Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літаратурная прэмія “Залатая літара” ўручаецца ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск “Залатой літарай” адзначаецца лепшая паэтычная альбо празаічная кніжка папярэдняга году. Сёлета пераможцам стаўся зборнік “12+1”, выдадзены ў 2004 годзе паводле літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай. Дванаццаць беларускамоўных і адзін расейскамоўны малады літаратар рэпрэзэнтавалі свае творы розных жанраў.

“Залатая літара” ўручаецца другі год запар. Ініцыятар прэміі – пісьменьнік Адам Глёбус. Назва “Залатой Літары” паходзіць ад літаратурнага інтэрнэт-рэсурсу www.Litara.net. Адам Глёбус падкрэсьлівае, што на выбар пераможцы ўплываюць водгукі наведнікаў інтэрнэт-старонкі:

(Глёбус: ) “Самыя цікавыя кніжкі, якія абмяркоўваюцца на гэтым сайце, яны і робяцца ляўрэатамі гэтай прэміі”.

Летась ляўрэатам сталася малады крытык Аксана Бязьлепкіна – за кніжку дасьледваньня гісторыі літаратурнага аб’яднаньня “Тутэйшыя”, што існавала ў другой палове 1980-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Гэтым разам Адам Глёбус ізноў аддаў перавагу творчасьці маладых:

(Глёбус: ) “Гэтыя людзі, я лічу, яшчэ шмат зробяць. Мяне цікавіць пэрспэктыва гэтых людзей, чым рэтраспэкцыя”.

Зборнік “12+1” выйшаў пры падтрымцы беларускага ПЭН-цэнтру. Паводле аднаго з куратараў праекту, крытыка Ганны Кісьліцынай, падобная акцыя доўгатэрміновая. У гэтым годзе мае выйсьці зборнік “Формула каханьня” – па выніках конкурсу імя Франчэска Пэтраркі. А таксама зладзіцца трэці конкурс – імя Ўладзімера Караткевіча. Да ўдзелу запрашаюцца маладыя літаратары, які пішуць у жанрах прыгодаў і дэтэктыву.

Ганна Кісьліцына адзначае, што ў праекце важны ня толькі факт выхаду зборніка, але прэзэнтацыі – магчымасьць для маладых творцаў сустрэцца з чытачамі, міжсобку і зь вядомымі літаратарамі.

Сёлетняя “Залатая Літара” ўжо традыцыйна ўручаецца ў кавярні “Стары Менск”. Адам Глёбус падкрэсьлівае сьціпласьць цырымоніі. Маўляў, літаратура – не шоў-бізнэс, а сур’ёзная рэч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG