Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіла Марыніча адправілі ў калёнію, пабудаваную яшчэ ў сталінскія часы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч пачаў адбываць пакараньне ў аршанскай калёніі ўзмоцненага рэжыму № 8. Аднак з прысудам Міхаіл Марыніч па-ранейшаму ня згодны і працягвае юрыдычную барацьбу за сваё вызваленьне.

Зьвесткі пра тое, што Міхаіла Марыніча накіравалі ў аршанскую калёнію, пацьвердзіў Радыё Свабода Ўладзімер Коўчур, начальнік дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. Чаму для былога міністра абраная менавіта аршанская калёнія № 8, якая лічыцца адной з найгоршых у краіне, у дэпартамэнце не патлумачылі.

Адвакат Валянціна Шаханцова бачылася зь Міхаілам Марынічам за дзень да таго, як зь менскага сьледчага ізалятара яго этапавалі ў Воршу. Валянціна Шаханцова кажа, што Міхаіл Марыніч быў ня ў лепшым настроі, але спрабаваў не дэманстраваць свае пачуцьці.

(Шаханцова: ) “Ва ўсялякім разе, ён сабраў сваю волю і трымаецца. Ён спадзяецца на тое, што рана ці позна (калі гэта адбудзецца, мы ня ведаем), але ў любым выпадку законнасьць будзе адноўленая”.

Адвакат Шаханцова паведаміла, што ўжо пачатая праца над нагляднай скаргай на прысуд, які быў вынесены Міхаілу Марынічу 30 сьнежня менскім раённым судом і ў лютым скарэктаваны абласным судом. Міхаіл Марыніч і ягоны адвакат дамагаюцца адмены прысуду і апраўданьня. Іх скарга будзе накіраваная у прэзыдыюм Менскага абласнога суду ў сярэдзіне сакавіка. Паводле закону яе мусяць разгледзіць цягам месяца.

Якія ўмовы чакаюць Міхаіла Марыніча ў аршанскай калёніі № 8?

Пра гэта Радыё Свабода расказаў былы старшыня славутага калгасу “Расьсвет”, двойчы Герой сацыялістычнай працы Васіль Старавойтаў, які напрыканцы 90-х гадоў адбываў там пакараньне. Паводле Васіля Старавойтава, аршанская калёнія адметная дрэнным харчаваньнем і надзвычайнай перанаселенасьцю.

(Старавайтаў: ) “Дрэнныя там умовы, харчуюць вельмі кепска. Тры разы на дзень адна “пярлоўка”. І каша пярловая, і суп пярловы. Ня ведаю, можа, цяпер даюць каўбасы, як казаў раней Лукашэнка? Толькі ён кажа, а там каўбасы ніколі не ўбачыш. Адно, можа, падкінуць нейкую дохлую карову на ўсіх 4600 вязьняў. Калі пры Сталіне пабудавалі гэтую калёнію, яна была разьлічаная на 1,5 тысячы. Уявіце, што калёнія была разьлічаная на паўтары тысячы за Сталіным, а там цяпер 4600, во як наканапацілі! І гэта ў тых самых памяшканьнях! Старых вязьняў нават на гарышчы пазаганялі”.

На сьледзтве і падчас судовага працэсу адвакаты неаднаразова зьвярталі ўвагу на дрэнны стан здароўя Міхаіла Марыніча, аднак пракуратура (а потым і судзьдзі) гэтага не ўлічылі.

Нагадаем, Міхаіл Марыніч быў прызнаны вінаватым у крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Суд першай інстанцыі асудзіў яго да 5 гадоў зьняволеньня, абласны суд зьменшыў гэтае пакараньне да 3,5 гадоў.

Шмат хто ў Беларусі лічыць, што беларускія ўлады паквіталіся з былым міністрам і амбасадарам Міхаілам Марынічам за тое, што ён сышоў у апазыцыю і нават заявіў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Арганізацыя “Міжнародная амністыя“ абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG