Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі ў 1941 і 1944 гадох


Юры Дракахруст, Прага (Эфір 26.02.2005) 9 траўня сёлета спаўняецца 60 гадоў перамозе дзяржаваў антыгітлераўскай кааліцыі над нацыстоўскай Нямеччынай. У нашым цыклі “Беларусь на вайне” мы спрабуем яшчэ раз прыгадаць перагарнутыя старонкі гісторыі. Памяць вялікіх выпрабаваньняў і выжываньня, сьмерці і жыцьця, памылак і выкупленьня, вернасьці і здрады – у цыклі перадачаў Радыё Свабода “Беларусь на вайне”.

Сёньня мы прапануем вам паслухаць чарговую перадачу гэтага цыклю. Тэма выпуску –“Баявыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі ў 1941 і 1944 гадох”. Чаму ў 1941 годзе вэрмахт гэтак хутка, фактычна за месяц, прайшоў празь Беларусь? Чаму ў 1944 годзе, падчас апэрацыі “Багратыён” гэтак жа хутка рушыла і Чырвоная армія? Колькі беларусаў, ўраджэнцаў Беларусі служыла ў Чырвонай арміі?

На гэтыя тэмы ў чарговым выпуску перадачы “Беларусь на вайне” разважаюць і спрачаюцца гісторыкі зь Менску, Масквы і Гановэру.

«И на вражьей земле мы врага сокрушим, малой кровью, могучим ударом» – гэтая песьня была надзвычай папулярнай у СССР да вайны. Насамрэч усё было інакш – і не на варожай зямлі і не малой крывёй.

Ужо ў першы тыдзень вайны вэрмахт заняў Горадню, Берасьце, Слуцак, Баранавічы, 28 чэрвеня быў узяты Менск, 11 ліпеня – Віцебск, 13 ліпеня – Ворша, 19 жніўня – Гомель, 26 жніўня – Магілёў.

Ужо больш за 60 гадоў людзі розных поглядаў задаюць пытаньне, чаму вайна пачалася менавіта гэтак. І характар савецкай сыстэмы толькі ўскладняе пошук адказу. Таталітарныя сыстэмы вызначаюцца як раз мілітарызаванасьцю, яны ці ваююць, ці рыхтуюцца да вайны. Чаму ж менавіта гэтая якасьць сыстэмы і не спрацавала, чаму летам 1941 году нямецкае войска рушыла прыкладна гэтак жа імкліва, як у 1939 па Польшчы і у 1940 – паўз Францыю, чаму вэрмахт прайшоў Беларусь, як “нож скрозь масла”? Свой адказ прапануе беларускі гісторык Уладзімер Лемяшонак.

(Лемяшонак: ) “Я з Вамі не зусім згодны, што яны прайшлі, "як нож скрозь масла". Не, у Беларусі так не адбывалася. Зь першых жа дзён немцы адчулі, што гэта ім не Францыя, і ня Бэльгія. Беларуская асобая заходняя акруга – з 22 чэрвеня Заходні фронт пацярпеў паразу, гэта так. Войскі не былі прыведзеныя ў стан баявой гатоўнасьці, не рыхтаваліся да вайны, лічылася, што Нямеччына на нас нападаць ня будзе – гэта была думка Сталіна. Ён быў упэўнены, што Гітлер – не самазабойца. 21 чэрвеня, калі ў Сталіна была нарада з удзелам ваенных і Цімашэнка, і Жукаў патрабавалі неадкладна прывесьці Чырвоную армію ў стан баявой гатоўнасьці, Сталін сказаў: "Не".

У Заходняй асобнай вайсковай акрузе, якой кіраваў генэрал арміі Паўлаў, было дастаткова сілаў і сродкаў, каб адбіць напад. Гэта паказвае і колькасьць танкаў і самалётаў (хаця і састарэлых мадэляў), і колькасьць жывой сілы. Але, паўтараю, уся справа была ў тым, што войскі не былі прыведзеныя ў стан баявой гатоўнасьці.

Зь першых жа дзён немцы прарвалі абарону і пайшлі хуткімі тэмпамі. Танкавыя кліны Гудэрыяна і Гота ў першы ж дзень прайшлі больш за 30 кілямэтраў. Але ўсё ж такі нашая Чырвоная Армія аказвала гераічны супраціў: хрэстаматыйны прыклад – Брэсцкая крэпасьць, ніводная памежная застава не адступіла бяз бою, бітва пад Менскам, дзе немцы адчулі моц Чырвонай арміі. Пад Гомелем месяц яны не маглі прасунуцца. Варта прыгадаць таксама абарону Магілёву. Начальнік нямецкага генштаба генерал-палкоўнік Гальдэр пісаў у сваім дзёньніку, якія вялікія страты несьлі немцы ў першыя ж тыдні вайны. За першы месяц яны страцілі палову свайго танкавага парку, больш за 100 тысячаў салдат і афіцэраў”.

***

Паводле Ўладзімера Лемяшонка прычына паразаў 1941 году – у раптоўнасьці нападу. Ён таксама сьцявярджае, што ўжо ў першыя месяцы вайны з СССР нямецкае войска адчула адрознасьць гэтай кампаніі ад яго ранейшых бліцкрыгаў. Зь беларускім калегам ня згодны расейскі гісторык Барыс Сакалоў.

(Сакалоў: ) “Трэба ўлічыць, што 16 ліпеня ўжо быў узяты Смаленск. Так што немцы паўз Беларусь ішлі нават у паўтара-два разы хутчэй чым паўз Польшчу. Справа ў тым, што па Беларусі наносілі галоўны танкавы ўдар, там былі дзьве з чатырох танкавых групаў – Гудэрыяна і Гота, была групоўка паветранага флёту. У той жа час Чырвоная Армія таксама рыхтавалася да ўдару па Нямеччыне, але галоўны ўрад меркавалася наносіць ад Украіны, асноўная групоўка савецкіх войскаў, у тым ліку танкавыя і мэханізаваныя сілы знаходзіліся ва Ўкраіне. У гэтым – адна з прычынаў, чаму нямецкія войскі ішлі асабліва хутка.

Што тычыцца негатовасьці, то Чырвоная армія была сапраўды не гатовая да вайны, але гэтая негатовасьць мела больш глыбокі характар, чым толькі раптоўнасьць нямецкага нападу. Узровень падрыхтоўкі камандзіраў, узровень засваеньня тэхнікі быў вельмі нізкі і прычым ён быў нізкі ў 1941, але ён застаўся нізкім і ў 1945. Так што ў пэўным сэнсе і ў 1945 Чырвоная армія была не нашмат больш гатовай, чым у 1941. Тут прычына ў пэўнай ступені і ў таталітарным характары дзяржавы.

Сталіну патрэбная было масавае войска, але з афіцэрамі і салдатамі, якія прызвычаіліся ня думаць, а толькі выконваць загады.

Што тычыцца параўнаньня з Францыяй, то там прычына была ня ў тым, што французы не чакалі наступу. Там была маральная негатовасьць і нацыі, і войска. Яшчэ ў 1939 годзе там быў папулярны лёзунг "Навошта паміраць за Данцыг", ну і ўсё скончылася акупацыяй Францыі”.

***

Тэза пра негатовасьць да вайны, наконт якой спрачаюцца Ўладзімер Лемяшонак і Барыс Сакалоў, відаць сапраўды патрабуе ўдакладненьня: савецкія войскі ж ў Беларусі былі, дарэчы, немцы ня мелі перавагі ані ў жывой сіле, ані ў тэхніцы, да таго ж абарона ж была эшэлянаванай – немцы прарвалі першы эшалён, але чаму іх не маглі спыніць сілы, што стаялі ў глыбіні абароны? Паводле нямецкага гісторыка, прафэсара Гановэрскага ўнівэрсытэту Ганса-Гайндрыха Нольтэ справа была ня ў тым, што Чырвоная армія была не гатовая да вайны наагул, а ў тым, што не была гатовая да такой вайны, якую вэрмахт здолеў ёй накінуць.

(Нольтэ: ) “Была вельмі дакладна падрыхтаваная стратэгія, новая для таго часу канцэпцыя дзеяньня танкавых войскаў. У СССР таксама былі ваенныя кіраўнікі, кшталту Міхаіла Тухачэўскага, якія падзялілі гэтую канцэпцыю, але яны трапілі пад сталінскую чыстку. Канечне, гэта вельмі паспрыяла, што ў Чырвонай Арміі ня стала людзей, якія маглі б супрацьстаяць гэтае канцэпцыі”.

***

У Асобнай Заходняй ваеннай акрузе, якая ў 1941 годзе прыняла на сябе сакрушальны ўдар вэрмахта, служыла шмат беларусаў, ураджэнцаў Беларусі. А колькі, дарэчы, колькі беларусаў наагул служыла ў Чырвонай Арміі? Гаворыць Уладзімер Лемяшонак.

(Лемяшонак: ) “У 1941 годзе ў Чырвоную Армію было мабілізавана 500 тысячаў жыхароў Беларусі. Наагул на франтох Другой сусьветнай вайны змагаліся 1 мільён трыста тысячаў жыхароў Беларусі. Пасьля вызваленьня Беларусі ў 1944 годзе было прызвана 600 тысячаў чалавек, у тым ліку 180 тысячаў партызанаў уліліся ў Чырвоную армію”.

Цяжка, зразумела, параўнаць, як ваяваў і ваюе той ці іншы народ. Аднак некаторыя паказчыкі баявога духу беларусаў, што служылі ў Чырвонай арміі, прапануе беларускі гісторык Барыс Даўгатовіч.

(Даўгатовіч: ) “На жаль, да цяперашняга часу і ў вучэбнай і ў навуковай літаратуры на працягу 60 гадоў фігуруе адна і тая ж лічба – што сярод каманднага складу Чырвонай Арміі было 217 генэралаў і адміралаў зь ліку беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. Я, працуючы ў архівах у Гатчыне і ў Падольску, высьветліў, што з 1940 па 1945 год амаль 400 нашых землякоў былі генэраламі і адміраламі.

Што тычыцца гераізму нашых салдатаў і афіцэраў на полі бою, то я здолеў высьветліць, што подзьвіг Аляксандра Матросава, які закрыў грудзямі амбразуру дота, паўтарылі 14 нашых беларускіх ваяроў і два партызаны. Подзьвіг Мікалая Гастэла, які кінуў свой самалёт на калёну ворагаў, паўтарылі 25 беларускіх лётчыкаў. На паветраныя тараны пайшлі з нашых беларусаў 33 чалавекі”.

Варта дадаць яшчэ адну лічбу – за гады вайны Героямі Савецкага Саюзу – вышэйшай узнагародай СССР – былі ўганараваныя 444 беларусы.

***

А зараз зьвернемся да іншага этапу вайны – да вызваленьня Беларусі ад нацысцкай акупацыі, да знакамітай апэрацыі “Багратыён”.

Яна пачалася амаль у гадавіну пачатку вайны – 23 чэрвеня 1944 году. І тут наступ ішоў гэтак жа імкліва, як і нямецкі – за тры гады да таго, ужо 3 ліпеня быў вызвалены Менск, 8 ліпеня – Баранавічы, 16 ліпеня – Гародня. Чаму? Хіба немцы таксама былі не гатовыя да ўдару Чырвонай Арміі? Гаворыць Барыс Сакалоў.

(Сакалоў: ) “Па-першае, я б не сказаў, што Чырвоная армія гэтак ужо хутка вызваліла Беларусь. Наступ у Беларусі ішоў з восені 1943 году, з кастрычніка 1943 па красавік 1944 ішлі беспасьпяховыя атакі на Віцебск і Воршу. Немцы нават эвакуявалі тылавыя ўстановы з Віцебску яшчэ ў кастрычніку 1943 голу, яны не спадзяваліся яго ўтрымаць, але ўтрымлівалі на працягу паўгоду. Менавіта няўдалы наступ у Беларусі выклікаў у красавіку 1944 адхіленьне кіраўніцтва Другога Беларускага фронту.

І толькі ў чэрвені была зробленая пасьпяховая апэрацыя "Багратыён". Трэба сказаць, што ў той момант гэта быў галоўны савецкі ўдар, былі сканцэнтраваныя ўсе сілы, а немцы былі вельмі аслабленыя такім новым фактарам, як высадка саюзьнікаў ува Францыі. Значная частка зьнішчальнай нямецкай авіяцыі была зьнятая з Усходняга фронту і тэрмінова перакінутая ў Нармандыю, туды былі накіраваныя ўсе танкавыя рэзэрвы. Прынамсі танкавы корпус СС з трох дывізіяў, які базаваўся ў Польшчы, ужо 10 чэрвеня быў перакінуты на Заходні Фронт.

Пры такім скарачэньні авіяцыі і танкаў немцы ўтрымацца ў прынцыпе не маглі. Што цікава, дзесьці ў канцы сакавіка 44-га ў немцаў ужо была інфармацыя, што савецкія войскі зьбіраюцца нанесьці галоўны ўдар у Беларусі. Але Гітлер ня стаў адводзіць войскі зь Беларусі. У немцаў проста не было выбару. Утрыманьне прасторы было сродкам адцягнуць паразу. Таму яны ахвяравалі групай арміяў "Цэнтар"”.

***

Беларускі гісторык Ўладзімер Лемяшонак таксама нагадвае, што вызваленьне Беларусі ад нямецкай акупацыі пачалася да “Багратыёна”.

(Лемяшонак: ) “Першыя раёны былі вызваленыя ў 1943 годзе, а першы райцэнтар – Камарын – у верасьні 1943 году. У 1943 годзе былі вызваленыя 36 раёнаў і два абласныя цэнтры – Гомель і Мазыр”.

Уладзімер Лемяшонак ня згодны з тым, што ў 1944 годзе вэрмахт у Беларусі, аслаблены перадасьлякацыяй авіяцыі і танкаў на Заходні Фронт, не аказваў істотнага супраціву.

(Лемяшонак: ) “Не, зусім ня так. У іх была наймацнейшая абарона на Беларусі, на глыбіню да 270 кілямэтраў – Віцебск, Ворша, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Менск спэцыяльным загадам Гітлера былі ператвораныя ў крэпасьці, якія павінны былі абараняцца любой цаной, нават ва ўмовах поўнага акружэньня. Яны гэтую лінію на Беларусі назвалі "Фатэрлянд", гэта значыць яе трэба было абараняць як самыя межы Нямеччыны.

Зусім няправільная думка, што Чырвоная армія прайшла празь Беларусь гэтак лёгка. Справа ў тым, што апэрацыя "Багратыён" была вельмі добра падрыхтаваная, вельмі добра забясьпечаная матэрыяльна, нашае войска навучылася ваяваць. Быў моцны наступальны парыў нашых войскаў, што прызнавалі і самі нямецкія камандзіры, чыя злучэньні трымалі абарону ў Беларусі. Пад Віцебскам былі абкружаныя, зьнішчаныя і ўзятыя ў палон 5 дывізіяў, пад Бабруйскам – 6 дывізіяў, у Менскім "катле" 105 тысячаў салдатаў і афіцэраў былі абкружаныя, і за тыдзень гэтая групоўка была зьнішчаная.

Агульныя страты Чырвонай арміі падчас апэрацыі "Багратыён" складалі 176 тысячаў чалавек. Страты былі вялікія, але затое і перамога была якая! Па сутнасьці перастала існаваць нямецкая група арміяў "Цэнтар", 500 тысячаў чалавек былі забітыя і ўзятыя ў палон”.

***

Нямецкі гісторык Ганс-Гайндрых Нольтэ, аналізуючы посьпех апэрацыі Чырвонай Арміі “Багратыён”, зьвяртае ўвагу на ролю партызанаў. Ён таксама гаворыць пра страты нямецкага войска на тэрыторыі Беларусі.

(Нольтэ: ) “Савецкая Армія засвоіла адпаведную тактыку дзесьці ўжо ў 1942. Ва ўмовах Беларусі гэта было ажыцьцёўлена пасьпяхова. У тым ліку і таму, што там вялася партызанская вайна, якая нэўтралізавала рух немцаў на дарогах і па чыгунцы. У чым эфэкт партызанскай вайны? Вялікая частка Беларусі не магла быць выкарыстаная нямецкімі войскамі. Ад 1943 году тут амаль немагчыма было атрымаць ані зерня, ані дроваў, паколькі большасьць камунікацыйных злучэньняў былі ў рукох партызанаў. І гэта ўсё спрыяла дасягненьням Чырвонай Арміі. У чэрвені-ліпені 44-га яна здолела разьбіць у Беларусі групу арміяў “Цэнтар”.

Страты немцаў былі там большымі, чым у часе наступу амэрыканцаў і ангельцаў ува Францыі. Наколькі мне вядома, ў 44-м годзе ў Беларусі ў палон трапіла 600 тысячаў немцаў.

Што да колькасьці загіблых у 1941, то яна была невялікай, паколькі гэты марш быў вельмі хуткім. Аднак зьмены пачалі адбывацца з халадамі, зімой 41-га-42-га гадоў.

Што тычыцца часу акупацыі, то думаю, што страты немцаў не былі вялікімі. Партызаны вялі паляваньне ў асноўным за калябарантамі, якія перайшлі на нямецкі бок”.

***

Як мы ўжо чулі з вуснаў Уладзімера Лемяшонка, пасьля вызваленьня Беларусі ў Чырвоную армію было змабілізавана 600 тысячаў жыхароў рэспублікі. У сувязі з гэтым Барыс Сакалоў гаворыць пра яшчэ адну трагедыю вайну, у якой у адзіны клубок зблыталіся бязьлітаснасьць змаганьня і бязьлітаснасьць савецкай сыстэмы.

(Сакалоў: ) “Тыя, хто не былі ў партызанах, іх лічылі як бы вінаватымі ў тым, што яны жылі пад нямецкай акупацыяй і не змагаліся. Гэтае стаўленьне было ня толькі да беларусаў, але і да ўсіх жыхароў акупаваных тэрыторыяў – у Расеі, на Ўкраіне, у Прыбалтыцы. І іх выкарыстоўвалі асабліва жорстка.

Ім часам давалі адну вінтоўку на 5-10 чалавек і кідалі ў зьнішчальныя лабавыя атакі на непадаўленую абарону праціўніка, часам нават без сур’ёзнай гарматнай падрыхтоўкі. Страты сярод такіх частак былі асабліва вялікія. Акрамя гэтых 600 тысячаў афіцыйных мабілізаваных было, я мяркую, яшчэ некалькі соцень тысячаў, мабілізаваных наўпрост: злучэньне займала нейкую вёску і ўсіх мужчынаў, прыдатных да службы, магла адразу ставіць у шыхт. Паколькі беларусаў асабліва шырока мабілізоўвалі, мяркую, што стратаў сярод іх было больш, чым у сярэднім сярод савецкага насельніцтва”.

***

У сёньняшняй перадачы мы апавялі пра сутыкненьні масаў людзей, пра манэўры арміяў, карпусоў і дывізіяў, пра занятыя і вызваленыя гарады, але кожны салдат, кожны з тых 1 мільёна 300 тысячаў беларусаў, што служылі ў Чырвонай арміі – гэта чалавек, гэта значыць цэлы сьвет са сваімі думкамі і пачуцьцямі, са сваім страхам і сваім параадоленьнем страху, са сваімі спадзяваньнямі і надзеямі. І напрыканцы – слова аднаго з гэтых мільёна трохсот тысячаў, салдата вялікай вайны і вялікай перамогі – Васіля Быкава.

(Быкаў: ) “Адзінае добрае, што зьдзейсьнілі старэйшыя пакаленьні ў ХХ стагодзьдзі, сапраўды была гэтая перамога над нямецкім нацызмам. Ад чаго яна пазбавіла чалавецтва – мы ведам. І тое, можа быць, не падлягае сумневу. Але што зь ёй мы набылі? Можна сказаць, што здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды”.
XS
SM
MD
LG