Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ тры FM-станцыі атрымалі папярэджаньні за “недастатковы працэнт беларускай музыкі”


Ігар Карней, Менск Міністэрства інфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні FM-станцыям за недастатковы аб’ём беларускай музыкі ў эфіры. Шэраг пакараных у мінулым месяцы радыёстанцый, сярод якіх “Юністар”, “Новае радыё” і “Хіт-FM”, зараз папоўнілі “Радыё Рокс”, “Пілот-FM” і “Альфа-Радыё”. Пасьля двух такіх папярэджаньняў, атрыманых на працягу году, рэдакцыя можа быць пазбаўленая ліцэнзіі на права вяшчаньня. Адметна, што цяпер прысутнасьць беларускіх музыкаў у эфіры адсочваюць не супрацоўнікі міністэрства, а адмыслова нанятая група маніторынгу Цэнтру сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў Белдзяржуніверсытэту.

Ад пачатку сакавіка маніторынгам беларускага FM-эфіру займаецца Цэнтар сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ. Пра спэцыфіку працы апавядае кіраўнік Цэнтра Давід Ратман.

(Ратман: ) “Увогуле, сытуацыя вельмі цікавая, шчыра вам скажу. Але мы працуем, таму што праца нам патрэбная… Дый справа наша чыста тэхнічная: ідзе запіс, прыкладам, за суткі, ён параўноўваецца з плэй-лістом і на падставе гэтага робіць агульную выснову экспэрт-музыкант…”

І супрацоўнікі радыёстанцый, і самі музыкі кажуць, што працэс стварэньня новых твораў ідзе досыць марудна, а ставіць з дня ў дзень адны і тыя ж фанаграмы надакучыла – слухачы ўсё часьцей скардзяцца, што станцыі імкліва робяцца падобнымі адна на адну.

Да таго ж, застаецца ў сіле негалоснае распараджэньне на абмежаваны доступ да эфіру шэрагу гуртоў (перадусім, беларускамоўных), а поп-выканаўцы ў бальшыні сваёй працоўнай мовай абіраюць расейскую.

Гаворыць лідэр гурту J_Mopc Уладзімер Пугач.

(Пугач: ) “У нас ня так шмат музыкі, якую радыёстанцыі могуць дазволіць сабе зьмясьціць у эфіры. Бо станцыя павінна думаць ня толькі аб паходжаньні музычнага твору, але і аб эстэтычным, культурным узроўні, ня кажучы пра тэхнічныя характарыстыкі гучаньня”.

Зрэшты, ня ўсе радыёстанцыі баяцца рэвізіі ў справе вызначэньня беларускай прысутнасьці ў эфіры. Юрый Базан, праграмны дырэктар “Аўтарадыё”, на хвалях якога разнастайнай беларускай музыкі зараз ці не найбольш, апавёў, што “Аўтарадыё” мэтанакіравана займалася фармаваньнем беларускай фанатэкі задоўга да загадаў міністэрства.

(Базан: ) “Кажучы пра мінулы год, калі паўстала пытаньне разьвіцьця беларускай музычнай культуры, мы цягам году стварылі большую частку фанатэкі. Мы проста гэтым займаліся. Калі хтосьці ня хоча гэтага рабіць, то гэта зусім іншая прычына, бо жаданьне – гэта тысяча магчымасьцяў, а нежаданьне – тысяча прычынаў”.

Ужо шэсьць FM-радыёстанцыяў маюць папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі за тое, што ігнаравалі патрабаваньне насычэньня эфіру на 75% беларускай музыкай. У выпадку двух такіх папярэджаньняў Міністэрства інфармацыі можа пазбавіць станцыю ліцэнзіі на права вяшчаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG