў верасьні 2000 году.

Чакалася, што гэтая пятніца стане вырашальным днём у справе Георгія Гангадзэ, забойцы якога былі затрыманыя раней на гэтым тыдні. Паводле заяваў украінскіх прэзыдэнта й генпракурора, журналіста забілі дзяржаўныя службоўцы, больш дакладна – міліцыянты. Паведамлялася пра затрыманьне двух палкоўнікаў МУС Украіны. Паказаньні было шэфа гэтага ведамства павінны былі стаць сэнсацыяй. Замест гэтага Ўкраіна атрымала іншую сэнсацыю – сьмерць генэрала Юрыя Краўчанкі.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка адразу даў даручэньне праверыць усе абставіны сьмерці спадара Краўчанкі, цела якога знайшлі ў гаспадарчым будынку на тэрыторыі ягонай дачы ў закрытым элітным гарадку “Залатыя вароты”. Жонка экс-міністра пачула, як стралялі, і знайшла цела мужа зь пісталетам у руцэ. Прадстаўнікі міліцыі адразу заявілі пра самазабойства Краўчанкі, хаця пазьней зьявілася вэрсія пра снайпэра, бо на целе было дзьве раны.

Прэзыдэнт Юшчанка заклікаў праваахоўныя органы паведаміць украінскай нацыі праўду пра сьмерць былога міністра:

(Юшчанка: ) “Нацыя павінна быць гатовая прыняць гэтую праўду. Калі гэтая праўда суправаджаецца трагедыямі – у кожнага ёсьць свой суд, сябры, у кожнага ёсьць свой выбар – ісьці на супрацоўніцтва з судом, пракуратурай, даваць паказаньні, выходзіць на публічны суд, адстойваць правы й гонар. Ёсьць другі варыянт – рабіць суд на сабой”.

Адразу пасьля навіны пра сьмерць Юрыя Краўчанкі кіеўскія палітыкі пачалі абвінавачваць генпракурора Ўкраіны ў непрафэсійнасьці ды нават давядзеньні важнага сьведкі да самазабойства.

Экс-прэм’ер і былы кандыдат на прэзыдэнта Віктар Януковіч заявіў, што гэтая сьмерць зьвязаная з непрафэсійнымі дзеяньнямі сьледзтва, падчас якога нельга называць прозьвішчы людзей, што фігуруюць у справе. Паводле спадара Януковіча, былы кіраўнік МУС быў вельмі адказным чалавекам, але апошнім часам знаходзіўся ў складаным эмацыйным стане праз абвінавачаньні ў сьмерці Георгія Гангадзэ.

Цяперашні віцэ-прэм’ер Мікола Тамэнка таксама назваў памылкай дзеяньні праваахоўных органаў, якія ня здолелі гарантаваць бясьпеку жыцьця ключавому чалавеку ў справе Гангадзэ.

А дэпутат Вярхоўнай Рады Рыгор Амельчанка, старшыня часовай камісіі па расьсьледаваньні гэтай справы, напярэдадні ўвечары казаў у жывым эфіры тэлебачаньня, што ёсьць пагроза жыцьцю Юрыя Краўчанкі.

Цяпер дэпутат Амельчанка афіцыйна абвінаваціў генпракурора Ўкраіны ў сьмерці былога міністра ды ў ігнараваньні ягоных дэпутацкіх запытаў пра ўзяцьцё спадара Краўчанкі пад варту. Таксама Рыгор Амельчанка распавёў:

(Амельчанка: ) “Я маю інфармацыю, і яна была працэсуальна пацьверджаная й замацаваная, пра тое, што пасьля таго, як у ноч з суботы на нядзелю – з 16-га на 17-га – быў выкрадзены, а потым забіты Георгі Гангадзэ, рана раніцай 17 верасьня Краўчанка быў на лецішчы ў Кучмы й рапартаваў яму пра тое адпаведнымі бруднымі выказваньнямі на адрас Георгія Гангадзэ, што ён ужо ня будзе пісаць ніякіх пасквіляў на прэзыдэнта ў сваім жыцьці, і дакладваў пра тое, што Гангадзэ зьнішчаны. Пасьля гэтага Краўчанка й Кучма нават ужывалі сьпіртное – мажліва, сьвяткавалі ўдала праведзеную спэцапэрацыю”.

Рыгор Амельчанка таксама заявіў, што цяперашні прэзыдэнт Віктар Юшчанка дамовіўся са сваім папярэднікам Леанідам Кучмам пра гарантыі недатыкальнасьці для апошняга. Спадар Кучма, як можна чуць з дыктафонных запісаў ягонага былога ахоўніка Міколы Мельнічэнкі, асабіста аддаў загад міністру ўнутраных справаў Юрыю Краўчанку “вывезьці яго, распрануць, без штаноў пакінуць”. У адказ спадар Краўчанка сказаў: “У мяне зараз каманда баявая, арлы такія, што зробяць што захочаш”.

Цяпер Леанід Кучма знаходзіцца на адпачынку ў Чэхіі, але ягоныя прадстаўнікі заявілі, што на наступным тыдні ён вернецца ва Ўкраіну. Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўладзімер Стратовіч камэнтуе гэта так:

(Стратовіч: ) “Леанід Данілавіч вяртаецца з адпачынку ва Ўкраїну абсалютна бясьпечна, таму што фактычна даказаць яго далучнасьць будзе вельмі, вельмі складна. Гвлоўны сьведка ўжо пайшоў насустрач з прабацькамі”.

Юлія Цімашэнка так пракамэнтавала сьмерць генэрала:

(Цімашэнка: ) “Калі сапраўды ён зьдзейсьніў гэты акт уласнаручна, то гэта можа быць толькі сьведчаньнем, што ён баяўся адказнасьці за тыя падзеі, якія разгортваюцца вакол забойства Гангадзэ. Калі ж гэта не самазабойства – я ня ведаю дэталяў і не магу гэта камэнтаваць – то ў гэтым выпадку, я думаю, гэта спроба схаваць такім чынам сапраўдную інфармацыю аб забойстве".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG