Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці давяраеце вы беларускай міліцыі?


Галіна Абакунчык, Менск 4 сакавіка ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначаецца Дзень беларускай міліцыі. Два месяцы таму міністар ўнутраных справаў Уладзімер Навумаў выдаў загад “Аб ветлівых і ўважлівых адносінах супрацоўнікаў органаў унутраных справаў і вайскоўцаў унутраных войскаў да грамадзянаў”. Як паведамляюць у міністэрстве, падставай для гэтага сталася вывучэньне грамадзкай думкі пра дзейнасьць міліцыі. У прыватнасьці, сацыялягічнае дасьледаваньне паказала, што 34% апытаных грамадзянаў давяраюць дзейнасьці міліцыі, а 53% – не. Ці давяраеце вы беларускай міліцыі і ці заўважылі ветлівае і ўважлівае стаўленьне міліцыянтаў да грамадзянаў? Гэтыя пытаньні мінакам на вуліцах Менску задавала наша карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Канечне, давяраю міліцыі. Сапраўды, міліцыянты сталі больш ветлівыя, уважлівыя й культурныя”.

(Спадар: ) “Ну, можа парадку стала крыху і больш. Але ніякая міліцыя ня можа арганізаваць поўную бясьпеку чалавеку.”

(Юначка: ) “Напэўна, я ня вельмі давяраю нашай міліцыі. А наконт больш ветлівага стаўленьня, то ў апошнія месяцы я зь міліцыянтамі не кантактавала.”

(Юнак: ) “Давяраю міліцыі, але не ва ўсіх пытаньнях. Ня думаю, што за апошнія месяцы нешта зьмянілася да лепшага.”

(Юначка: ) “Давяраць я давяраю, бо ў мяне бацька міліцыянт. А наконт ветлівасьці? Думаю, што і ў міліцыі ёсьць добрыя людзі, якія нас сапраўды абараняюць і ставяцца да нас па-чалавечы.”

(Юнак: ) “Мы не адчуваем сваёй бясьпекі і не давяраем нашай міліцыі, бо міліцыя займаецца абаронай палітычных справаў і зараз яе можна лёгка падкупіць”.

(Юначка: ) “Я не давяраю міліцыі. Я не адчуваю сябе абароненай і ня думаю, што ўсе людзі, якія жывуць у Беларусі адчуваюць сваю бясьпеку. Міліцыя ўсё робіць толькі для дзяржавы.”

(Юнак: ) “Міліцыю ў нашай краіне можна пабачыць толькі, калі прэзыдэнт куды-небудзь выходзіць. А так, калі яна сапраўды патрэбна, яе амаль ніколі няма.”

(Спадарыня: ) “Ну, калі якую-небудзь вуліцу спытацца, ці прыпынак, то яны заўсёды адказваюць. А так… Але ў сьвеце ўсё мяняецца да лепшага, то можа і нашая міліцыя палепшыцца.”

(Спадарыня: ) “Увогуле, гістарычна склалася так, што мы давяраем людзям у пагонах. Але ў нашым выпадку здарылася так, што аўтарытэт міліцыі быў падарваны дзеяньнямі некаторых сярод іх.”

(Юнак: ) “Дзейнасьць беларускай міліцыі адносна эфэктыўная, бо па-першае, яе вельмі шмат. А па-другое, паводле свайго мэнталітэту беларускі народ ня схільны да нейкіх антыграмадзкіх учынкаў. І хацелася бы, канечне, каб вышэйшае міліцэйскае кіраўніцтва лепш рэагавала на выпадкі няветлівага й няўважлівага стаўленьня міліцыянтаў да людзей.”

(Спадарыня: ) “Людзі розныя бываюць, але ў агульным і цэлым мне нашая міліцыя не падабаецца, я ёй не давяраю. Мы дазваляем некаторым міліцыянтам сесьці сабе на галаву, то, адпаведна, сядаюць на галаву. Так што – ўсё ад нас залежыць.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG