Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Варшаве пачынаюцца дні Васіля Быкава


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Дні Васіля Быкава пачынаюцца сёньня аб 11 гадзіне ў памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы. Арганізатараў дзён Васіля Быкава ў Варшаве некалькі, сярод іх – катэдра беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, грамадзка-культурны гурток “Тамтэйшыя”, згуртаваньне “Альбарутэніка” ды шэраг прыватных асобаў.

Сярод іх і аўтар ідэі ды каардынатар праекту Валер Грыцук – беларус, які жыве ў Польшчы. Яму слова:

(Грыцук: ) “Пасьля таго, як памёр Васіль Быкаў, я пабачыў, што ў Беларусі дыктатура не дазволіла правесьці нічога сур’ёзнага, каб ушанаваць памяць пісьменьніка. Акрамя таго, у Польшчы мала знаёмыя зь ягонай творчасьцю, дык таму я і вырашыў арганізаваць гэтае мерапрыемства – цэлы год спатрэбіўся, каб яго арганізаваць”.

Пра ўзровень мерапрыемства сьведчыць хаця б той факт, што адбудзецца яно ў памяшканьні Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы.

Якія мерапрыемствы заплянаваныя ў межах дзён Васіля Быкава? Перадусім – выстава кніг Васіля Ўладзіміравіча: будуць прадстаўленыя каля 40 кніг з розных крыніцаў, у тым ліку і са збораў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы. Акрамя гэтага на выставе, якая працягнецца месяц, будуць фотаздымкі, дакумэнты і некаторыя рэчы пісьменьніка.

Сёньня ж адбудзецца і навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная асобе Васіля Быкава, у якой возьмуць удзел некалькі пісьменьнікаў зь Беларусі, а таксама польскія знаўцы беларускай літаратуры і культуры.

Арганізатары кажуць, што таксама сёньня можна будзе пабачыць фільм пра Васіля Быкава “Вяртаньне”, адбудзецца яшчэ і канцэрт Касі Камоцкай. А ўжо празь месяц, на заканчэньне дзён, заплянаваны рэтраспэктыўны паказ фільмаў, прысьвечаных Васілю Быкаву, якіх, як кажуць арганізатары, яны маюць аж пяць.

Афіцыйнае прадстаўніцтва Беларусі ў Польшчы ўдзелу ў падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства не бярэ. Як паведаміў беларускай Свабодзе спадар Грыцук, арганізатары прынцыпова вырашылі не зьвяртацца ў беларускую амбасаду, але беларускім дыпляматам было дасланае запрашэньне наведаць дні.
XS
SM
MD
LG