Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За камаром не ганяйся з тапаром


Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Аднойчы, корпаючыся ў слоўніках зь нейкае пільнае патрэбы, я сустрэў фразэму страляць з гарматы па вераб’ях. Яна даўно прыжылася ў публіцыстычным маўленьні. Тым ня менш ува мне заварушыўся сумнеў: а ці ня ёсьць гэтае ўстойлівае спалучэньне калькай з расейскага стрелять из пушки по воробьям?

Названая фразэма ўжываецца ў тых выпадках, калі мы выкарыстоўваем для разьвязаньня праблемы занадта моцныя сродкі. А ў выніку зусім як у паэме Коласа: забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі. Magno cum conatu magnas nudas (вялікія намаганьні дзеля вялікай дробязі) – казалі старажытныя лаціняне. Take not a musket to kill a butterfly (не бяры мушкета, каб забіць матылька) – могуць параіць ангельцы. Французы й немцы, як і нашыя ўсходнія суседзі, у сваіх прымаўках таксама страляюць па вераб’ях. Але ж мы – беларусы – мірныя людзі, і гарматы ў гаспадарцы не трымаем. Хаця хто ведае...

Верабей жа, паводле старога павер’я, калі ўкрыжоўвалі Хрыста, скраў у ягоных катаў цьвік. Вось і хваліцца цяпер: “Цьвік! Цьвік!” Хіба можна страляць у яго пасьля такога высакароднага ўчынку?

Беларусы ўважалі, што сам Бог паблажліва ставіўся да птушкі-зладзюжкі. Ня надта ахвочыя смаліць з гарматы, яны мелі свае, ня менш вобразныя, прыказкі: за камаром не ганяйся з тапаром; за мухай не ганяйся з абухам. І сапраўды: забіць не заб’еш, а толькі шкоды лішняе наробіш. Дый камар пасьмяецца з тае зброі (і зь цябе таксама). Думаю, што замест кніжнага страляць з гарматы па вераб’ях цалкам дарэчы будзе ўжыць народнае за камаром не ганяйся з тапаром. Або – як варыянт – за мухай не ганяйся з абухам.

Робячы сур’ёзныя, рашучыя захады, заўсёды памятайма пра запавет продкаў: за камаром не ганяйся з тапаром.
XS
SM
MD
LG