Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя прафсаюзы таксама правялі акцыю пратэсту


Галіна Абакунчык, Менск Актывісты Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў зладзілі пікет на знак пратэсту супраць парушэньня правоў прафсаюзаў з боку ўладаў краіны. Яны патрабуюць выкананьня рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы, а таксама спыненьня паўсюднай кантрактызацыі й аднаўленьня на працы сяброў незалежнага прафсаюзнага руху. Арганізатары акцыі заяўляюць, што пратэст прафсаюзаў быў прымеркаваны да страйку прыватных прадпрымальнікаў.

Пікетоўцы выстраіліся ўздоўж тэрыторыі колішняга рынку “Трактар”, зачыненага ўладамі, нібыта, з эстэтычна-санітарных патрэбаў. Многія з удзельнікаў трымалі ў руках прафсаюзныя сьцягі й плякаты з надпісамі: “Хочаш годных заробкаў і жыцьця – патрабуй і змагайся”.

Пра мэту і вынікі акцыі адзін зь яе ўдзельнікаў, старшыня незалежнай прафсаюзнай суполкі ў Воршы Васіль Леўчанкаў выказаўся гэтак.

(Леўчанкаў: ) “Няхай іншыя людзі пабачаць, што ёсьць тыя, хто па-іншаму мысьліць, хто адстойвае свае правы. Калі нічога не рабіць, то зусім будзе дрэнна, тады ўлада адпусьціць усе тармазы.”

Паўдзельнічаць у пікеце ў Менск прыехалі сябры незалежных прафсаюзаў з многіх гарадоў Беларусі. Аднак акцыя пратэсту сталася ўсё ж нешматлюднай. Вось як гэта патлумачыў адзін зь лідэраў прафсаюзнай суполкі наваполацкага “Паліміру” Генадзь Варона:

(Варона: ) “Баяцца многія. Нават тыя, хто маглі прыехаць, не рашыліся гэта зрабіць. Страх – гэта самае галоўнае – баяцца стаць сябрамі прафсаюзаў, баяцца кантрактаў. Вельмі напужаныя, страх у людзей.”

Паводле кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, улады краіны працягваюць парушаць правы незалежных прафсаюзаў і спадзяваньняў на тое, што гэткае становішча зьменіцца няма. Аднак пратэст актывістаў руху арганізаваны яшчэ й у зьвязку са страйкам прадпрымальнікаў на знак салідарнасьці. Гаворыць Аляксандр Ярашук:

(Ярашук: ) “Мы хочам зьвярнуць увагу і на тое, што тое, што ўсе дзейсныя незалежныя інстытуты – ці то прафсаюзы, ці то прадпрымальніцтва трываюць моцны ціск з боку ўладаў і ў гэтым сэнсе нашыя акцыі зьвязаныя між сабой.”

Нагадаем, што рэкамэндацыі Міжнароднай арганізацыі працы ўраду Беларусі грунтуюцца на падставе справаздачы адмысловай камісіі МАП, якая дасьледавала становішча з правамі прафсаюзаў у Беларусі. Гэты дакумэнт утрымлівае 200 старонак тэксту, у ім гаворыцца пра перашкоды ў справе рэгістрацыі незалежных прафсаюзаў, пра нежаданьне ўладаў наладжваць трохбаковае сацыяльнае партнэрства, пра перасьлед лідэраў і актывістаў незалежнага руху. У выніку ўраду Беларусі былі выстаўленыя прапановы выправіць гэткае становішча. Калі да 1 чэрвеня 2005 году гэта ня будзе зроблена, Міжнародная арганізацыя працы пакідае за сабой права ініцыяваць эканамічныя санкцыі супраць Беларусі з боку краінаў Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG