Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 сакавіка 1067 году адбылася бітва на Нямізе


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 3 сакавіка

Штогод 3 сакавіка ў сьвеце адзначаецца міжнародны Дзень міру для пісьменьніка. Гэта асабліва актуальна для Беларусі, дзе ўлада сёньня вядзе вайну супраць няўгодных ёй пісьменьнікаў, забараняе іхныя кнігі, адбірае іхную маёмасьць, змушае іх да эміграцыі за мяжу.

3 сакавіка 1067 году адбылася знакамітая бітва на рацэ Нямізе паміж войскам Усяслава Чарадзея i злучанымі дружынамі князёў Кіеўскай Pyci. Дзякуючы той бітве ў летапісах упершыню згадваецца Менск. А вось што пра тую далёкую падзею піша гісторык і літаратар Уладзімер Арлоў: “Усяслаў ня мог дазволіць ворагу прарвацца ў глыбіню свае зямлі. 3 сакавіка войскі полацкага князя і Яраславічаў сышліся паблізу спаленага Менску на рацэ Нямізе. Тыдзень пагрозьліва стаялі насупраць адно аднаго ў глыбокім сьнезе, а потым “бисть сеча зла и мнози падешла с обе стороны”. Праз “Слова пра паход Ігаравы” пра тую сечу ведаюць ва ўсім сьвеце. Пераважна з паэтычных радкоў “Слова” і можна сёньня ўявіць бітву: адрывістыя загады ваяводаў, сьмяротныя ўдары дзідаў, звон харалужных мячоў, кіпеньне крыві на здратаваным сьнезе і салодкае забыцьцё параненых, якіх мароз хутка выпраўляў у невараць”.

3 сакавіка 1918 г. быў заключаны Берасьцейскі мір паміж Расеяй і Нямеччынай. Пасьля падпісаньня гэтага дакумэнту беларускія дзеячы пратэставалі супраць фактычнага падзелу тэрыторыі Беларусі паміж Расеяй і Нямеччынай. Паводле Берасьцейскага міру, Расея адмаўлялася ад часткі тэрыторыі Беларусі па лініі Дзьвінск-Сьвянцяны-Ліда-Пружаны-Берасьце. Астатняя частка тэрыторыі Беларусі лічылася расейскай, але заставалася пад нямецкай акупацыяй да моманту выплаты Расіяй Нямеччыне вялікай кантрыбуцыі.

3 сакавіка ў розныя гады пакінулі гэты сьвет клясык беларускай архітэктуры Ян Глаўбіц, кампазытар Мікола Равенскі і драматург Францішак Аляхновіч. Пра сьмерць апошняга віленская мэмуарыстка Галіна Войцік піша: “У пачатку сакавіка 1944 году трагічнае здарэньне ўскалыхнула беларусаў Вільні – забойства Францішка Аляхновіча. 3 сакавіка, увечары, нехта пазваніў у дзьверы кватэры Аляхновіча, ён пайшоў адчыніць, праз хвіліну жонка пачула два стрэлы, а калі прыбегла, дык ужо нікога не было, а Аляхновіч ляжаў мёртвы. Ходзіць шмат меркаваньняў, хто гэта зрабіў: адны гавораць – польская Армія Краёва, другія – савецкія партызаны, трэція – самі немцы. Аднак хто зрабіў гэты тэрарыстычны акт, так і застаецца невядома”.

3 сакавіка 1942 году нарадзіўся касманаўт, выхадзец зь Беларусі Ўладзімер Кавалёнак.
XS
SM
MD
LG