Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі ўзмацняе кантроль за электроннымі мэдыямі


Ігар Карней, Менск У структуры Міністэрства інфармацыі створанае ўпраўленьне, якое будзе кантраляваць дзейнасьць электронных СМІ, уключна з FM-радыёстанцыямі, рэгіянальнымі тэле– і радыёаб’яднаньнямі ўсіх формаў уласнасьці. Назіральнікі кажуць пра спробу дзяржавы атрымаць татальны кантроль над інфармацыйнай прасторай.

Як указана на інтэрнэт-сайце Міністэрства інфармацыі (mininform.gov.by), які пачаў працаваць ад пачатку гэтага тыдня, новае ўпраўленьне будзе рэгуляваць распаўсюд інфармацыі электроннымі СМІ – тэлеканаламі, а таксама радыёстанцыямі ўсіх формаў уласнасьці. Куратарам упраўленьня – намесьнік міністра інфармацыі Сяргей Булацкі.

Ці азначае гэта, што міністэрства не задаволенае працай падпарадкаваных яму мэдыя-структураў і, у прыватнасьці, кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі ў асобе Ўладзімера Матвяйчука? Вось меркаваньне генэральнага дырэктара “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандра Зімоўскага.

(Зімоўскі: ) “Уладзімер Фёдаравіч, канечне, нямала ўжо адпрацаваў у калектыве, пазнаёміўся са станам справаў. Але, тым ня меней, гаворка пра тое, што гэта новы кіраўнік, са сваімі крытэрыямі адбору і г.д.”

Першымі крокам упраўленьня электронных СМІ стаў пералік аўтараў і выканаўцаў, складзены сумесна з Міністэрствам культуры, дзеля трансьляцыі ў эфіры. Названыя артысты, якіх ад гэтага часу можна лічыць “беларускімі выканаўцамі”, хоць, насамрэч, самі яны даўно лічаць сваёй радзімай Расею.

Гэты тычыцца гуртоў “Бі-2” і “Начныя снайпэры”, а таксама сьпевакоў Юрыя Антонава, Алены Сьвірыдавай, Ігара Карнелюка, Эдуарда Ханка. Апошні, дарэчы, наўпрост сцьвярджае, што да Беларусі ня мае і ня хоча мець ніякага дачыненьня.

(Ханок: ) “У мяне іншае жыцьцё – зразумейце правільна. Я так мяркую, што праз 2-3 гады вы мяне наагул не пазнаеце. І самі будзеце запрашаць мяне ў Беларусь, але толькі ўжо за вялікія грошы, як гэта і належыць лідэру (аднаму зь лідэраў) расейскай папсы”.

Былы рэдактар “Радыё-2” Уладзімер Дзюба кажа, што стварэньне чарговай структуры кантролю над інфармацыйнай прасторай нагадвае яму савецкія часы, калі газэты, радыё і тэлебачаньне выконвалі, найперш, ролю агітатараў і прапагандыстаў.

(Дзюба: ) “За савецкім часам таксама дасылаліся спэцінструкцыі, арыенціры, тэмы, на якія трэба было зьвярнуць увагу. Абавязкова напярэдадні савецкіх сьвятаў – 1 траўня, дня кастрычніцкай рэвалюцыі, як яго называлі, перадачу на радыё трэба было пачынаць з заклікаў да моладзі, да працоўных, да прадстаўнікоў культуры і мастацтва… Без гэтых заклікаў праграму ў эфір проста не пускалі. На сёньняшні дзень намаганьні навязаць адзіную ідэалёгію ў дзяржаве, сам зьмест падобных захадаў – гэта цалкам вяртаньне ў мінулае”.

Нагадаем, што напярэдадні Мінінфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні шэрагу FM-радыёстанцый за невыкананьне загаду на 75-% насычэньне эфіру беларускімі выканаўцамі. Магчыма, коштам павелічэньня колькасьці “беларусаў” з ліку расейскіх сьпевакоў праблема дэфіцыту беларускай музыкі ў эфіры будзе зьнятая.
XS
SM
MD
LG