Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баку застрэлены галоўны рэдактар апазыцыйнага часапісу


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Учора ўвечары ў Баку ля дзьвярэй сваёй кватэры невядомым быў застрэлены галоўны рэдактар апазыцыйнага часапісу “Манітор” Эльмар Гусэйнаў. Часопіс выступаў з вострай крытыкай на адрас уладаў Азэрбайджану. Супраць Гусэйнава некалькі разоў заводзілі крымінальныя справы. Паводле рашэньня судоў, часапіс не аднойчы штрафавалі. Адразу ж пасьля забойства прадстаўнік Хэльсынскага камітэту абароны правоў чалавека ў Азэрбайджане Арзул Абдулаева назвала забойства Гусэйнава – “тэрарызмам супраць прэсы”.

Востра крытычная скіраванасьць штотыднёвіка супраць уладаў і асабліва супраць прэзыдэнта Ільхама Аліева дазволіла праваабаронцам і апазыцыйным палітыкам заявіць пра палітычныя матывы забойства. Судовыя працэсы, якія ўлады плянавалі супраць часопісу “Манітор”, сам Гусэйнаў у сьнежні назваў палітычнай замовай.

(Гусэйнаў: ) “Гэта – палітычная замова, таму што два дні таму сьпікер парлямэнту Муртуз Алескераў у сваёй прамове папрасіў, каб урад выказаў сваё стаўленьне да часопіса і прыняў сур’ёзныя захады супраць яго. І ўжо праз два дні суд пачаў шукаць магчымасьці зрабіць “Манітор” банкрутам. Гэта звычайная палітычная акцыя”.

Назіральнікі адзначаюць, што забойства Гусэйнава – з шэрагу шырокай урадавай кампаніі ціску на СМІ і апазыцыю пасьля некарэктных прэзыдэнцкіх выбараў у кастрычніку 2003 году, калі Аліеў зьмяніў на пасадзе свайго бацьку.

Раўф Арыфаглу, лідэр апазыцыйнай партыі “Мусават” і галоўны рэдактар апазыцыйнай газэты, быў арыштаваны адразу пасьля выбараў. У кастрычніку 2004 году ён атрымаў вырак да пяці гадоў турэмнага зьняволеньня за арганізацыю антыўрадавых акцыяў пратэсту. “Камітэт у абарону журналістаў”, які базуецца ў Нью-Ёрку сёньня зьвярнуўся да заходніх урадаў заняць больш прынцыповую пазыцыю супраць падобных дзеяньняў.

Дыяна Арлова, эўрапейскі каардынатар Міжнароднага інстытуту прэсы ў Вене, заявіла, што нежаданьне Захаду націснуць на палітычных лідэраў Азэрбайджану, дазваляе ім працягваць перасьлед незалежных мэдыяў.

(Арлова: ) “Відавочна, тут надавалася значна меней увагі падобным выпадкамі, чым, прыкладам ва Ўкраіне ці Беларусі, дзе таксама нядаўна былі выбары і дзе шмат выказвалася папрокаў уладам за іх пагарду да свабоды прэсы”.

Тым часам, апазыцыя і праваабаронцы ў самім Азэрбайджане патрабуюць ад уладаў як мага хутчэй знайсьці забойцаў Гусэйнава. Лідэр апазыцыйнага Народнага фронту Алі Керымлі заявіў сёньня Радыё Свабода:

(Керымлі: ) “Эльмар Гусэйнаў стаў ахвярай дзяржаўнага тэрору. Гэта ўсім вядома, і ня трэба баяцца пра гэта казаць услых. Мы прымусім улады пакараць злачынцаў, інакш – пойдуць ў адстаўку”.

Керымлі заклікаў палітычныя партыі і праваабарончыя арганізацыі пераўтварыць пахаваньне Гусэйнава ў масавы пратэст. Прадстаўнікі ўладаў са свайго боку пераконваюць грамадзкасьць, што зробяць усё, каб знайсьці забойцу ці забойцаў і аддаць іх пад суд.
XS
SM
MD
LG