Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карла Дэль Понтэ ў гасьцях на беларускай Свабодзе


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Новая перадача сэрыі “Госьць на Свабодзе”

Мафія дала ёй мянушку “La Puttana” – “курва”. Сэрбская прэса называе яе “вар’яткай” і “новым гестапа”. У падмурак яе дому аднойчы заклалі 500 кіляграмаў выбухоўкі. Былая міністарка юстыцыі Швэйцарыі Карла Дэль Понтэ гаворыць, што ў яе прафэсіі немагчыма не нажыць ворагаў. Ад 1999 году Дэль Понтэ – генэральны пракурор міжнароднага трыбуналу ААН ў справах ваенных злачынстваў на тэрыторыі былой Югаславіі. У польскім Асьвенцыме, куды спадарыня Дэль Понтэ прыехала з прыватным візытам, з ёй размаўляў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “На пачатку сваёй кар’еры Карла Дэль Понтэ працавала адвакатам але па пэўным часе вырашыла стаць пракурорам, бо, як яна кажа “не была перакананая, што ўсе яе кліенты насамрэч не вінаватыя”. Пра спадарыню Дэль Понтэ швэйцарская публіка даведалася пасьля таго, як яна пачала супрацоўнічаць зь вядомым італьянскім судзьдзём Джавані Фальконэ. Яна дапамагла яму знайсьці і заблякаваць швэйцарскія рахункі італьянскай мафіі, а таксама рахункі былога прэзыдэнта Пакістану, брата прэзыдэнта Мэксыкі ды іншых уплывовых асобаў.

Ад 1992 году, калі мафія забіла Фальконэ, Карла Дэль Понтэ ніколі ня ходзіць без аховы.

15 верасьня 1999 году спадарыня Дэль Понтэ была прызначаная генэральным пракурорам міжнароднага трыбуналу ААН ў справах ваенных злачынстваў на тэрыторыі былой Югаславіі. Яе найбольш важны працэс – супраць Слабадана Мілошавіча, цягнецца ўжо 3 гады. Дэль Понтэ высунула супраць былога югаслаўскага прэзыдэнта 66 абвінавачаньняў.

Тым, хто кажа, што абвінавачаньняў зашмат, Карла Дэль Понтэ адказвае: “А як я магла б глядзець у вочы сваякам забітых, калі б у матэрыялы абвінавачаньня не ўвайшло нейкае канкрэтнае злачынства, разьня у нейкай вёсцы, дзе загінулі акурат іхныя муж, брат, жонка, маці, дзеці...”

За сваю дзейнасьць на пасадзе Генэральнага пракурора спадарыня Дэль Понтэ атрымала ад сэрбскай прэсы мянушку “новае Гестапа”.

Гэта не адзіная крытыка на адрас Дэль Понтэ. Нярэдка можна пачуць, што міжнародны Трыбунал гэта ў большай ступені інструмэнт паліткі, чым права, што справы ў ім вядуцца толькі супраць ваенных злачынцаў зь бедных і неўплывовых краінаў. Вось што на гэтыя закіды адказвае Карла Дэль Понтэ.

(Дэль Понтэ: ) “Перадусім мяне зьдзіўляе, што вы ставіце такое пытаньне тут, у Асьвенціме. Я ў гэтым месцы ўпершыню – даўно хацела яго пабачыць і тое, што сёньня пабачыла, толькі пераконвае мяне ў тым, што мы робім слушную справу, што трэба працягваць расьсьледаваньні і прыцягваць да адказнасьці тых асобаў, якія ёсьць спраўцамі злачынстваў супраць чалавецтва, ваенных злачынстваў, генацыду.

На жаль, тое, што адбылося тут у часе Другой усясьветнай вайны не было дастатковым урокам для людзей і не перашкодзіла таму, што падобныя злачынствы пазьней адбыліся і ў іншых частках нашай плянэты. Але міжнароднае заканадаўства цяпер існуе, і яно выконваецца трыбуналамі і судамі.

Вяртаючыся да вашага пытаньня – не, не і яшчэ раз не! Мы атрымалі дакладны мандат ад Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, дзе гаворыцца, што найвышэйшыя палітыкі, вайсковыя камандзіры, якія робяць злачынствы супраць чалавецтва, генацыд ці ваенныя злачынствы, мусяць быць прыцягнутыя да адказнасьці.

Міжнародны Трыбунал у справах ваенных злачынстваў і асабліва бюро генэральнага пракурора, зрабілі ўсё, што загадала зрабіць Рада Бясьпекі. Справы вядуцца ня толькі супраць сэрбаў, але таксама і супраць басьнійцаў, альбанцаў – супраць усіх бакоў канфлікту. Таму тое, што вы сказалі ў сваім пытаньні, гэта рэчы абсалютна непрымальныя!

Я, канечне, не хачу сказаць, што мы ня робім памылак. Так, магчыма робім, бо мы таксама людзі, але мы шчыра робім нашу працу. І я веру ў справядлівасьць і веру, што Трыбунал даб’ецца посьпехаў у справе гарантаваньня выкананьня міжнароднага права – каб тыя, хто плянуе ўзяць удзел у ваенных злачынствах ці ўжо іх робіць, баяліся, што раней ці пазьней ім прыйдзецца за гэта адказваць.

Мы верым, што ў нас атрымаецца прыцягнуць да адказнасьці тых, каго мы цяпер шукаем. Сёньня, пасьля наведваньня гэтага мейсца, мы сталі больш моцнымі, атрымалі вялікую матывацыю для працы. Я спадзяюся, што Караджыч і Младзіч будуць арыштаваныя і дастаўленыя ў Гаагу”.

(Карэспандэнт: ) “Лідэры басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч і Радка Младзіч – сярод асноўных падазраваных у ваенных злачынствах у былой Югаславіі. Карла Дэль Понтэ любіць паўтараць: “Моцныя гэтага сьвету не павінны спаць спакойна. Таксама і тыя, хто асабіста не робіць злачынстваў, але іх плянуюць, альбо пагаджаюцца, каб злачынствы адбываліся”.

Летась прадстаўнік Рады Эўропы Хрыстас Пугрурыдэс зьвярнуўся да шэрагу краінаў з прапановай распачаць сьледзтва ў справе высокіх беларускіх чыноўнікаў, якія могуць мець дачыненьне да выкраданьняў і магчымых забойстваў апазыцыйных лідэраў. Я запытаўся ў спадарыні Дэль Понтэ, ці ёсьць спадзяваньне, што такія працэсы сапраўды могуць пачацца?”

(Дэль Понтэ: ) “Я ня ведаю, сапраўды ня ведаю. Сытуацыя такая, што цяпер мы маем сталы суд. Юрысдыкцыя гэтага суду распаўсюджваецца на ўвесь сьвет, што тычыцца злачынстваў супраць чалавецтва, ваенных злачынстваў і генацыду. Калі тая ці іншая краіна не ратыфікуе адпаведныя дакумэнты, дык тады вырашае Рада Бясьпекі ААН, ці можна весьці сьледзтва ў справе гэтай краіны. Але адно я магу вам сказаць з поўнай упэўненасьцю як пракурор: у справе кожнага злачынства мусіць быць праведзенае сьледзтва, і кожнае злачынства мае свайго спраўцу. Кожны, хто зьдзейсьніў злачынства, мусіць стаць перад судом”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле Карлы Дэль Понтэ, найвялікшай перашкодай на шляху да справядлівасьці ёсьць палітыка. Прыкладам, харвацкія ўлады не выдаюць Трыбуналу генэрала Антэ Гатовіны, які, як яна перакананая, хаваецца менавіта ў Харватыі. Паводле спадарыні Дэль Понтэ, харвацкія ўлады баяцца рэакцыі выбарцаў, гэтаксама, як і ўлады Сэрбіі ды Чарнагорыі.

Між тым, яшчэ ў 90-я гады Карла Дэль Понтэ спрабавала прыцягнуць да адказнасьці некаторых блізкіх супрацоўнікаў расейскага прэзыдэнта Барыса Ельцына. Чаму тыя спробы скончыліся паразай? Гаворыць спадарыня Дэль Понтэ”.

(Дэль Понтэ: ) “А, дык гэта старая гісторыя. Я цяпер ужо не займаюся тым, чым займалася так шмат гадоў таму. З гэтай прычыны я не хацела б пра гэта размаўляць, пра мінулае. Я гляджу ў будучае!”

(Карэспандэнт: ) “У прэсе не аднойчы зьяўлялася інфармацыя, што некаторыя ваенныя злачынцы з Сэрбіі, хаваюцца на тэрыторыі Расеі. Ці гэта праўда і як выглядае супрацоўніцтва міжнароднага Трыбуналу з Масквой у гэтай справе?”

(Дэль Понтэ: ) “Так, мы маем правераную інфармацыю, што два, а магчыма нават і тры ваенныя злачынцы, якіх мы шукаем, знаходзяцца ў Расеі. Мы нават ведаем адрас аднаго зь іх! Мы накіравалі ўсю гэтую інфармацыю ў Маскву, аднак, на жаль, ня маем рэальнай зваротнай сувязі. Я працягваю прасіць Маскву дапамагчы нам арыштаваць і даставіць у Гаагу людзей, якія абвінавачваюцца ў злачынствах супраць чалавецтва і спадзяюся, што расейцы будуць супрацоўнічаць з намі”.

(Карэспандэнт) “Ці можна сказаць, што генэральны пракурор міжнароднага Трыбуналу ў справах ваенных злачынстваў на тэрыторыі былой Югаславіі незадаволеная ўзроўнем супрацоўніцтва з Расеяй, іншымі краінамі СНД?”

(Дэль Понтэ: ) “Мы ўсё яшчэ чакаем і спадзяемся на поўнае супрацоўніцтва, таму пакуль ня можам сказаць, задаволеныя мы ці не гэтым супрацоўніцтвам. Пакуль што мы просім, каб з намі супрацоўнічалі і я думаю, што праблемаў з гэтым ня будзе”.

(Карэспандэнт: ) “Адна з істотных праблемаў, зь якімі сутыкаюцца міжнародныя інстытуты кшталту Трыбуналу, гэта рознае заканадаўства ў розных краінах. Ці можна чакаць у будучым паўстаньня нейкага агульнага для ўсіх заканадаўства? Для адказу на гэтае пытаньне спадарыня Дэль Понтэ перадае слова свайму намесьніку, брытанцу Дэвіду Толбэрту”.

(Толбэрт: ) “Я думаю, што трэба гаварыць хутчэй пра тое, што мы маем цяпер. Трыбунал у справах злачынстваў у былой Югаславіі, які і Трыбунал у справах злачынстваў у Руандзе, маюць шмат значных дасягненьняў. Тое, што паўстаў сталы суд, гэта вялікае дасягненьне міжнароднай супольнасьці. Так, у далёкім будучым заканадаўствы розных краінаў магчыма будуць больш уніфікаваныя, але вельмі важна, каб кожная краіна ўзмацняла сваю судовую сыстэму. Міжнародныя суды – гэта таксама важна, але перадусім ўзмацненьне нацыянальных судоў, добрая праца пракурораў у той ці іншай краіне – гэта істотна”.

(Карэспандэнт: ) “Калі Карла Дэль Понтэ была міністрам юстыцыі Швэйцарыі, яна дамаглася, каб швэйцарскія банкі зрабілі адкрытай інфармацыю пра стан рахункаў некаторых сваіх кліентаў, якія падазраваліся ў злачынствах, напрыклад прэзыдэнта Пакістану, брата прэзыдэнта Мэксыкі. Гэта была сапраўдная рэвалюцыя. А ці не абвінавачвалі швэйцарцы спадарыню Дэль Понтэ ў сувязі з гэтым у шкодзе нацыянальным інтарэсам і анты-патрыятызьме?”

(Дэль Понтэ: ) “Не, на шчасьце. Не. Натуральна, крытыкі было шмат – фінансавы мір ня быў шчасьлівы ад гэтага. Але каб абвінаваціць у анты-патрыятызьме – не, такога не было. Ведаеце, калі ты пракурор, дык ня можа быць так, каб у цябе не было ворагаў. У гэтай прафэсіі нельга быць для ўсіх добрым, калі выконваеш сваю працу”.

(Карэспандэнт: ) “Напрыканцы 80-х, у супрацоўніцтве з італьянскім “анты-мафіёзным” судзьдзём Джавані Фальконэ, Карла Дэль Понтэ выкрыла сувязі паміж гандлярамі наркотыкамі ў Італіі і людзьмі ў Швайцарыі, якія дапамагалі ім адмываць грошы ад гэтага незаконнага бізнэсу. Раззлаваная Коза Ностра паспрабавала забіць Дэль Понтэ – у фундамэнт яе дому заклалі 500 кіляграмаў выбухоўкі, аднак замах не атрымаўся. Ці сыцылійская мафія дагэтуль працягвае пагражаць спадарыні пракурор?”

(Дэль Понтэ: ) “Так, мафія калісьці мне пагражала. Але цяпер ужо не. Цяпер пагрозы надыходзяць зь іншага боку. Дзякуй за інтэрвію”.

У Польшчы Карлу Дэль Понтэ сустракалі прынамсі як прэзыдэнта іншай краіны – адмысловыя аўтамабілі, эскорт паліцыі і спэцслужбаў, паўсюль целаахоўнікі, якія пакінулі яе толькі на час інтэрвію для радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG