Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэнецца Лукашэнка з прадпрымальнікамі?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня – трэці дзень агульнанацыянальнага страйку прадпрымальнікаў, якія дамагаюцца адмены падатку на дабаўленую вартасьць на тавары, увезеныя з Расеі. Пратэст суправаджаецца няўплатай падаткаў у бюджэт краіны.

Нагадаем, што 1 сакавіка ў Менску спроба прадпрымальнікаў сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб перадаць патрабаваньні, ня мела посьпеху: АМОН спыніў шэсьце да будынку адміністрацыі прэзыдэнта.

Як паведамілі сёньня некаторыя сродкі масавай інфармацыі, Лукашэнка выказаў намер у бліжэйшыя дні наведаць шэраг рэчавых рынкаў і гандлёвых цэнтраў краіны, каб выслухаць на месцы меркаваньні прадпрымальнікаў пра гэты падатак ды дэталёва разабрацца ў сытуацыі. Але пакуль прадстаўнікі дробнага бізнэсу страйкуюць далей.

Большасьць менскіх гандляроў ня выйшлі на працоўныя месцы і сёньня. На рынках яны правялі сходы, дзе галоўным пытаньнем было: ці працягваць акцыю? У прыватнасьці, такі прадпрымальніцкі сход, у якім бралі удзел каля трох соцень чалавек, адбыўся на рынку “Дынама”:

(Спадарыня Алена: ) “Трэба чакаць”.

(Спадар Аляксандар: ) “Што было прынята на мітынгу на Кастрычніцкай плошчы, таго трэба і прытрымлівацца. Там была большасьць”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Не плаціць”.

(Спадар Андрэй: ) “Спадары прадпрымальнікі! Усе гарады Беларусі “стаяць”: Івацэвічы, Горадня, Баранавічы, Гомель, Берасьце. Учора былі мітынгі–блякавалі гарвыканкамы. Ніхто ня працуе–усе страйкуюць”.

(Спадарыня Ганна: ) “З “Аквабэлу” тэлефанавалі. Там падатковая інспэкцыя шманае усіх запар. Там страх што робіцца”.

Гэты сход, аднак, завяршыць ня удалося. Намесьнік дырэктара рынку “Дынама” Мікалай Білін загадаў яго удзельнікам разысьціся:

(Білін: ) “Хто дазволіў праводзіць мітынг?”

(Спадар Андрэй: ) “Ніхто ня праводзіць мітынг”.

(Спадарыня Алена: ) “Гэта сход”.

(Білін: ) “Ня сход. Зьбірайцеся дзе заўгодна. Толькі не на стадыёне. Мітынг несанкцыянаваны. Разыдзіцеся!”

Ціск на прадпрымальнікаў меў сёньня месца і на іншых сталічных рынках.

У Барысаве 3 сакавіка страйкавалі 95% прадпрымальнікаў рэчавых рынкаў. Пра гэта паведаміў адзін зь лідэраў тутэйшай суполкі грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Мікалай Віторскі:

(Віторскі: ) “Усе рынкі стаяць. Мы сёньня прыйшлі на цэнтральную плошчу. Пазаўчора там было чалавек 100, учора 200, а сёньня было чалавек 300, калі ня больш. Усе занепакоены. І усе гатовыя стаяць”.

Сёньня таксама працягвалі страйкаваць прадпрымальнікі Салігорску, Крупак, Дзяржынску, Беразіна, іншых гарадоў Меншчыны.
XS
SM
MD
LG