Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень трэці: гарадзенскіх прадпрымальнікаў разагнала міліцыя


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Горадні трэці дзень запар адбываецца акцыя пратэсту прадпрымальнікаў. Дэманстранты часова перакрылі вуліцу побач з аблвыканкамам і патрабавалі сустрэчы са старшынём. Для разгону былі кінутыя міліцэйскія сілы. Прынамсі аднаго чалавека затрымалі. З падрабязнасьцямі наш гарадзенскі карэспандэнт.

Прадпрымальнікі сабраліся сёньня на плошчы Леніна і накіраваліся да гмаху аблвыканкаму, аднак падыходы да яго перакрыў ланцуг міліцыянтаў. Гэта выклікала эмацыйную рэакцыю прадпрымальнікаў, якіх было прыблізна 800 чалавек.

Прадпрымальнікі пачалі выклікаць старшыню аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку, але замест яго на плошчу прыбылі падмацаваныя нарады міліцыі.

Празь некаторы час прадпрымальнікі, не дачакаўшыся прадстаўнікоў улады, перакрылі рух на вуліцы побач з аблвыканкамам. Міліцыянты адразу пачалі перагрупоўваць сілы...

У гэты час адзін з прадпрымальнікаў распавядаў мне, чаму яны трэці дзень запар пратэстуюць.

(Спадар: ) “Кожны нармальны прадпрымальнік разы два езьдзіць у Маскву, трацячы ў сярэднім тысячу даляраў. Палічыце па 18 адсоткаў падатку на даданую вартасьць, атрымліваецца 360 даляраў плюс 100 звычайнага падатку—ужо 460, ну і аплата месца, разам атрымліваецца трэба заплаціць дзяржаве 550 даляраў”.

Вось у гэты момант міліцыянты, стварыўшы моцны “кулак”, пачалі наступ на прадпрымальнікаў. Але часова прадпрымальнікі аказаліся мацнейшымі, міліцэйскія шэрагі сталі распаўзацца. І тады, каб авалодаць сытуацыяй, міліцыянты сталі хорам камандаваць сабе—“Раз! Раз!” і націскаць на натоўп.

У выніку міліцыянты разьбілі натоўп на дзьве часткі і выцесьнілі людзей на тратуары. Міліцыянты высочвалі актыўных прадпрымальнікаў і затрымалі прынамсі аднаго зь іх—Міколу Лемяноўскага.

Пасьля гэтага прадпрымальнікі зноўку вярнуліся на плошчу Леніна. А міліцыянты паміж імі і аблвыканкамам стварылі тры ланцугі, каля двухсот супрацоўнікаў міліцыі. Прадпрымальнікі пабылі на плошчы яшчэ некаторы час і пачалі разыходзіцца.

(c) www.livejournal.com/users/siarjuk

© фотаздымак з www.livejournal.com/users/siarjuk

Гл. таксама • У Горадні затрымалі журналіста, які асьвятляў страйк для сайту “Пагоні”
XS
SM
MD
LG