Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

5 сакавіка 1940 году савецкія карныя органы расстралялі ў Катыні 5 тысяч польскіх афіцэраў


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 4 і 5 сакавіка

Знакамітыя людзі, што нараджаліся ў Беларусі 4 сакавіка, часьцяком атрымлівалі імя Казімір. Бо менавіта ў гэты дзень ушаноўваецца сьвяты Казімір – а ў колішняй сталіцы краю Вільні праходзіць славуты штогадовы кірмаш, які ў народзе называюць Казюком.

4 сакавіка 1634 году ў Лышчыцах пад Берасьцем нарадзіўся беларускі шляхціц Казімір Лышчынскі, які ў будучыні стане славутым мысьляром. Ён напіша Трактат пра неіснаваньне Бога. Натуральна, 17 стагодзьдзе было зусім ня той эпохай, калі атэістычныя выказваньні маглі рабіцца беспакарана. Лышчынскага асудзілі да сьмяротнай кары.

4 сакавіка 1872 году прыйшоў на сьвет яшчэ адзін Казімір – Петрусевіч. Родам ён з Капыльшчыны, браў удзел у падпольным І зьезьдзе РСДРП у Менску, у якасьці адваката бараніў Якуба Коласа, калі царскія ўлады на год засадзілі паэта ў Пішчалаўскі замак – цяперашнюю Валадарку. У міжваеннай Вільні Петрусевіч выступіў абаронцам на працэсе іншага беларускага паэта – Максіма Танка.

4 сакавіка 1890 году нарадзіўся беларускі паэт Вінцук Адважны.

Цяпер – пра памятныя даты заўтрашняе суботы.

5 сакавіка 1901 году расейская праваслаўная царква афіцыйна адлучыла ад сябе пісьменьніка Льва Талстога. У рашэньні Сыноду была выказаная крыўда, што вядомы ў сьвеце пісьменьнік не зьвяртаецца да царквы. Леў Талстой адказаў на гэта наступным чынам:

“Тое, што я выракся царквы, якая называе сябе праваслаўнай, гэта цалкам справядліва. Але выракся я яе не таму, што паўстаў на Госпада, а наадварот, толькі таму, што ўсімі сіламі душы жадаў служыць Яму. Я пераканаўся, што вучэньне царквы ёсьць тэарэтычна каварная і шкодная хлусьня, практычна ж – гэта збор самых грубых забабонаў і варажбы, што затуляюць сабою сэнс хрысьціянскага вучэньня”.

5 сакавіка 1940 году савецкія карныя органы расстралялі ў вёсцы Катынь на Смаленшчыне 5 тысяч польскіх афіцэраў. Трэба мець на ўвазе, што сярод тых палякаў было шмат беларусаў, прызваных у польскае войска з Заходняе Беларусі, якая да 1939 году ўваходзіла ў склад Польшчы.

5 сакавіка 1953 году адбылася паваротная падзея ў гісторыі Савецкага Саюзу – памёр Сталін. Галоўным наступствам сьмерці дыктатара стала адкрыцьцё брамы ГУЛАГу. Сотні тысяч невінаватых “ворагаў народу” змаглі выйсьці на волю.

5 сакавіка 1910 году нарадзіўся Аўген Калубовіч, гісторык, літаратуразнавец і палітык. Ягоны пакручасты лёс па-свойму тыповы для тагачасных беларускіх гуманітарыяў. Вучоба ў Менску, сталінскія засьценкі, вяртаньне ў Беларусь, нямецкая акупацыя, эміграцыя. Як навуковец Калубовіч вызначыўся тым, што зьбіраў зьвесткі пра страчаныя помнікі беларускай культуры – разбураныя, спаленыя, зьнішчаныя.

5 сакавіка 1928 году нарадзіўся калумбійскі пісьменьнік Габрыэль Гарсія Маркес, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, аўтар славутых раманаў “100 гадоў самоты” і “Восень патрыярха”.
XS
SM
MD
LG