Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы чыноўнік міністэрства культуры атрымаў 8 гадоў за гандаль жанчынамі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Суд Партызанскага раёна Менска асудзіў да 8 гадоў зьняволеньня Аляксандра Сямёнава, былога супрацоўніка міністэрства культуры Беларусі. Праз садзейнічаньне Сямёнава ў сэксуальны палон за мяжой маглі патрапіць 20 беларускіх дзяўчат.

Аляксандр Сямёнаў быў намесьнікам начальніка міжнароднай ўправы міністэрства культуры Беларусі . Цяпер ён асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Суд Партызанскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым ў садзейнічаньні гандлю жанчынамі. Як жа адказны чыноўнік мінкульту спрычыніўся да паставак за мяжу жанчын-прастытутак?

Распавядае супрацоўніца рэспубліканскай пракуратуры Антаніна Літвінчук:

(Літвінчук: ) “Сямёнаў праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі выкарыстаў блянкі Дзяржаўнага ансамбля танцаў Беларусі і пячатку Мінкульту, каб падрабіць дакумэнты для 20 маладых асобаў. Яны нібыта прайшлі стажыроўку ў ансамблі, што аблегчала ім атрыманьне візаў. Гэта трэба было для таго, каб іх вывезьці і прадаць у Італіі”.

Разам з Аляксандрам Сямёнавым былі асуджаныя яшчэ тры чалавекі, у тым ліку дзьве жанчыны, якія дапамагалі шукаць кандыдатак для працы ў замежных рэстарацыях і начных клюбах. Большасьць падманутых жанчын думалі, што ім прыйдзецца толькі танцаваць ў гэтых пацяшальных установах.

Пасьля прыезду ў Італію ў іх забіралі пашпарты і прымушалі займацца прастытуцыяй.

Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, штогод з краіны для занятку прастытуцыяй вывозіцца да тысячы жанчын. Іх вязуць ў асноўным у краіны Заходняй Эўропы, Турэччыну і на Блізкі Ўсход. У апошнія гады адзначаецца наплыў беларускіх прастытутак у Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Як лічаць ў недзяржаўных арганізацыях абароны правоў жанчын, у асноўным у рукі гандляроў жанчын штурхаюць сацыяльна-эканамічныя праблемы.
XS
SM
MD
LG